«Паміж уладай і народам лютая нянавісьць». Інтэрвію з заснавальнікам PandaDoc Мікітам Мікадам

Заснавальнік амэрыканскай IT-кампаніі PandaDoc прапанаваў фінансавую дапамогу беларускім сілавікам, якія адмовяцца выконваць загады і ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў. У адказ улады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў ягонай кампаніі, фактычна ўзяўшы іх у закладнікі.

У інтэрвію журналісту расейскай службы Радыё Свабода Марку Крутаву Мікіта Мікада, які пасьля арышту калегаў у Менску разгарнуў актыўную кампанію ў іх падтрымку, расказаў пра сваё стаўленьне да заведзенай беларускімі ўладамі крымінальнай справы; пра тое, ці можна лічыць ягоны праект спробай перакупіць верных Лукашэнку сілавікоў; і пра свае чаканьні ад пратэстаў супраць Аляксандра Лукашэнкі, якія пачаліся роўна месяц таму.

Падчас чарговых шматтысячных пратэстаў у Менску ў мінулую нядзелю на відэа трапіў чалавек, які вёз перад сабой дзіцячы вазок з прывязаным да яго цацачным конікам на колцах. Конік быў размаляваны ў колеры бел-чырвона-белага беларускага сьцяга, а на сьцяжку побач зь ім было напісана: «Я/Мы Panda».

Чацьвёра супрацоўнікаў амэрыканскай IT-кампаніі PandaDoc, адзін з заснавальнікаў якой — беларус Мікіта Мікада, што жыве ў Сан-Францыска, у суботу былі арыштаваныя судом на 2 месяцы праз абвінавачаньне ў крадзяжы бюджэтных сродкаў.

Арышты, якім папярэднічалі ператрусы, адбыліся пасьля таго, як 12 жніўня Мікіта Мікада ў сваім інстаграме прапанаваў дапамогу (у тым ліку фінансавую) беларускім сілавікам, якія «хочуць быць на баку дабра». Яго відэазварот паглядзелі амаль паўмільёна разоў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх, паводле афіцыйных дадзеных, перамогу атрымаў Аляксандар Лукашэнка, і пратэстаў і рэпрэсіяў супраць тых, хто лічыць гэтую перамогу сфальсыфікаванай, беларускія IT-кампаніі сталі ўсё часьцей гаварыць пра сыход з краіны ў іншыя юрысдыкцыі. Часова закрылася менскае прадстаўніцтва сусьветна вядомай кампаніі Viber, пасьля ператрусаў у сваім офісе супрацоўнікаў зь Менску пачаў вывозіць нават «Яндэкс», вобшукі таксама прайшлі ў менскім філіяле кампаніі Uber.

Беларуская IT-індустрыя за апошнія гады стала адной з самых дынамічных галінаў эканомікі, з доляй больш за 6% ад ВУП краіны. Як гэта ні парадаксальна, той факт, што IT-сэктар стаў свайго кшталту візытоўкай Беларусі, — шмат у чым заслуга Аляксандра Лукашэнкі. У 2005 годзе ён стварыў сваім дэкрэтам Парк высокіх тэхналёгій, і гэта ня толькі сабраныя ў адным месцы офісы: гэтая назва прадугледжвае льготны падатковы і прававы рэжым для IT-кампаніяў, які дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У 2014 годзе яшчэ адзін дэкрэт Лукашэнкі пашырыў магчымае поле дзейнасьці для кампаній, якія хацелі ўдзельнічаць у гэтай праграме, а ў 2017-м быў прыняты «Дэкрэт аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які працягвае льготны рэжым для кампаній — рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій да 2049 году. У 2018 годзе на долю IT-сэктару прыпадала больш за 2% ад усіх працоўных месцаў у краіне і амаль 15% — ад наваствораных.

Цікава, што адным з ініцыятараў стварэньня Парку высокіх тэхналёгій быў Валер Цапкала — кіраўнік перадвыбарчага штабу Лукашэнкі на выбарах 1994 году, пазьней дыплямат. Ён стаў першым дырэктарам парку, але быў звольнены ў 2017 годзе пасьля супрацьстаяньня плянам уладаў павялічыць падаходны падатак для праграмістаў на 1%. У 2020 годзе Цапкала заявіў, што будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі, пасьля чаго супраць яго завялі крымінальную справу. Цапкала зьехаў з краіны, баючыся арышту.

Кампанія Мікіты Мікада PandaDoc, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для электроннага дакумэнтазвароту, — прыкметны гулец на рынку, мае штогадовы прыбытак амаль у 20 мільёнаў даляраў (па стане на 2018 год) і прыцягнула інвэстыцыі на агульную суму ў 53 мільёны. Яна таксама ўваходзіць у лік 500 лепшых працадаўцаў ЗША зь ліку стартапаў па вэрсіі Forbes (369-е месца).


«Я не пайду насустрач уладам»

— Чацьвёра вашых калегаў арыштаваныя судом на два месяцы праз абвінавачаньне ў «крадзяжы бюджэтных сродкаў». Што гэта за крымінальная справа, ці атрымлівала ваша кампанія калі-небудзь грошы зь беларускага бюджэту?

— Наша кампанія — рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій. Офіс у Менску займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня для галоўнай кампаніі ў Амэрыцы. Зь бюджэту мы нічога ніколі не прасілі, як, уласна кажучы, і ўсё астатняе беларускае IT. Гэтая справа не вытрымлівае ніякай крытыкі, і я вельмі спадзяюся, што гэта нейкае непаразуменьне, таму што ад гэтай сытуацыі горш становіцца ўсім. Зразумела, што гэта палітычны перасьлед, што нацэлены ён на мяне, але незразумела, чаму абраны такі спосаб, які наносіць страты ня столькі мне, колькі ўсёй Рэспубліцы Беларусь. Саджаючы ў турму ні ў чым не вінаватых апалітычных людзей, ніякім чынам не датычных да маёй актыўнасьці, беларуская ўлада запалохвае ўсіх шараговых супрацоўнікаў гэтых кампаній. Атрымліваецца, што ніводзін з айцішнікаў не ў бясьпецы — незалежна ад палітычных поглядаў, грамадзянскай пазыцыі і выхадаў на плошчу.

— 21 жніўня вы казалі, што ваша кампанія пакіне Беларусь, калі па выніках супрацьстаяньня з пратэстоўцамі пераможа Аляксандар Лукашэнка. Атрымліваецца, вы проста не пасьпелі своечасова эвакуаваць сваіх людзей?

— Па сутнасьці, так. Большасьць супрацоўнікаў верылі, што такое дно прабіць немагчыма. Перасьлед кампаній — окей, але не перасьлед выпадковых людзей, якія працуюць у кампаніі, якія наогул ніяк ня маюць дачыненьня да маёй дзейнасьці — таксама не незаконнай, я ўсяго толькі прапанаваў дапамогу і перанавучаньне тым супрацоўнікам сілавых структураў, якіх звольнілі за нязгоду выконваць злачынныя загады. Калі хтосьці не хацеў біць, катаваць, саджаць у турму нявінных людзей і яго за гэта звольнілі, то я дапамагаў з атрыманьнем IT-спэцыяльнасьці і сродкамі на існаваньне. За гэта захацелі пакараць мяне. Окей, пры чым тут простыя найманыя супрацоўнікі кампаніі? Я ўвогуле не разумею.

— Можна думаць, што іх узялі ў закладнікі. Вы закрыеце гэты праект, калі вам прапануюць зрабіць гэта ў абмен на іх вызваленьне?

— Пакуль не прапаноўвалі. Пакуль што я гляджу на ўсё, што адбываецца, як на нейкі сюр. Гэта вельмі дзіўна, і ствараецца ўражаньне, што беларуская ўлада страляе сабе ж у нагу. 6,5% ВУП Беларусі — гэта IT. Гэта экспартная выручка. Для таго каб запалохаць аднаго чалавека, ахвяруецца ўся індустрыя. Тут няма ніякай лёгікі, я ня думаю, што гэта стратэгія рэжыму.

— Тым ня менш, калі вам такі варыянт прапануюць, вы будзеце ісьці насустрач?

— Каб ды калі...

— Вы кажаце, што, перасьледуючы вашых супрацоўнікаў, Лукашэнка ахвяруе ўсёй беларускай IT-індустрыяй. Чаму вы ставіце знак роўнасьці паміж сваёй кампаніяй і ўсім IT-сэктарам? Вы ўпэўнены, што за вашым сыходам зь Беларусі пойдуць астатнія?

— Уявіце сабе: вы працуеце ў IT-кампаніі ў Беларусі. На мітынг вы не хадзілі. Калі вы чытаеце ў навінах, што ў беларускіх турмах катуюць, што на вуліцах хапаюць ні ў чым не вінаватых людзей, б’юць, гвалцяць, садзяць у турмы, вы можаце падумаць: мяне гэта можа не закрануць, мяне можа пранесьці, мая хата з краю. Але калі бяда набліжаецца ўшчыльную; калі за тое, што ў вашай кампаніі хто-небудзь што-небудзь сказаў ці зрабіў, могуць узяць вас і пасадзіць у турму, хоць вы наогул ні ў чым ня ўдзельнічаеце і спакойна седзіце ля кампутара, хваля сыходу з краіны становіцца яшчэ большай. Хваля ўжо пачалася, калі на вуліцах былі гвалт і зьбіваньні. Зараз гэтая хваля падымаецца яшчэ больш. Калі проста адказваць на вашае папярэдняе пытаньне — не, я ня буду ісьці насустрач уладам. На мяне гэта ня дзейнічае. Таму я не разумею, навошта зьнішчаць індустрыю і запалохваць звычайных людзей, выкарыстоўваць настолькі неэфэктыўны спосаб узьдзеяньня на аднаго чалавека — на мяне.


«Гвалт толькі разьюшыў беларусаў»

— Раскажыце крыху падрабязьней пра вашую ініцыятыву выплачваць грошы беларускім сілавікам, якія звольняцца ці пяройдуць на бок пратэстоўцаў. Як гэта працуе? Колькім людзям выплачаныя грошы, пра якія сумы ідзе гаворка, якіх пацьверджаньняў «пераходу» вы патрабуеце ад тых, хто да вас зьвярнуўся?

— Пасьля таго, як я ўбачыў гвалт на вуліцах Беларусі і даведаўся зь першых вуснаў пра зьбіцьцё і катаваньні ў турмах, я ня мог заставацца ўбаку. Я ня веру, што ўсе сілавікі такія, таму я запісаў вельмі эмацыйнае відэа, дзе заклікаў іх спыніць гвалт, і калі прычына, зь якой яны ня могуць яго спыніць, — гэта тое, што яны баяцца страціць працоўнае месца і застацца бяз сродкаў да існаваньня, дык я гатовы дапамагчы, у тым ліку фінансава. Атрымалася так, што гэтае відэа ўдарыла ў балючае месца і стала вірусным. Паступілі сотні заявак. На бягучы момант мы аказалі дзясяткам людзей юрыдычную, фінансавую дапамогу і дапамогу ў перанавучаньні. Умоваў для атрыманьня юрыдычнай дапамогі і дапамогі ў перанавучаньні не было ніякіх. Для атрыманьня матэрыяльнай дапамогі трэба даказаць, што чалавек сапраўды быў звольнены або рэпрэсаваны за свае погляды ці за невыкананьне злачынных загадаў.

— Колькі трэба грошай, каб кампэнсаваць аднаму чалавеку звальненьне зь міліцыі, АМАПу ці іншых органаў?

— Звальненьне мы не кампэнсуем, мы дапамагаем людзям, якіх рэпрэсавалі. Гэта вялікая розьніца. Мы нікому не прапаноўвалі: «Давай мы табе заплацім, каб ты звольніўся». Мы дапамагалі тым, хто ўжо прыняў такое рашэньне і звольніўся. Спачатку нейкай дакладнай сумы не было, да нас зьвярталіся, і мы асабіста дапамагалі разам зь сябрамі. Потым да гэтай ініцыятывы далучыўся фонд салідарнасьці BYSOL, які аказвае падтрымку ў памеры 1,5 тысячы эўра, дапамагае зь пераездам у выпадку перасьледу, з пошукам працы.

— Усе мы бачылі ў сацсетках дзясяткі, калі ня болей, пастоў, у якіх супрацоўнікі сілавых структураў Беларусі адкрыта апавядаюць пра сваё звальненьне на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне. Гэтая зьява не зрабілася масавай — напрыклад, амапаўцаў, якія б на мітынгах пераходзілі на бок дэманстрантаў падчас разгону, так і не зьявілася. Вы чакалі, што яны пачнуць пераходзіць на бок пратэстоўцаў? Чаму гэтага не адбылося?

— Не чакаў. Ініцыятыву мы пачалі 12 жніўня, пасьля таго як убачылі ўвесь той гвалт, які адбываўся. Я не хацеў, каб гэта паўтарылася хоць калі ў гісторыі Беларусі. Я ня ведаю, чаму амапаўцы не пераходзілі, хоць былі выпадкі, калі яны апускалі шчыты і ня білі. Наогул, калі б не было такога гвалту, не было б такога пратэсту. Залішні гвалт толькі разьюшвае беларусаў. Цяпер у грамадзтве лютая нянавісьць паміж народам і ўладай.

— Ці мае сэнс зьвяртацца зь нейкімі заклікамі да тых людзей, якія жорстка зьбівалі дэманстрантаў і катавалі іх у турмах?

— Я думаю, што такіх меншасьць. Да такіх, напэўна, няма сэнсу зьвяртацца.


«Акрамя як у IT, грошай асабліва нідзе ня плацяць»

— Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо месяц, але нейкага пералому сытуацыі так і не адбылося. З аднаго боку, мы ведаем, што мірны пратэст можа працягвацца месяцамі. З другога боку, ці чакалі вы асабіста такога пералому, чаму ён не адбыўся, ці расчараваныя вы гэтым?

— У першую чаргу я хацеў, каб спыніліся кровапраліцьце, гвалт, катаваньні і зьбіцьцё. Усё гэта спынілася ня цалкам, да гэтага часу жорстка затрымліваюць, да гэтага часу саджаюць у турмы, але гэта, вядома, ужо не 9–10 жніўня. Я лічу, што гэта вялікая перамога і ў першую чаргу заслуга народу. А далей — так, усё гэта можа працягвацца і паўгода, і год, і пяць гадоў, калі ўлада ня будзе ісьці на дыялёг і спрабаваць неяк гэтую сытуацыю вырашыць.

— Ці можна дамагчыся зьмены ўлады ў Беларусі мірным пратэстам?

— Я думаю, так. Я б не хацеў ніякага іншага сцэнару для Беларусі. Я вельмі люблю сваю краіну, людзей, якія ў ёй жывуць. Яны заслужылі сваю свабоду і заслужылі быць пачутымі. Такога зьяднаньня беларусаў я ніколі раней ня бачыў. Беларусы ў працэсе ўсіх гэтых падзеяў сталі нацыяй.

— Як атрымалася, што пры Аляксандру Лукашэнку IT-індустрыя стала адной зь візытовак беларускай эканомікі, яе важнай часткай? Як сумяшчаюцца аўтарытарызм і высокія тэхналёгіі?

— Калі ў людзей вельмі мала альтэрнатыў, пайсьці ў IT, атрымаць нейкую інжынэрную спэцыяльнасьць — цалкам лягічны выбар для таго, каб зарабляць нейкія прыстойныя грошы. У Беларусі даволі моцная, яшчэ савецкая сярэдняя школа, адукаваных людзей даволі шмат, і акрамя як у IT, грошай асабліва нідзе ня плацяць. Таму многія імкнуцца ў IT, многія вучацца на праграмістаў, і, як вынік, ёсьць вялікі пул талентаў. У пэўны момант пачалі зьяўляцца аўтсорсінгавыя кампаніі, якія, па сутнасьці, прадавалі працу беларускіх праграмістаў за мяжу і сталі вельмі добрымі інжынэрнымі школамі. Гэты пул людзей рабіўся ўсё большым, наладжваліся інжынэрныя працэсы, людзі вучыліся, і ў пэўны момант быў створаны Парк высокіх тэхналёгій, каб усю гэтую індустрыю вывесьці ў прававое рэчышча і фінансавыя патокі ўнутры гэтай індустрыі зрабіць празрыстымі. Гэта спрацавала. Прыток талентаў дапамагаў гэтай індустрыі, прыросту валютнай выручкі, пасьля аўтсорсінгавых кампаній пачалі зьяўляцца вялікія прадуктавыя кампаніі. Калі ты праграміст, умееш штосьці рабіць, дык у нейкі момант у цябе зьяўляецца жаданьне зрабіць свой прадукт. Часам гэтыя прадукты выстрэльваюць, як, напрыклад, у выпадку з PandaDoc. Цяпер у Беларусі ёсьць і аўтсорсінгавыя, і прадуктавыя кампаніі, але калі першыя, магчыма, яшчэ неяк застануцца, то другія будуць зьяжджаць, калі іх работнікам давядзецца жыць у атмасфэры страху.

— Чаму Аляксандар Лукашэнка актыўна ўдзельнічаў у стварэньні Парку высокіх тэхналёгій? Бо супрацоўнікі IT-кампаніяў — гэта відавочна ня тыя людзі, якімі можна камандаваць, як амапаўцамі. Фінансавая выгада пераважыла той факт, што ўлада будзе ў сябе пад бокам мець тысячы людзей, якія ад яе фінансава не залежаць?

— Цяжка не пагадзіцца з тым, што вы сказалі.

— Якія яшчэ кампаніі, акрамя «Яндэкса», пра які ўсе чулі, цяпер у той ці іншай ступені згортваюць свой бізнэс у Беларусі праз падзеі, якія адбываюцца?

— Практычна ва ўсіх кампаній цяпер альбо распрацоўваецца, альбо ўжо знаходзіцца ў актыўнай фазе так званы «Плян Б» — пераезд людзей зь Беларусі кудысьці яшчэ. У кагосьці ва Ўкраіну, у кагосьці ў Прыбалтыку, у кагосьці ў Польшчу, але ўсе актыўна над гэтым плянам працуюць.


«Аптымістычны сцэнар — перавыбары»

— Наколькі, на ваш погляд, правільнае сьцьвярджэньне, што з такім суседам, як Расея, ніякія дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі немагчымыя, што Пуцін ні пры якіх умовах гэтага не дапусьціць?

— У геапалітыцы, шчыра скажу, я ня моцны, таму ніяк пракамэнтаваць гэта я не магу. Магу толькі сказаць, што пратэст у Беларусі не антырасейскі. Беларусы ня хочуць ніякіх геапалітычных зьменаў, уступаў у NATO, ЭЗ і гэтак далей. Мы ў парадку. Але мы ня хочам зьбіваньняў, гвалту, пасадак у турмы. Гэты кашмар ужо ўсіх дастаў.

— Зь якімі пачуцьцямі вы гледзіце на апошнія зьяўленьні Аляксандра Лукашэнкі ў публічнай прасторы? На ўсе гэтыя «перахопленыя перамовы Бэрліну і Варшавы»?

— Пачуцьцяў ужо ніякіх няма. Назіраючы за тым, што адбываецца, сутыкаючыся з тым, з чым мы толькі што сутыкнуліся, пачуцьцяў няма. Нават усьмешак гэта не выклікае. Што сьмяяцца? Дзейнічаць трэба. Мы дзейнічаем.

— Якія вы бачыце сцэнары разьвіцьця сытуацыі з пратэстамі — аптымістычны і пэсымістычны?

— Аптымістычны сцэнар — гэта перавыбары. Пэсымістычны сцэнар — гэта Паўночная Карэя ў цэнтры Эўропы. Паўночная Карэя, якая пры гэтым яшчэ і датацыйны рэгіён Расеі, таму што Беларусь — стратная краіна, і трэба разумець, што ўтрымліваць Беларусь дорага.

— Яна можа стаць нястратнай за кошт IT-сэктару, калі стварыць для яго яшчэ лепшыя ўмовы?

— Мне здаецца, нават умовы ня трэба ствараць, яны і так нармальныя. І так, можа. IT-сэктар можа вырасьці ў Беларусі яшчэ ў 10 разоў. Мінімум у 10 разоў, папраўдзе. Глыбіня рынку такая, што дасягнуць мільёна людзей, якія працуюць у IT-сфэры — гэта ня нейкая завоблачная мара. Гэта здарылася ў іншых краінах, можа здарыцца і ў Беларусі.

svaboda.org