Рада БНР узяла ўдзел у Пахаваньні паўстанцаў 1863-1864 гг. у Вільні

22 лістапада кіраўніцтва Рады Беларускае Народнае Рэспублікі па афіцыйным запрашэньні літоўскага боку ўзяло ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі пахаваньня паўстанцаў 1863-1863 гадоў у Вільні.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, Першы заступнік Старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і Заступнік Старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў прысутнічалі на ўрачыстым набажэнстве ў Віленскай катэдры разам з Прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, Прэзыдэнтам Літоўскай Рэспублікі Гінтасам Наўседам і іншымі прадстаўнікамі дзяржаўнага кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі, Польшчы і Рэспублікі Беларусь.


02-2019-Ivonka-Survilla-Paustancy1863-1024x569.jpg

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла зьвярнулася да грамадзкасьці ў этэры тэлеканала “Белсат”. Падаем тэкст звароту:

Шаноўныя суродзічы-беларусы,

Дарагія нашыя польскія і літоўскія суседзі і сябры.

Сёньня мы сьведкі вялікай гістарычнай падзеі. Нарэшце героі нашых трох народаў, паўстанцы, якія аддалі сваё жыцьці за нашу і вашу свабоду, знойдуць свой спачын.

Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі сталі натхняльнікамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Каліноўскі стаў сымбалем барацьбы беларускага народу за вольнасьць, за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. “Каго любіш? Люблю Беларусь” – гэты пароль выкарыстоўвалі паўстанцы Каліноўскага. Гэты пароль нібы даў штуршок да нараджэньня нашай сучаснай нацыі і застаецца нашым паролем, нашым дэвізам па сёньня.

Вялікі гонар для нас быць сьведкамі доўгачаканага ганаровага пахаваньня гэтых людзей. Вялікі гонар – пакланіцца ім і ўшанаваць іхную памяць.

Героі-паўстанцы яднаюць нашыя тры народы: беларускі, літоўскі, польскі. Многія зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Усе яны былі патрыётамі нашай супольнай гістарычнай айчыны, старадаўняй Літвы. І спачын яны знайшлі ў горадзе, які гэтаксама зьяўляецца сваім і для беларусаў, і для літоўцаў, і для палякаў: у Вільні.

Барацьба, якую вялі паўстанцы, праз 55 гадоў пасьля іхнае гераічнае сьмерці прывяла да абвяшчэньня незалежных Беларускай Народнай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі і Польшчы.

Змаганьне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў служыць нам моцным прыкладам. Нават забіўшы цела, ворагі ня здолелі забіць дух нашай вызвольнай барацьбы. І празь дзесяцігодзьдзі нашыя народы перамаглі, бо кіравала імі прага да Волі і Свабоды.

Незалежнасьць Беларусі сёньня зноў пад пагрозай. Але зь верай у нашую праўду, якую так часта ўспамінае ў сваіх артыкулах Кастусь Каліноўскі, мы пераможам. Беларусь будзе вольнай дэмакратычнай краінай, як нашыя сяброўскія Польшча і Літоўская Рэспубліка, з кім мы разам у сёньняшні ўрачысты дзень.

Вечная памяць і слава нашым героям!

Сьпіс паўстанцаў, пахаваных 23 лістапада 2019 г. у капліцы на могілках Росы:

Ян Бянькоўскі
Ціт Далеўскі
Мечыслаў Дарманоўскі
Ігнат Здановіч
Раймунд Зямацкі
Баляслаў Колышка
Альбэрт Лясковіч
Юльян Лясьнеўскі
Генрык Макавецкі
Ян Марчэўскі
Уладзіслаў Нікаляй
Аляксандар Раўкоўскі
Язэп (Юзаф) Раўкоўскі
Караль Сіповіч
Казімер Сычук
Эдвард Чаплінскі
Якуб Чэхан
Язэп (Юзаф) Яблонскі

а таксама

Зыгмунт Серакоўскі
і Канстанты Вінцэнт (Кастусь) Каліноўскі

radabnr.org