Памёр легендарны галівудзкі актор Кірк Дуглас, сын эмігрантаў зь Беларусі

Амэрыканскі актор Майкл Дуглас паведаміў пра сьмерць свайго бацькі, актора Кірка Дугласа.

Кірк Дуглас памёр 6 лютага ва ўзросьце 103 гады.

«Для сьвету ён быў легендай, акторам з залатога веку фільмаў, які добра дажыў да сваіх залатых гадоў; гуманістам, чыя прыхільнасьць да справядлівасьці і чые ідэалы далі нам прыклад», — піша пра бацьку Майкл Дуглас.

Кірк Дуглас нарадзіўся 9 сьнежня 1916 году ў амэрыканскім горадзе Амстэрдаме (штат Нью-Ёрк) у габрэйскай сям’і, якая эмігравала з Чавусаў (у той час — Магілёўская губэрня Расейскай імпэрыі, цяпер — Магілёўская вобласьць Беларусі). Яго першым імем было Ісур (Ізя) Даніловіч, пазьней бацькі ўзялі прозьвішча Дземскі.

Пасьля каледжу Ізя паступіў у Амэрыканскую акадэмію драматычных мастацтваў і атрымаў стыпэндыю. Там яму прапанавалі зьмяніць імя, каб кар’ера ішла лягчэй. З пачаткам Другой сусьветнай вайны Кірк Дуглас імкнуўся трапіць на фронт і дамогся, каб яго ўзялі на флёт, нягледзячы на праблемы са здароўем.

Па вяртаньні з вайны — яго камісавалі з прычыны дызэнтэрыі — ён заняўся акторскай кар’ерай: іграў у тэатры, тэлерэкляме, гучаў у радыёперадачах. Дэбютаваў на вялікім экране ў фільме «Дзіўнае каханьне Марты Айвэрс» (The Strange Love of Martha Ivers, 1946).


02-0FD12EE1-B44F-44A9-A79B-682BB65AE253_w1597_n_r0_st.jpg

Кірк Дуглас, 1970 год


За паўстагодзьдзя кінакар’еры Кірк Дуглас зьняўся ў 90 фільмах. Быў намінаваны на «Оскар» за фільмы «Чэмпіён» (Champion, 1949), «Злыя і прыгожыя» (The Bad and the Beautiful, 1952) і «Прага жыцьця» (Lust for Life, 1956), за апошні атрымаў «Залаты глёбус». Толькі ў 1996 годзе атрымаў ганаровы «Оскар» «за творчыя і маральныя высілкі ў кінэматаграфічнай супольнасьці» (затое ягоны сын Майк мае ўжо два «Оскары»).

У ліку фільмаў, дзе здымаўся Кірк Дуглас, таксама папулярныя «Туз у рукаве» (Ace in the Hole, 1951), «Сьцежкі славы» (Paths of Glory, 1957), «Спартак» (Spartacus, 1960)​, «Адзіночкі сьмелыя» (Lonely Are the Brave, 1962​).

Кірк Дуглас быў вядомы ня толькі як актор, але і як філянтроп. Быў таксама паслом добрай волі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

svaboda.org