Рэжысёр Аляксей Палуян: «IT – гэта фабрыка XXI стагоддзя. А кіно доўжыцца ўсё жыццё»

Упершыню за гісторыю існавання фестывалю кароткаметражнага кіно ў Клермон-Фэране ўдзел у ім браў беларускі рэжысёр. Ім стаў 29-гадовы Аляксей Палуян са стужкаю «Возера радасці» паводле аднайменнага раману Віктара Марціновіча.

На фестываль прыйшло больш за дзесяць тысяч заявак, з іх для паказу абралі 70. Гэтым разам пераможцам наш суайчыннік не стаў, але выхад у шорт-ліст «Канаў кароткага метру» – чарговая нагода паказаць замежнікам, што беларускае кіно існуе.


01-5-5.jpg


Адразу па вяртанні з фестывалю мы распыталі Аляксея Палуяна пра сам фільм ды акалічнасці ягонага стварэння паміж Беларуссю ды Нямеччынай.

У двух словах: пра што вашае «Возера радасці»?

Фільм заснаваны на гісторыі дзяцінства майго бацькі. Я працаваў над гэтым матэрыялам, калі выйшла кніга «Возера радасці». Сябра мне падарыў гэтую кнігу, і там ёсць эпізод, дзяцінства галоўнай гераіні, Ясі, калі яе маці памірае, а дзяўчынку пры жывым таце аддаюць у інтэрнат. І я напісаў Віктару Марціновічу, сказаў, што хачу падобную сітуацыю адпрацаваць у фільме, працую зараз над сцэнаром, і хачу скарыстацца таксама ягоным матэрыялам. Але вазьму пад лупу толькі адзін гэты эпізод, а не ўсю кнігу.

– Марціновіч сказаў: ок, бяры. Мы дамовіліся, што ў мяне будзе поўная свабода, таму я зрабіў зусім іншы канец. Я ўзяў тое, што галоўная гераіня – дзяўчынка, але перанёс месца дзеяння ў вёску. Усе героі размаўляюць па-беларуску, то бок гэта цалкам беларускамоўнае кіно.

Калі і дзе можна будзе паглядзець фільм?

Пакуль толькі на фестывалях, але напрыканцы года, спадзяюся, зладзім паказ у беларускіх кінатэатрах.

Вы раней былі праграмістам, а пасля паступілі ў Акадэмію мастацтва ў нямецкім горадзе Касэль і заняліся рэжысурай. Як вашыя справы цяпер і чаму вы вырашылі так кардынальна змяніць сваё жыццё?

Гэтае пытанне мне могуць задаць толькі ў Беларусі (смяецца)… Сумна было ў IT, гэта ж непараўнальна – здымаць кіно ды працаваць у IT. Увогуле, IT – гэта фабрыка XXI стагоддзя. Прыйшоў да станка, змену адпрацаваў і пайшоў. А кіно доўжыцца ўсё жыццё.

А чым вы зараз займаецеся?

Я працую над 2 дакументальнымі стужкамі. Абедзве я буду здымаць у Беларусі, здымкі першай пачнуцца ўжо ўвесну. Але тэмаў пакуль раскрываць не магу.

І прадукцыя гэтых фільмаў таксама будзе беларуская?

Я не толькі рэжысёр, я сам яшчэ і прадзюсірую свае фільмы. Такое магчыма з кароткім метрам. А вось даўгі метр – ужо не, бо гэта несур’ёзна і нават ніхто з табой не будзе гутарыць з кінафондаў. Таму не атрымаецца зняць у Беларусі, бо тут няма рынку, няма грошай, прадзюсараў вельмі мала. Я здымаў у Нямеччыне таксама, але працаваць з беларускім матэрыялам мне падабаецца больш. Канечне, калі я пачаў здымаць у Беларусі – гэта іншы нерв, іншая матывацыя.

Чаму?

Бо я больш разумею нашае грамадства і нашыя праблемы. Я жыву ў Нямеччыне сёмы год і толькі крыху разумею, як пабудаванае гэтае грамадства. Я ніколі не змагу казаць пра Нямеччыну так, як пра Беларусь. Мне цікавей і я маю больш матывацыі, каб працаваць над беларускімі тэмамі.

А ў Беларусь вяртацца збіраецеся?

Калі я вярнуся, то перастану здымаць кіно, бо ў нашай краіне няма фінансавання. Я разумею, што адзіны мой шанец – праца з замежнымі прадзюсарамі. Зараз у мяне ёсць нямецкі прадзюсар, з якім мы і будзем здымаць дакументальны фільм. Ён пабачыў тое, што я здымаў раней, у тым ліку ў Беларусі – напрыклад, «Край жанчын», зараз – «Возера радасці». І гэта ўсё на высокім узроўні. Над «Возерам радасці» працавала частка беларускай каманды, якая вельмі прафесійна падыходзіла да сваёй працы. І гэта – таксама паказчык, што ў Беларусі тэхнічна можна здымаць кіно. Але прадзюсараў у нас няма, іх трэба выхоўваць.

Як гэта робіцца?

Так, як робяць гэта сербы, харваты – ездзіць па кінарынках. Іншых шляхоў няма. Дзяржава не будзе нам дапамагаць ды іх выхоўваць. Вось глядзіце, я здымаў «Возера радасці»: палову даў кінафонд Hessen, палову я са сваёй кішэні дастаў. Беларусам, якія наракаюць, што няма фінансавання, я магу сказаць: збірайце грошы, едзьце на кінарынак у Берлін, Ротэрдам, Каны ды шукаць кантакты. Тое ж самае робіць Даша Жук (рэжысёрка фільму «Крышталь». – Belsat.eu) – яна па ўсім свеце грошы шукае. Зараз такі час – любы рэжысёр мусіць быць трошкі прадзюсарам, ён сам мусіць разумець, куды прадаць свой матэрыял.


04-3-6.jpg

Прагляд «Возера радасці» на фестывалі кароткаметражнага кіно ў Клермон-Фэране


Ці ведаюць, у такім выпадку, за мяжой пра беларускае кіно?

Увогуле не ведаюць. Нам не трэба гадаваць ілюзіяў, што беларускае кіно – гэта Сяргей Лазніца, ён не лічыць сябе беларусам. Беларускае кіно ніхто не ведае, можа толькі старых дакументалістаў – Віктара Дашука, напрыклад. Толькі постсавецкія краіны нешта ведаюць, а Еўропа – нічога не чула. Але вось ёсць у нас маладое пакаленне кінематаграфістаў, трэба нешта рабіць з гэтым.

Напрыклад, здымаць за свае грошы ды ездзіць на фестывалі?

У нас столькі тэмаў! Мы зараз знаходзімся ў стадыі, у якой знаходзілася Румынія 20 гадоў таму. Мы таксама ў стадыі вялікага аўтарытарнага рэжыму, але румынскія творцы змаглі перапрацаваць гэтае неаранае поле тэмаў. І зараз румынскае кіно – самая моцная хваля ў Еўропе. Кожны год румынскі фільм – на Канскім фестывалі, а часам нават і па два фільмы. У іх таксама няшмат грошай, яны здымалі ў вельмі сціплых умовах, але ў іх моцная драматургія, моцныя сцэнары. Яны за 5-10 гадоў дайшлі да вельмі крутога ўзроўню. Яны вельмі крытычна паглядзелі на тое, што адбываецца з іх краінай і куды ўсё ідзе.

Але ці можам мы так паглядзець на Беларусь?

Канечне, і справа тут не ў грашах. Трэба беларусам часцей бываць у Еўропе, часцей шукаць пітчынгі, магчымасці, куды свой сцэнар падаць. Ніхто нам проста так не падорыць нічога. У Еўропе і так канкурэнцыі хапае, а тут яшчэ мы едзем. Мы ўвогуле не сексі для іх. Але беларусы ўжо пачалі ездзіць – напрыклад, прадзюсарка і арганізатарка фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская ці рэжысёр Андрэй Куціла. Таму, я думаю, у нас усё будзе добра.

Настасся Храловіч