«Прыходзьце ў царкву, прыходзьце ў царкву!» Беларускі Вялікдзень у Амерыцы

У амерыканскім горадзе Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) амаль семдзясят гадоў існуе царква імя св. Еўфрасінні Полацкай у юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата. Адна з самых людных падзеяў у жыцці прыхаджанаў — асвячэнне пасхальнай ежы — адбываецца перад Вялікаднем пад вечар у суботу.

З усіх канцоў ваколіцы з'язджаюцца людзі з кошыкамі, у якіх каляровыя яйкі, бабкі, каўбасы ды іншае смакоцце, а ў сяго-таго і пляшкі з віном. Пры добрым надвор’і ўрачыстасць асвячэння адбываецца на траўніку каля царквы, а ў дажджлівы ці халодны дзень — у вялікай зале Беларускага грамадскага цэнтра, што пры самай царкве.

Дзесяцігоддзі існавання прыходу св. Еўфрасінні не змянілі гэтай традыцыі: тая самая малітва, тая самая свянцоная вада, тыя самыя кошыкі, прыкрытыя вышыванымі рушнічкамі.

Але адбываліся і змены: мяняліся святары, змяніўся і зменшыўся склад царкоўнага хору. Ды найбольш драматычная змена адбылася ў людзях, у натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці асвячэння ежы. Удзельнічаюць у ёй цяпер найбольш імігранты так званай апошняй хвалі, гэта значыць былыя савецкія грамадзяне. Для гэтых людзей царкоўнае жыццё ў бальшыні выпадкаў зводзіцца толькі да прысутнасці на той ці іншай важнай рэлігійнай цырымоніі.

Ведаючы гэта, настаяцель прыходу а. Канстанцін пасля асвячэння ежы заклікаў прысутных: «Прыходзьце ў царкву! Прыходзьце ў царкву!»

Але, як паказвае дасюлешняя рэчаіснасць, гэты заклік быў пакуль што голасам у пустэльні. Людзі да яго не прыслухоўваюцца і проста знікаюць без ніякага рэха. Да наступнага Вялікадня.

Тым не менш, сам факт, што гэтым разам на традыцыйную багаслужбу ў мінулую суботу прыбыло ўдзельнікаў у тры-чатыры разы больш, чым штонядзельных малельнікаў у царкве, мацуе надзею на трывалы працяг існавання саўтрыверскай царквы св. Еўфрасінні Полацкай.

Янка Запруднік, “Наша Ніва”