«Рэальна баяліся за дзяцей». Былыя журналісты тэлеканалу «Белсат» папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША

Відэаапэратар Андрусь Козел падаў дакумэнты, каб атрымаць палітычнае прыстанішча ў ЗША. Калі вырашыцца пытаньне, невядома, — у Штатах карантын. Пра гэта „Радыё Свабода“ расказала ягоная жонка Вольга Чайчыц.


01-9AB13576-4E0E-4CB3-906D-93C8CC8A10C6_cx0_cy11_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Андрусь Козел і Вольга Чайчыц


Баяліся, што забяруць дзяцей і завядуць крымінальную справу

Андрусь і Вольга раней працавалі як апэратар і журналістка на тэлеканале «Белсат», які ня мае акрэдытацыі ў Беларусі.

Сям’я Андруся і Вольгі разам зь дзецьмі паехала ў Амэрыку чатыры месяцы таму па турыстычнай візе. Цяпер яны жывуць у штаце Флорыда. Яны баяцца вяртацца на радзіму праз палітычны перасьлед і падалі дакумэнты, каб атрымаць прыстанішча ў ЗША.

Вольга стварыла канал на Youtube, дзе пачала расказваць пра іхны пераезд.


02-56589D00-E6E2-486D-ADDD-64A64820F95D_w1597_n_r0_st.jpg

Вольга Чайчыц у Беларусі, 2018 год


Беларуска расказала Свабодзе, што ў апошнія гады на іхную сям’ю адбываўся ціск з боку дзяржавы. Абаіх шматразова штрафавалі паводле артыкулу 22.9 КаАП «за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

Вольга мяркуе, што незаконна, бо за гэта мае адказваць СМІ як юрыдычная асоба, а не журналіст. Штрафы ў сярэднім складалі 400-500 эўра.

Як расказвае Вольга, іх з Андрусём рэгулярна затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі або ДАІ з розных прычынаў, калі яны ехалі рабіць матэрыял; падчас масавых акцый, якія яны асьвятлялі.

На парлямэнцкіх выбарах 2018 году міліцыянт выводзіў Андруся Козела з залі, дзе падлічвалі галасы, і разьбіў ягонай галавой дзьверы. Журналісты думалі, што за імі сочаць і праслухоўваюць іхныя тэлефоны.

У 2018 годзе сям’і Козела і Чайчыц прыгразілі забраць дзяцей за нясплочаныя штрафы і шматразовыя суды над імі. Цяпер у іх няма запазычанасьцяў па штрафах.

Да таго ж міліцыянты прыходзілі да суседзяў бацькоў Вольгі, у вёску, дзе раней жыла ейная бабуля, паказвалі фатаздымкі Вольгі і распытвалі пра яе. Дзяўчына расцэньвае гэта як псыхалягічны ціск.

Як расказвае Вольга, у апошні час да яе зьвярталіся шмат людзей з просьбай зрабіць матэрыял, які мог зьняславіць іншых людзей, чыноўнікаў.

«Ціск адбываўся з розных бакоў. Мне здавалася, што мяне могуць раскруціць на такія тэмы, за якія мяне змогуць абвінаваціць у паклёпе», — расказвае Вольга.

Яна баялася, што ўлады могуць знайсьці падставу, каб завесьці на яе крымінальную справу і пасадзіць. Яна перажывала найперш за тое, што стане пасьля гэтага зь іхнымі дзецьмі.


«Ушчамляюць людзей, якія хочуць зьмяняць Беларусь да лепшага»

Вольга выходзіць на відэасувязь заплаканая. Яна толькі што перад гэтым апублікавала відэа пра іхны пераезд, сябры сталі пісаць словы падтрымкі і расчулілі яе.

Колькі ім чакаць рашэньня, невядома. Карантын у ЗША абвешчаны на нявызначаны тэрмін. Цяпер закрытыя амаль усе офісы. Беларусы нават ня здолелі зрабіць актуальныя фатаздымкі для дакумэнтаў. У іх прынялі паперы, цяпер яны чакаюць гутаркі, дзе вырашыцца іхнае пытаньне.

Калі на гутарцы адмовяць у прытулку, можна абскарджваць гэтае рашэньне праз суд.

Калі яны атрымаюць палітычнае прыстанішча, то ўжо ня змогуць вярнуцца ў Беларусь.

Андрусь Козел ня першы журналіст, які просіць палітычнага прыстанішча за мяжой. Ягоны калега Аляксей Дзікавіцкі атрымаў статус палітычнага ўцекача ў Варшаве ў 2001 годзе. У розныя часы па прытулак зьвярталіся беларускія журналісты Ўладзімер Лапцэвіч, Мікалай Паседзька, Вольга Класкоўская, Андрэй Шантаровіч, Вольга Бірукова.

«Я б вельмі хацела, каб гэтага не адбывалася. Я сама доўгі час верыла, што застануся працаваць у Беларусі, — кажа Вольга, стрымліваючы сьлёзы. — Ціск можа быць моцны...

Я б хацела, каб усе, хто хоча рабіць Беларусь лепшай, былі ў Беларусі. Праблема Беларусі ў тым, што ўшчамляюць людзей, якія хочуць зьмяняць Беларусь да лепшага. Гэта проста трагедыя нашай краіны. Я б не хацела, каб гэтая трагедыя ўвесь час паўтаралася».

Яна кажа, што працавала журналісткай у Беларусі, бо хацела зьмяняць краіну да лепшага. У ЗША займацца тым жа не плянуе. Да таго ж, на ейную думку, доўгі час спатрэбіцца, каб пачаць добра разьбірацца ў гісторыі, культуры, грамадзкіх працэсах ЗША. Чым яна і Андрусь будуць займацца ў будучыні, яна ня ведае.


Цяжка было зьняць дом і навучыцца размаўляць па-расейску

У ЗША сям’я Козела і Чайчыц сутыкнулася зь некалькімі цяжкасьцямі. Няпроста зьняць дом, калі няма працы. Складанасьцю стаў карантын.

«Мы сядзім цяпер дома. Ніхто ні з кім не кантактуе. У выніку такая ізаляцыя, зусім», — кажа суразмоўца.

Да таго ж у Штатах Вользе давялося вучыць нанова расейскую мову, бо ў Беларусі яна размаўляла па-беларуску. У Амэрыцы іх камунікацыя ідзе ці па-ангельску, ці па-расейску. Свой новы Youtube-канал яна вядзе на расейскай мове, каб была большая аўдыторыя гледачоў, каб пазьней манэтызаваць яго.


Падчас карантыну ў Флорыдзе можна выходзіць толькі недалёка ад дому

Старэйшы сын Ян цяпер ходзіць у англамоўную школу і паволі адаптуецца. Ужо вядома, што праз карантын дзеці да канца году будуць вучыцца дыстанцыйна.

Трапіць у школу не было перашкоды — усе дзеці, «незалежна ні ад чога» маюць права бясплатна вучыцца ў школе. Патрэбны былі толькі канкрэтныя мэдычныя прышчэпкі, якія хлопцу зрабілі бясплатна.

Малодшая дачка Вера ня ходзіць у садок ня толькі з прычыны карантыну, але і таму, што ён каштуе 700-1000 даляраў. Цяпер на гэта няма грошай.

Зьняць дом у Флорыдзе каштуе 2 тысячы даляраў. На ежу сям’я траціць 300-400 даляраў на месяц.


Амэрыканскія мэдыя ўсё часьцей пішуць пра Беларусь

У Флорыдзе маскі на вуліцы пакуль неабавязковыя. Але ўсе мусяць заставацца дома. Закрытыя рэстарацыі, кавярні, многія ўстановы. Выходзіць можна толькі недалёка ад хаты: у краму, аптэку або на жыцьцёва неабходную працу. На вуліцах людзі трымаюцца дыстанцыі.

«Нам пашанцавала, што побач з домам шмат усяго кляснага. Калі мы зь дзецьмі ходзім на прагулкі, то кракадзілаў разглядаем, цікавых птушак», — расказвае беларуска.

Яна кажа, што дзяржава адразу патлумачыла жыхарам, наколькі цяпер небясьпечная сытуацыя. Мэдыя адкрыта падаюць інфармацыю пра колькасьць захварэлых, памерлых з каранавірусам ня толькі па штатах і гарадах, але і па ўстановах: прыкладам, колькі чалавек хварэе ў канкрэтным доме састарэлых.

Адначасна Вольга абураецца сытуацыяй з каранавірусам і адсутнасьцю карантыну ў Беларусі.

Па ейных словах, усё часьцей амэрыканскія мэдыя пішуць пра Беларусь.

«Раней тут пра Беларусь увогуле ніхто ня ведаў, — кажа Вольга. — Цяпер пра яе расказваюць у нэгатыўным рэчышчы: гісторыі пра трактары, пра тое, што прэзыдэнт Беларусі заклікае людзей лячыцца гарэлкай. Вось гэта ідзе ў мясцовых СМІ. Усе гэтыя жахлівыя парады расказваюцца цяпер. Мне, вядома, крыўдна, што пра маю краіну становіцца вядома ў такім кантэксьце».

ТТ, svaboda.org