Партрэт Аляксандра Ваўкавыцкага вярнуўся ў пачатковую школу ў Нараўцы

Партрэт заснавальніка беларускага школьніцтва і шматгадовага патрона пачатковай школы ў Нараўцы вярнуўся на пачэснае месца ў гістарычную залу гэтай школы, паведаміла настаўніца беларускай мовы Ганна Кандрацюк.

Год таму, калі ўлады Нараўкі вырашылі адмовіцца ад патрона Аляксандра Ваўкавыцкага, недзе прапаў і ягоны партрэт:

– Гэта вышэйшыя ўлады вырашылі. Нейкі час партрэт быў недзе схаваны, калі гэтую праблему паднялі на педагагічнай радзе. Гэта частка гісторыі нашай школы. Ён павінен вярнуцца на пачэснае месца. І партрэт і інфармацыю пра Ваўкавыцкага зноў павесілі каля партрэта патрона школы Тамары Саланевіч.

Некалькі гадоў ішлі націскі на дырэкцыю школы і ўлады Нараўкі, каб памяняць патрона школы, беспадстаўна абвінавачваючы Аляксандра Ваўкавыцкага ў супрацы з фашыстамі ці НКВД. Гаворыць прафесар Алег Латышонак:

– Абсалютна не апраўдаліся ніякія дакоры ў бок гэтай асобы. Аляксандр Ваўкавыцкі не быў ані ніякім калабарантам, ані ворагам Польшчы, не выдаў Інкі, як цяпер гаворыцца, ні маці Інкі, як гаварылася, застаецца толькі тое, што яму абяцалі расплату, што ён не прыбраў беларускай мовы як прадмету ў нараўчанскай школе. Заплаціў за гэта жыццём.

Улады Нараўкі вырашылі адмовіцца не толькі ад патрона школы, але таксама перайменавалі вуліцу Аляксандра Ваўкавыкага, а помнік, які стаяў ў цэнтры Нараўкі, і дзе было прозвішча Ваўкавыцкага адноўлены, аднак цяпер ён прысвечаны ахвярам фашызму.

Нагадаем, што заснавальнік беларускага школьніцтва ў Нараўцы Аляксандр Ваўкавыцкі быў расстраляны 17 красавіка 1945 году па загаду маёра Зыгмунта Шэндзеляжа псеўданім Лупашка.

Валя Лаеўская, “Беларускае Радыё Рацыя”