Ці можна адвучыцца ў БДУ і праз год ужо працаваць міжнародным юрыстам у Лондане? Чаму ангельцы пачынаюць кар’еру не ў Лондане, а ў Дубаі? Што важнейшае – веданне мовы ці паходжанне?
Паўлу Шаўцову цяпер 45 гадоў і ён працуе міжнародным юрыстам у брытанскай фірме. Нарадзіўся ён у Гомелі, скончыў юрыдычны факультэт БДУ у 1995 годзе і вырашыў шукаць долі на Захадзе: “Свет паглядзець і сябе паказаць”. З таго часу ўжо амаль 25 гадоў жыве і працуе ў Лондане.
“Хто гуляў, хто рабіў бізнес, а я падцягваў мову…”
У 1990-я была неразбярыха, кожны шукаў, “як ухапіць долю за хвост”. На юрыдычным не было багата вучобы, таму нехта паралельна займаўся бізнесам, нехта гуляў, а я вырашыў падцягнуць ангельскую – хадзіў на вячэрнія курсы. Мову вучыў яшчэ ў школе, але там хіба пра Леніна па-ангельску распавядалі… і ўсё! Давялося падцягваць.
Мяне цікавілі магчымасці прафесійнага росту. Гэта ж цяпер ёсць і фірмы юрыдычныя ў Беларусі, і пэўная стабільнасць, а тады няясна было, што і куды пойдзе. Ніхто не ведаў, што будзе праз 5 гадоў нават, а мне хацелася нейкай акрэсленасці. Вось і паехаў.
Ангельскае права: “ні нашым ні вашым”
У Вялікабрытаніі давялося перавучвацца, падцягваць мову. Але паводле іх сістэмы, калі ўжо знаходзіш кантракт, то цябе чакаюць, пакуль перавучышся. Ангельскае права, якім я заняўся, папулярнае ў сферы міжнародных кантрактаў. Напрыклад, кантракт паміж Расіяй і Кітаем праходзіць не па расійскім ці кітайскім праве, але па ангельскім: “ні нашым ні вашым”. Таму ангельскія юрысты могуць працаваць і ў Ганконгу, і ў Маскве, па ўсім свеце.
Калі ў Маскве ты працуеш як расійскі юрыст – гэта адно, калі як ангельскі – зусім іншы ўзровень, іншыя грошы, перспектывы. Я трапіў у групу, якая базавалася ў Лондане, таму пераязджаць на іншае месца не было асаблівай нагоды, хоць па свеце паездзіў нямала. Першапачаткова ж хацеў у Нью-Ёрк.
Ангельцы пачынаюць кар’еру не ў Лондане, а ў Маскве ці Дубаі
Ангельцы пасля атрымання адукацыі часцяком з’язджаюць, бо ў Лондане вялікая канкурэнцыя. Нашмат лягчэй пачаць кар’еру ў тым жа Дубаі ці Маскве. Сёння гэта ўжо звычайная практыка міжнародных кампаніяў. Таму самаму Google, які мае сярод супрацоўнікаў і юрыстаў па ўсім свеце, не прынцыпова, каб яны сядзелі ў Каліфорніі ці Вашынгтоне. Большасць маіх кліентаў, напрыклад, расцярушаная па ўсім свеце.
“Неблагі заробак, але ты яшчэ вучань…”
Спачатку цябе вучаць, трэніруюць – гэта павольны ўваход у прафесію, які займае пару гадоў. Табе ўжо плацяць неблагі заробак, але сам ты лічышся яшчэ не юрыстам, а вучнем юрыста. Я прайшоў праз усё гэта. Было лягчэй, бо быў на пару гадоў старэйшы за мясцовых юрыстаў. Юрыспрудэнцыя – гэта ж не толькі тэорыя, але і жыццёвы вопыт, разуменне людзей.
“Усім усё роўна, скуль ты”
Некалі я паехаў на кірмаш вакансіяў тут, у Вялікабрытаніі. Сустрэўся з банкірам, кажу яму: “Я з Беларусі”. Ён глядзіць на мяне і кажа: “А я з Масачусэтса”. Трохі разгубіўся, перапытваю: “А гэта плюс ці мінус, што з Беларусі?..” Ён усміхнуўся і патлумачыў, што гэта ні на што не ўплывае, бо галоўнае – прафесійныя якасці. Усім усё роўна, скуль ты, але важна, што і як ты робіш.
У Царкве Св. Кірылы Тураўскага, Лондан, кастрычнік 2017 год.
Ангельцы зазвычай не вучаць замежных моваў
Ангельская мова, і пісьмовая, і вусная, мае быць выдатнай. Асабліва, калі ты юрыст. Уявіце, што ў Беларусі юрыст па-руску ці па-беларуску піша з памылкамі. Вы будзеце яму давяраць?.. Так і тут. А тое, што ты не карэнны ангелец, прыехаў і вывучыў мову – гэта ж плюс. Значыць, маеш дадатковы жыццёвы досвед.
Самі ангельцы нячаста ведаюць замежныя мовы. А навошта ім? Напрыклад, калі ты эстонец, то цябе па-эстонску зразумее менш за мільён чалавек. Калі ж ты ангелец – цябе і так разумее ўвесь свет. Паўсюдна ў прафесійных колах юрыстаў і бізнесоўцаў веданне ангельскай – норма. Я маю калегаў-ангельцаў, якія не ведаюць ніякіх замежных моваў, і іх прафесійнаму росту гэта ніяк не пашкодзіла.
Беларусы – юрыстамі, палякі – сантэхнікамі…
У Лондане працуе шмат міжнародных юрыстаў з Аўстраліі або Новай Зеландыі. Тамтэйшыя ВНУ іх многа выпускаюць, але ў краінах не хапае месцаў – то яны і едуць сюды. Французы, немцы – усе ёсць. Беларусы таксама. У кожнай вялікай фірме, банку, фондзе ёсць беларусы: юрысты, банкіры, праграмісты, бухгалтары. Цікава, што тыя ж палякі сюды едуць зазвычай будаўнікамі ці сантэхнікамі, юрыстамі яны ў Варшаве працуюць.
“Законы эканомікі паўсюдна аднолькавыя”
У побытавым праве ці не галоўная розніца паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю – прыватная ўласнасць на зямлю, нерухомасць. Гістарычна так склалася: людзі тут жывуць у сваіх дамах, прадаюць, купляюць, пераафармляюць – і гэта фармуе іншую свядомасць. Заканадаўства і ў Беларусі неблагое, хоць магло быць лепшым. Зрэшты, у любой краіне Вам скажуць: “Магло быць і лепш”. Права ж проста афармляе натуральныя законы эканомікі, якія паўсюдна аднолькавыя – як і законы фізікі.
“Ангелец можа на год паехаць у Аўстралію – пагуляць”
Зацыкленасць заходнікаў на кар’еры – гэта міф. Ангельцы могуць на год паехаць у Аўстралію – проста пагуляць, паглядзець свет. Гэта не будзе фатальным для іх прафесійнага росту. Юрыст можа перавучыцца і стаць настаўнікам ці пайсці ў “хуткую дапамогу”, калі яму гэта бліжэй да сэрца. Нават калі згубіць дзве траціны заробку. Каб сэканоміць, напрыклад, пераедзе з Лондана і набудзе сабе таннейшы дом. Я ведаю і такія выпадкі.
У Беларусі ж кар’ера і праца – гэта занадта часта пытанні выжывання, адсюль і напружанасць. Я вось так не мог на год паехаць у Аўстралію “пагуляць”, бо хацеў, каб кожны год нешта мне дадаваў. Яны ж могуць. Зразумела, і тут ёсць розныя тыпы людзей. Асабліва ў Лондане, сусветным фінансавым цэнтры.
Павел Шаўцоў на працоўным месцы ў Лондане
“Як можна грошы са сцяны даставаць?”
У 1990-я на матэрыяльным і побытавым узроўні была неймаверная розніца паміж Беларуссю і Захадам. Напрыклад, мая маці, калі сюды прыехала ўпершыню, здзіўлялася: “Як можна грошы са сцяны даставаць?” – у Беларусі ж не было банкаўскіх картак, адно наяўныя. Цяпер тая ж камп’ютарная падрыхтоўка ў Беларусі нашмат лепшая, хоць у 1990-я нашы землякі толькі пачыналі дазнавацца, што такое камп’ютар.
Пакаленне 90-х, “пакаленне перабудовы”, больш цікавілася палітыкай, беларушчынай. Мабыць, беларусы прачынаюцца пасля вялікіх узрушэнняў: Першая сусветная, Другая сусветная, развал СССР… А ў астатні час беларус жыве сваім жыццём, цікавіцца толькі сабою. Апошнія гадоў 15, як мне бачыцца, беларусы жывуць як у “брэжнеўскія часы”, стабільна і без пераломаў. Па тых, хто едзе сюды з Беларусі цяпер, гэта таксама бачна – яны прагматыкі.
“З’ездзіць у Беларусь добра, жыць – нецікава”
Вядома, я сачу за навінамі з Беларусі. Сеціва ж ёсць. Часам даведваюся пра нешта хутчэй, чым бацькі ў Гомелі – пасля ім распавядаю, што там дзе зрабілі ці збудавалі, яны здзіўляюцца. Заўсёды добра з’ездзіць у Беларусь, але жыць – не. Проста нецікава, і ў плане палітычнага жыцця, і ў плане беларускага. Разам з тым, нягледзячы на спрэчкі пра кіраўніка, шлях развіцця ці сцяг, беларусы паўсталі як нацыя. Разрухі няма, а з незалежнасці, як у 1990-я, ніхто ўжо не смяецца. І гэта прагрэс.
Падчас беларускага купалля, Лондан, 2016
“Іншы ўзровень і магчымасці. Яно таго вартае!”
Што параіць беларусам, якія хочуць у Вялікабрытанію? Калі коратка – вам спатрэбяцца веды і мова. Ну і калі ёсць здольнасць пераключацца – будзе прасцей. Думайце стратэгічна, нават калі вы папрацуеце і пажывяце тут нейкі час ды вернецеся ў Беларусь – гэта не будзе параза. Вы вернецеся з іншым кругаглядам, досведам, сувязямі па ўсім свеце – нават у Беларусі гэта будзе жыццё на іншым узроўні, з іншымі магчымасцямі, праўда. Яно таго вартае!
Алесь Кіркевіч, budzma.by,
фота з асабістага архіву Паўла Шаўцова