О, спорт! Ты – мір!

Спартыўныя каманды Самарскай грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі „Руска-Беларускае Братэрства 2000“ прынялі ўдзел у юбілейным X Спартыўным фестывалі „Дружба народаў – 2020“.

Юбілейны спартыўны форум праходзіў сёлета ў сярэдзіне сакавіка на пляцоўцы ўніверсальнага комплексу „МТЛ-Арэна“ гарадской акругі Самара. Яго заснавальнікі і арганізатары – міністэрства спорту і Дом дружбы народаў Самарскай вобласці.

Асноўныя мэты і задачы Фестывалю – умацаванне міжнацыянальных сувязяў і прафілактыка дэструктыўных праяваў на міжнацыянальнай глебе сярод спартыўных заўзятараў, прапаганда фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця, стварэнне ўмоў для актыўных занятфізічнай культурай і спортам. У гэтым годзе ён быў прымеркаваны да святкавання 75-й гадавіны перамогі ў Вялікай айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.


01.jpg

Валейбольная каманда „Зубры“


У спаборніцтвах прынялі ўдзел аматарскія каманды па міні-футболе і валейболе, якія прадстаўляюць нацыянальныя грамадскія аб'яднанні Самарскай вобласці і гарадской акругі Самара.

У міні футболе спаборнічалі дванаццаць нацыянальных каманд, у валейболе – шэсць.


02.jpg

Валейбольная каманда „Зубры“ ў гульні


Ад „Руска-Беларускага Братэрства 2000“ удзельніалі дзве беларускія каманды пад агульнай назвай „Зубры“. Вынікі ўдзелу сёлета даволі сціплыя, але вера ў перамогу і добрая гульня неадступна суправаджала нашых спартсменаў! Такім чынам, валейбол – 4-е месца, а футбол – 7-е.

Агульнае кіраўніцтва арганізацыяй і ўдзелам у Спартыўным фестывалі беларускіх каманд ажыццяўляў Андрэй Кірылюк, дырэктар „Руска-Беларускага Братэрства 2000“.

Заўзятары і вольныя паводле графіку спаборніцтваў удзельнікі каманд змаглі прыняць удзел у інтэрактыўных віктарынах, прысвечаных гісторыі развіцця самарскага спорту.


03.jpg

Футбольная каманда „Зубры“ ў нападзе


У складзе беларускай каманды заўзятараў былі кіраўнік моладзевага аддзялення арганізацыі беларусаў Юлія Цяплянская і адна з яе намесніц Вольга Данкеева, салісткі беларускага вакальнага ансамбля „Каданс“ Анастасія Гуркіна, Крысціна Сухачэўская, Таццяна Даутава і мастацкі кіраўнік калектыву Іна Сухачэўская. Фота- і відэаздымку спаборніцтваў ажыццяўляў актывіст моладзевага аддзялення Андрэй Зыкаў. Каманда беларускіх заўзятараў (капітан Андрэй Кірылюк) перамагла ў інтэрактыўных віктарынах і была ўзнагароджана запрашэннямі на адмысловую экскурсію ў музей Самарскага футбола.

Трэба адзначыць, што Самарскі футбол багаты на спартыўныя традыцыі, а футбольны клуб „Крылья Советов“ з Самары займае асаблівае месца ў беларускім футболе. Практычна ў кожным сезоне ў гэтай камандзе гуляюць футбалісты з Беларусі. Жартаўнікі называюць яго базавым футбольным клубам зборнай Беларусі – праз каманду прайшлі многія гульцы нацыянальнай зборнай.


04.jpg

Прадстаўнікі каманды заўзятараў ад абласной арганізацыі беларусаў „Руска-Беларускае Братэрства 2000“


У Самары трэніраваў Вадзім Скрыпчанка, гулялі нападаючыя Віталь Булыга, Андрэй Хлебасолаў, Сяргей Карніленка, паўабаронцы Дзяніс Коўба, Цімафей Калачоў, Аляксей Сквернюк, Аляксандр Чайка, Станіслаў Драгун, Аляксандр Глеб, абаронца Дзмітрый Молаш, варатары Аляксандр Марцешкін, Сяргей Верамка і многія іншыя.


05.jpg

Беларуская каманда – пераможца інтэрактыўных віктарын, капітан Андрэй Кірылюк


Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання капітаны каманд-пераможцаў Фестывалю пакінулі аўтографы на памятным футбольным мячы, які ўручылі дырэктару грамадскага музея Самарскага футбола, прэзідэнту „Фонду гісторыі і развіцця самарскага футбола імя Барыса Казакова“, дэпутату думы гарадской акругі Самара ад Прамысловага унутрыгарадскога раёна гарадской акругі Самара Аляксандру Чарнышову. Памятны мяч зойме сваё месца ў музеі Самарскага футбола.


06.jpg

Выхаванец ДЮСШ „Працоўныя рэзервы“ (Мінск) Станіслаў Драгун (фота: ПФК „Крылья Советов“ (Самара) і яго пажаданне заўзятарам


Ірына Глуская, прэзідэнт абласной арганізацыі беларусаў, выказала падзяку арганізатарам фестывалю: „Спартыўны фестываль, безумоўна, спрыяе развіццю фізічнай культуры і духу спартыўных спаборніцтваў каманд, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, а таксама іх заўзятараў. Упэўнена, што ў найбліжэйшыя гады колькасць людзей, якія рэгулярна займаюцца фізкультурай і спортам, будзе расці. Нацыянальныя грамадскія аб'яднанні і іх спартыўныя каманды робяць вялікую і сур'ёзную справу, а урад рэгіёну і Дом дружбы народаў ім у гэтым актыўна дапамагаюць“.


07.jpg

Сяргей Карніленка (фота: ПФК „Крылья Советов“ (Самара) і яго пажаданне заўзятарам


Сапраўды, значэнне спорту ў жыцці чалавека цяжка пераацаніць. Заснавальнік сучаснага алімпійскага руху, французскі грамадскі дзеяч і педагог П'ер дэ Кубертэн, казаў: „О, спорт! Ты – мір! Ты ўсталёўваеш добрыя, сяброўскія адносіны паміж народамі. Ты – згода. Ты збліжаеш людзей, якія прагнуць адзінства. Ты вучыш рознамоўную, рознапляменную моладзь паважаць адзін аднаго. Ты – крыніца высакароднага, мірнага, сяброўскага спаборніцтва. Ты збіраеш маладосць – нашу будучыню, нашу надзею – пад свае мірныя сцягі. О, спорт! Ты – мір!».

Мікалай Бойка, „Руска-Беларускае Братэрства 2000“