Як найлепш адчуць час, што даўно мінуў, і атмасферу, уласцівую для яго? Несумненна, праз сведчанні людзей, якія жылі, працавалі, гадавалі дзяцей, сутыкаліся з пэўнымі цяжкасцямі і вырашалі праблемы, тыповыя для той эпохі. Летась пабачыла свет кніга выбраных твораў «Крывіцкія руны — ІІІ: Беларускі культурна-асветны мацярык у Латвіі». Гэта ўжо трэці том, прысвечаны беларускай нацыянальнай прысутнасці ў міжваеннай і сучаснай Латвіі.
Трэба заўважыць, што да ўзурпацыі ўлады Карлам Ульманісам у 1934 годзе беларускае жыццё ў Латвіі віравала: акрамя Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі ў краіне існавала Таварыства беларускіх вучыцялёў, налічвалася 49 беларускіх асноўных шасцікласных і чатырохкласных пачатковых школ, дзейнічалі Беларускія настаўніцкія курсы, Таварыства беларускай моладзі, Беларускі народны тэатр, выходзілі часопісы і газеты.
Праз дзённікавыя запісы, ліставанне, успаміны, мастацкія творы, многія з якіх друкуюцца ўпершыню, а іншыя адшуканы на старонках беларускіх перыядычных выданняў міжваеннай Латвіі, Літвы і Беларусі і беларускага паваеннага перыядычнага друку ўкладальнікамі Міхасём Казлоўскім і Сяргеем Панізьнікам чытач трапляе ў асяродак змагання за роднае слова і культуру, за права быць беларусамі і вучыць дзяцей на мове продкаў у краінесуседцы, якая, акрамя пэўнай працягласці мяжы, у сілу гістарычных абставін мае шмат супольнага з нашай. Тэматыка кнігі вельмі разнастайная, і кожны матэрыял заслугоўвае пільнай увагі. Колькі невядомых фактаў аб пакалечаных лёсах, дый аб жыцці славутых дзеячаў на старонках выдання! Расповеды прапушчаны праз прызму чалавечага разумення і спагады...
Адна з найбольш аб’ёмных і змястоўных публікацый — гістарычны нарыс па гісторыі Краславы, горада на паўднёвым усходзе Латвіі на маляўнічым беразе Даўгавы, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, педагога, фалькларыста, этнографа Сяргея Сахарава (1880—1954), ураджэнца Полацка. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, ён займаў пасады кіраўніка Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі (1921—1925), дырэктара Руны памяці, альбо Абсягі беларушчыны ў Латгаліі Дзвінскай беларускай гімназіі (1925—1932) і дырэктара Зілупскай беларускай гімназіі (1942—1944). Збіраў і апрацоўваў беларускі фальклор, пісаў кнігі, выдаваў фальклорныя зборнікі.
Гісторыю Краславы немагчыма распавядаць без згадкі старажытнага арыстакратычнага рода Плятэраў, якія валодалі ёю на працягу каля 200 гадоў. С. Сахараў паказаў уплыў Плятэраў на развіццё культуры і эканомікі гэтага кутка, не абыйшоў увагай і рамантычныя паданні з гісторыі рода. Так, трагічнае каханне адной з дачок Адама Плятэра, Ядвігі (а па іншых звестках Эміліі), і памешчыка (альбо студэнта згодна іншай крыніцы) Іосіфа Карніцкага вартае скласці аснову маштабнага твора мастацтва... З нечаканага ракурсу раскрываюць асаблівасці жыцця прадстаўнікоў роду і іншыя звесткі: «Сваю набожнасць граф Яўгеній перадаў і шасці сёстрам, якія жылі з ім. Ніводная з іх, нібыта з-за рэлігійных перакананняў, не выйшла замуж. ...Калі яны прыходзілі на абед, адна з сясцёр усе стравы змешвала ў адну, каб зусім знішчыць смак і ахвоту да ежы; гэтак жа яны імкнуліся незаўважна для іншых схаваць што-небудзь з абеда і затым аддаць жабракам ля касцёла...» З расповеду, дарэчы, можна зразумець і прычыну заняпаду роду. Трапнай і дасціпнай выглядае характарыстыка прадстаўнікоў роду з вуснаў сялян: «Святы Яўгеній — морду задраў, з кумбульскім панам Міхасём ніяк не згаворышся, а наш пан Густаў усё ведае, усё знае».
Найбольш пра Сяргея Сахарава не толькі як пра службоўца на адказнай пасадзе, але і як грамадзяніна і клапатлівага сем’яніна сведчаць яго дзённікавыя запісы, шчырыя і непасрэдныя. Абставіны, у якіх працаваў С. Сахараў, жыццё яго дзяцей (дзвюх дачок і прыёмнага сына), хвароба жонкі і намаганні аблегчыць яе існаванне, абвінавачанне па даносе як «нацыяналістычнага беларуса» і зняволенне, а пасля адбывання пакарання ў высылцы вяртанне ў Латвію — усё гэта было нагодай для глыбокіх перажыванняў і падрабязных апісанняў. Дзе радасць, а дзе і адчай, спадзяванні, імкненні, унутраныя развагі — тое, што раскрывае асобу С. Сахарава як чалавека, блізкага і зразумелага. Пачынаецца «Дзённік педагога» 1933 годам, заканчваецца за год да смерці, калі ў 1953 годзе С. Сахараў вярнуўся ў Рыгу з высылкі.
«Рэмаркі» да нацыянальнага менталітэту беларусаў робіць поўны душэўнага болю запіс С. Сахарава ад 26 верасня 1940 года, зроблены ў хуткім часе пасля таго, як Латвія ўступіла ў склад СССР: «Беларуская школьная справа мала пасунулася ўперад ад змены кірунку. Новы парадак дае ўсім роўныя правы на школу. Але беларусы, дзякуючы сваёй нацыянальнай несвядомасці і цемнаце, не скарысталіся спрыяючых абставін. Чамусь-то большасць беларускага жыхарства схапілася за расейскую школу, як раней хапалася за латышскую школу, а не за сваю родную школу...
Многа пашкодзіла беларускай справе і тое, што невялічкая беларуская інтэлігенцыя за гады ульманаўскага кіраўніцтва распылілася па розных пасадах, нічым не была звязана ды і не магла звязацца, бо баялася. І зараз, калі трэба было звязацца для культурнай працы, не змагла аб’яднацца».
Некаторыя пазнейшыя ўражанні даследчыка датычаць перыяду Другой сусветнай вайны, пераносяць у акупіраваную гітлераўцамі Рыгу: «Савецкія войскі адступілі. З усяго відаць, што Савецкая ўлада не змагла ўстанавіць прочнай арганізацыі. Так, у Рызе ўсе займаючыя адказныя пасады паўцякалі. Партыйныя камуністы, палітрукі збяжалі.
Мірныя жыхары засталіся і спадзяюцца на мірнае жыццё і працу, а таксама і на той новы парадак, які ўстановяць немцы. Аб’яднанне нацыяналізму і сацыялізму ёсць сярэдні кірунак і больш адпавядае сучаснаму настрою людзей» (1 ліпеня 1941 г.).
Запіс ад 2 красавіка 1942 года пазбаўлены «ружовага туману» дарэмных ілюзій, хаця і на ім прасочваецца пэўны адбітак тагачаснай ідэалогіі: «Вайна не спыняецца, а прымае ўсё больш і больш жорсткія формы: людзі, як звяры, пачулі пах крыві і самі асатанелі. Сутыкнуліся два палітычных кірункі: нацыянал-сацыялізм і камунізм і не жадаюць уступіць адзін другому. Чалавецтва абрачона на голад, выміранне, разарэнне... Ужо зараз не хапае людзям хлеба і самага неабходнага. А што будзе, калі вайна зацягнецца?..»
У лістах Зоі Захаравай, дачкі грамадскага дзеяча і педагога Сымона Маціеўскага (1889—1944), які працаваў у школах Латвіі, да гісторыка і краязнаўцы Міколы Паўловіча згадваецца ў шэрагу іншых асоб, з якімі кантактавала яе сям’я, спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. У той час (1940-я гады) саліст Міланскай оперы, ён выконваў на сцэне Індры, латвійскага мястэчка, оперныя арыі і беларускія народныя песні. Як рамантычны, чуллівы і самотны чалавек тонкай душэўнай арганізацыі паўстае зорка сусветнай велічыні перад чытачом са старонак расповеду 1943 года: «Да нас у інспекцыю часта заходзіў Забэйда-Суміцкі. Тамара, як самая смелая, папрасіла ў яго фатаграфіі, і ён кожнай з нас даў іх. Мне ён напісаў “сімпатычнай”, другой “чароўнай”, а трэцяй знайшоў яшчэ нейкае добрае слова. З намі ён трымаўся вельмі проста. Неяк у панядзелак ён спытаў, як мы правялі нядзелю. Мы сказалі, што хадзілі купацца. Ён сказаў: “Шкада, што я не ведаў, я пайшоў бы з вамі. Мне так надакучылі афіцыйныя сустрэчы!”».
Кранальна напісала пра сябра маладосці паэта Уладзіміра Жылку Людміла Краскоўская, былая вучаніца Віленскай і Дзвінскай беларускіх гімназій. «...Вельмі эмацыянальны, але разам з тым пэўна ішоў да сваёй мэты. Ён горача любіў сваю радзіму — Беларусь, любіў і ідэалізаваў Вільню як беларуска-літоўскі гістарычны цэнтр», — згадвае «Нестар славацкай археалогіі і нумізматыкі», як называлі Л. Краскоўскую.
Вартыя ўвагі і тэксты Аўгена Бартуля (які пісаў пад псеўданімам А. Бужанскі), Кастуся Езавітава, рэпрэсіраванага маладнякоўца Алеся Вайноўскага, К. Лукашэвіча. Яго п’еса «Вясёлыя дні», пераствораная па-беларуску педагогам і чыннай удзельніцай беларускіх тэатральных калектываў у міжваеннай Латвіі Люцыяй Александровіч, асабліва вылучаецца мовай, якая арганічна і шматфарбна захавала каларыт беларускага маўлення тагачаснай Латгаліі.
Выданне будзе цікава ўсім, хто любіць і шануе роднае слова, аматарам гісторыі і культуры свайго народа.