Паэт з мянушкаю «бунтар»

25 траўня споўнілася 115-гадоў з дня нараджэння Сяргея Хмары.


01.jpg


Беларускі паэт, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч і выдавец Сяргей Хмара (сапраўднае прозвішча Сіняк,1905-1992) нарадзіўся 25 траўня 1905 года ў вёсцы Казлоўшчына на Дзятлаўшчыне. Калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, а потым, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.


02.jpg

Сяргей Хмара (злева) з сябрамі, Дзятлаўшчына, 1930-я гады


У 1918 годзе пры нявысветленых абставінах загінуў яго бацька. Сяргей Сіняк з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што. Таму, пасля расейскай пачатковай школы, ён займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваўся раманамі Генрыка Сянкевіча. І вельмі шмат працаваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дабіваўся справядлівасці. Аднойчы нават кінуў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробак. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку «бунтар». Пасля «бунтара» выганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны страйк, пасля выганялі, калі працаваў касцом у маёнтку, і з іншых месцаў. Напачатку 1920-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі – Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. У Берасцейскім абласным архіве знаходзіцца, як пацвярджэнне, пасведчанне на імя Сяргея Сіняка, што ён з’яўляўся сябрам ТБШ (ф.2042, оп.1, сп.8869).

У сярэдзіне 1920-х гадоў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.

У 1930 годзе Сяргея Хмару выбіраюць сакратаром пасольскага клуба «Змаганьне» ў Пінску, ён спрабуе закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак працуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоўвае польская дэфензіва і разам з Браніславам Тарашкевічам саджае ў турму. У час працэсу Грамады польскі пракурор-абвінаваўца назваў Сяргея Сіняка «лятаючым рыцарам Грамады». Наогул, Сяргей Сіняк пры паляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў каля 11 гадоў у турмах. У сваёй аўтабіяграфіі (зборнік «Мы», выданне суполкі «Ускалось» на чужыне, 1949) ён пісаў: «Мае школы – Лукішкі, турмы ў Слоніме, Гародні, Пінску, Берасці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат іншыя». Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават Тэлеграфнае Агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС). Гэтае паведамленне апублікавалі ўсе газеты былой вялікай краіны. «Слоним (Западная Белоруссия). 13 октября. Заместителем начальника городского отряда рабочей гвардии Слонима работает широко известный в Западной Белоруссии молодой, талантливый поэт Сергей Хмара. С оружием в руках он охраняет свой город и организует борьбу с притаившимся остатками офицерских бандитских шаек. До прихода в Слоним Красной Армии поэт находился в концентрационном лагере Картуз-Береза. В польских тюрмах, казематах и лагерях он провел 6 лет. В своих произведениях Сергей Хмара писал о тяжелой доле угнетавшихся панами хлеборобов Западной Белоруссии и вырожал уверенность в том, что скоро настанут времена, когда крестьяне будут свободными и счастливыми. Сбылись слова поэта, эти времена настали» – пісала газета «Социалистическая Якутия» 17 кастрычніка 1939 года.

Са зброяй у руках Сяргей Сіняк не ваяваў, а вось пяром валодаў добра. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў газеце «Беларуская крыніца» у 1925 годзе. Ён меў назву «Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме». А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік «Рунь веснаходу», дзе побач з вершамі Хведара Ільяшэвіча, Наталлі Арсеньевай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першыя паэтычны зборнік «Бунтарнае» і кніга прозы «Шляхам барацьбы» загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва «Рунь». Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў «Жураўліным шляхам» Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні.

Зборнічак быў невялікі, ён налічваў усяго 24 вершы. Паэт шчыра апісваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцыямі. Цікава і дасціпна паказаў вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз вёскі. Гэтыя паэтычныя радкі гучалі як заклік да жыцця і змагання. Але ў кожным вершы адчувалася нейкая самота і адзінота:

Неба начой было яснае, яснае!
Белае, белае, – як малако.
Недзе жалеза затворамі ляснула,
Сумна зайржаў у хляве конь.

Мацнейшымі ўсё ж былі ў зборніку радкі, прысвечаныя Прыпяці, Палессю і наогул – роднай прыродзе:

Цэлы дзень у паветры сонным
Кос гарыць пажар.
Плача кнігаўка і звоне
Травяны абшар.


03.jpg


Аляксей Васіленя і Сяргей Хмара, 1940-я гады


Паэт вылучаўся сярод сваіх равеснікаў вынаходніцтвам новых беларускіх слоў, якімі любіў насычаць свае вершы. Праўда, не ўсе яны ў нашай мове прыжыліся. Напрыклад, такія словы як «запраўляч», «шувары», «ладунак».

У 1937 годзе Сяргей Сіняк у Дзятлаве арганізоўвае літаратурную сустань «Маладая Ўскалось». Плануе разам са сваімі равеснікамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКВД і саджаюць у менскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты «Слонімскі кур’ер», выступае на раённым радыё. Акрамя гэтага паэт арганізоўвае брыгаду Беларускай Самапомачы. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у грабяжах гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму (дзякуючы сябрам праз пэўны час яго вызвалілі). Таму меў рацыю Юрка Віцьбіч, калі казаў, што »усялякі без вылучэння акупант Беларусі (паляк, расеец, немец) саджаў Сяргея Хмару за краты, а таму ён больш за іншых мае права пісаць:

Усьцяж – Беларусь!
Беларусь – на вуснох,
У сэрцы ж –
Чорная здрада!..

У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі, ён зноў трапіць у засценкі НКВД. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты «Голас беларусаў». Ужо тады ён пачынае адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, а «Баявой Ўскалосі» са знакам «Двупагоняй» г. з. з абаронай Беларусі з Захаду і з Усходу. Па-ранейшаму піша вершы і выдае свой другі зборнік паэзіі «Мы». Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя ў 1920-1930-х гадах, а таксама новыя, у якіх адчуваецца настальгія па Бацькаўшчыне і сум развітання з ёю:

Хусткай пунсоваю ўсход упрыгожыўся,
Шоўкавы дотык вецер прынёс.
Вылезла сонца, умыўшыся росамі,
І засмяялась, запесціла косамі
Статныя станы бяроз.


04.jpg

Сяргей Хмара (злева) з канадскімі гісторыкамі, 1980 г.


З Германіі яго шлях ляжыць у Канаду ў Таронта, дзе і пражыў усё сваё жыццё.

У Таронта Сяргей Хмара найперш займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса «Баявая Ўскалось», а таксама каля 370 нумароў газеты «Беларускі голас». Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю «Водгаласы». Усе гэтыя выданні выдаваў ён за свой асабісты кошт.


05.jpg

Газета Сяргея Хмары


Многія беларускія суайчыннікі на эміграцыі крытыкавалі Сяргея Хмару за тое, што ён шмат у сваіх выданнях пісаў пра сябе, пра сваю сям’ю, публікаваў у кожным нумары свае здымкі. Але яму гэта можна сёння дараваць, тым больш, што гэта былі яго ўласныя выданні. Але яны заўсёды выдаваліся па-беларуску, у іх паведамлялася пра жыццё на Беларусі, пра справы беларускай дыяспары на эміграцыі, друкаваліся вершы беларускіх паэтаў, цікавыя гістарычныя матэрыялы, напрыклад, успаміны Сяргея Хмары пра Гальяша Леўчыка, Антона Луцкевіча, Якуба Міско, Піліпа Пестрака, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўку і пра многіх іншых вядомых беларусаў. На старонках «Баявой Ўскалосі» і «Беларускага голасу» публікавалі свае творы многія беларусы, якіх лёс закінуў у розныя дзяржавы свету. Сярод іх – Янка Юхнавец, Кастусь Мярляк, Юрка Віцьбіч, Міхась Кавыль, Алесь Змагар, Вольга Трэска, Мікола Целеш, Мікола Вярба, Уладзіслаў Сноп, Васіль Вір, Наталля Арсеннева, Ніна Змагарка, Мікола Панькоў – ды ўсіх не пералічыць. Вядома, у выданнях Сяргея Хмары было і засталося шмат памылак, недакладнасцяў, найперш у датах, геаграфічных мясцінах, нават у прозвішчах. Відаць было, што рэдактар не карыстаўся энцыклапедычнымі даведнікамі, а шмат пісаў тое, што ведаў, што захавала памяць. Жыццё на чужыне для яго не было лёгкім, тым больш, што з Радзімай Сяргей Хмара-Сіняк развітаўся ў 40-гадовым узросце. Яму і там хацелася дзейнічаць, змагацца за Беларусь іншым шляхам, іншымі метадамі. Ён любіў і паважаў, крытыкаваў і злаваў на прадстаўнікоў БНР і БЦР, але сам ад іх заставаўся ўбаку. Ён быў прыхільнікам «трэцяй сілы» на эміграцыі. І нам сёння трэба з гэтым змірыцца і прымаць Сяргея Хмару такім, якім ён быў.


06.jpg


07.jpg

Магдалена Сіняк упершыню наведала Беларусь і бацькаву радзіму, лета 2008 г.


У 2009 годзе мне пашчасціла сабраць і выдаць кнігу выбраных твораў Сяргея Хмары «Рабінавы хмель». Гэта – даніна светлай памяці незвычайнага і таленавітага чалавека з дзятлаўскай зямлі.

Сяргей Чыгрын, „Беларускае Радыё Рацыя“