Раман Абрамчук: Спадзяюся, што ўсе мы калісьці вернемся на Радзіму

Сонграйтэр і экскурсавод Раман Абрамчук адчуў асабістую небяспеку ў Менску і з’ехаў у Варшаву.

Сям’я засталася ў Беларусі, зараз музыка шукае працу ў медыйнай сферы і не хоча лічыць сябе эмігрантам.

У кастрычніку яго затрымалі, ён адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. І калі ў лістападзе выйшаў на волю, то сказаў, што “калі ў Беларусі ўсё будзе пераўтварацца ў Паўночную Карэю, я з’еду. Калі будзе магчымасць застацца і нешта рабіць для пашырэння рамак свабоды, то застануся”.

РР: Тое, што ты вырашыў пакінуць Менск, сведчыць, што на Радзіме зараз “Паўночная Карэя” і немагчыма нічога добрага рабіць?

Раман Абрамчук: Насамрэч, я адчуў персанальную небяспеку для сябе. І па гэтай прычыне з’ехаў. Хмары згушчаліся ўжо даўно, прызнаюся шчыра. А што стала апошняй кропляй, я б не хацеў казаць.

РР: Як ты перасёк мяжу, гэта ж таксама зараз праблема?

Раман Абрамчук:  Я не адразу апынуўся тут. Спачатку я быў у Кіеве. Я прыглядзеўся да беларусаў, да ўкраінцаў. На сам горад, які я шмат гадоў не бачыў. Мне ён спадабаўся, нягледзячы на сапраўды шматлікія праблемы. Але ўсё ж рашэнне было прынятае ехаць на Захад, дзе я пакуль што і атабарыўся. Не ведаю ці надоўга, праўда.

РР: Ты не называеш гэта эміграцыяй?

Раман Абрамчук: Не, ні ў якім разе! Усё ж я вельмі спадзяюся, што ўсё гэта часова. Што гэта прыгода, якую трэба перажыць. І ўсе мы калісьці вернемся на Радзіму, абдымемся і ўсё будзе добра.

РР: Перасёкшы мяжу, ты адчуваеш, што можаш дыхаць вальней, ці ўсё роўна галавою і сэрцам  застаешся ў беларускіх падзеях?

Раман Абрамчук: Застаюся ў іх галавой і сэрцам. Кожны дзень сачу за падзеямі і перажываю вельмі моцна. І разам з тым, так, нейкі стрэс зняўся. Вось гэты страх, што прыйдуць па цябе, ён сышоў. Але  з’явіліся многія іншыя клопаты. Таму сказаць, што памяняў штосьці дрэннае на штосьці добрае, не магу. Скажам, штосьці дрэннае на штосьці менш горшае.

РР: Распавядзі пра самыя жахлівыя і самыя радасныя ўспаміны за час паслявыбарчых пратэстаў.

Раман Абрамчук: Самыя жахлівыя, бадай, звязаныя з затрыманнем, з сядзеннем у карцары, са збіццём невядомымі людзьмі. А радасць, вядома ж, калі бачыў увесь гэты феерверк артыстычных выступаў, мастацкіх перформансаў, сапраўдны карнавал, якога не было, бадай, нідзе на планеце, і ці яшчэ будзе. Ну, канешне ж, будзе, калі мы пераможам.

У Варшаве Раман Абрамчук працягвае займацца музыкай і прэзентаваў на хвалях нашага радыё новы трэк пад назвай «Фэст».

Стась Дадэрка, „Беларускае Радыё Рацыя“