Пабачыла свет унікальная кніга дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш

Вершы без цэнзуры і аўтарскія малюнкі Ларысы Геніюш. Пабачыла свет унікальная кніга “...унукам”, якая сабрала вершы для дзяцей выбітнай беларускай паэткі, многія з якіх былі адрасаваныя ўнукам – Міхасю ды Алесю. У кнізе знойдзем таксама лісты да ўнукаў, адказы на іх, фотаздымкі з сямейнага архіву Міхася Геніюша.

Унук паэткі ў інтэрв’ю для “Радыё Рацыя” падзяліўся ўспамінамі пра бабулю, да якой з Беластоку ў Зэльву яму дазвалялася ездзіць толькі раз на два гады:

– Гэта быў чалавек, які любіў Беларусь, які любіў народ беларускі, які любіў гэтую мову і які хацеў быць добрым, сумленным чалавекам. І каб усе рабілі як яна. Яна шукала праўды і гэта ў яе жыцці было найважнейшым.


02-Larysa_hienijush-1.jpg


Кніга Ларысы Геніюш “...унукам” з’явілася дзякуючы ініцыятыве і намаганням беларускага журналіста Глеба Лабадзенкі. Працягвае ўнук паэткі – Міхась Геніюш

– Разам з Глебам мы пайшлі ў архіў. Пашукалі і ў маім хатнім архіве, і ў архіве ў Менску. Знайшлі арыгіналы, знайшлі таксама раней недрукаваныя вершы, знайшлі для гэтага адпаведную форму. І так з’явілася кніжка.

Яна Запольская, “Беларускае Радыё Рацыя”