Памёр Аўген Груша

11 жніўня на 85-м годзе жыцця памёр беларускі грамадскі дзеяч у Аўстраліі Аўген Груша.


01-grusza190812-rnoa0.jpg

Сям'я Аўгена і Надзеі Грушаў. Мельбурн, 1972 г.


Гэта быў вельмі аптымістычны, жыццярадасны чалавек. Ён на 20 гадоў перажыў сваю жонку Надзею. Выгадаваў трох дзяцей і амаль да апошніх гадоў заставаўся актыўным у беларускай грамадзе Аўстраліі.

Аўген Груша нарадзіўся ў 1935 годзе ў Морачы (сёння Клецкі раён). Падчас Другой сусветнай вайны разам з бацькамі апынуўся ў Нямеччыне. У 1949-м Грушы пераехалі ў Аўстралію. Жыў у Мельбурне. Браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Быў актыўным удзельнікам нацыянальных мерапрыемстваў. Адзін з ініцыятараў заснавання другой беларускай школы на пачатку 1970-х гг., для якой прапанаваў уласнае памяшканне. Адзін з ініцыятараў Сустрэчаў беларусаў Аўстраліі. Ад 1985 г. быў нязменным старшынёй Выканаўчага камітэту Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі і адзін з найбольш дзейных сябраў беларускай грамады ў Мельбурне.

Наталля Гардзіенка, nn.by паводле facebook.com