«Назіральнік паскардзіўся на колер майго адзеньня». Беларуска распавядае, як кіравала выбарчым участкам у Канадзе

Ёсьць такое месца на сьвеце, дзе беларус, незалежна ад палітычных поглядаў і ляяльнасьці да ўлады, можа бязь лішняга клопату ўзначаліць выбарчую камісію. Гэта Канада.

Кацярына Райзбэрг жыве ў горадзе Місісога, правінцыя Антарыё. Разам з мужам выхоўвае дзяцей, працуе ў сфэры мабільнай сувязі. Зь Менску яна зьехала ў 2006 годзе. У Беларусі Каця працавала карэспандэнтам аддзелу навін і палітыкі «Белорусской деловой газеты». У Канадзе даволі доўга яна была апалітычная. Пакуль не атрымала грамадзянства.


01-7B1B6E30-223F-4A8E-8E99-B9EC3B2E35A4_cx0_cy24_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Каця Райзбэрг з плякатам лідэра Кансэрватараў Эндру Шыра



Тады ёй упершыню захацелася папрацаваць на фэдэральных выбарах. За некалькі гадоў Каця пабывала і сябрам выбарчай камісіі, і яе старшынёй. А на апошніх выбарах, якія завяршыліся ўначы па менскім часе, была валянтэркай аднаго з кандыдатаў. Пра свой досьвед яна расказала Свабодзе.


Але спачатку пра вынікі выбараў:

  • Паводле дадзеных Elections Canada, лібэралы атрымліваюць 157 з 338 месцаў у парлямэнце, што, аднак, недастаткова для таго, каб сфармаваць урад большасьці, якая складае 170 чальцоў.
  • На другім месцы апынулася Кансэрватыўная партыя Канады, якая перамагла ў 121 акрузе.
    Квэбэцкі блёк перамагае ў 32 акругах, Новая дэмакратычная партыя — у 24.
  • Як адзначае Reuters, каб праводзіць свае заканадаўчыя ініцыятывы, Трудо і ягонай партыі спатрэбіцца падтрымка новай дэмакратычнай партыі, прадстаўнікі якой атрымаюць 25 месцаў у парлямэнце.

«Валянтэр працуе за ідэю, радок у рэзюмэ і абед у дзень выбараў»

Цяпер Каця ў дэкрэце з другім дзіцем, вольнага часу поўна, а сядзець дома яна ня любіць. На пачатку верасьня прыйшла са сваёй трохмесячнай малечай у мясцовы офіс кансэрватараў і сказала, што хоча стаць валянтэркай. Пры гэтым Каця падкрэсьлівае, што партыйнага білета ў яе няма і заводзіць яго яна не зьбіраецца.


02-82AC30C8-E656-4E1F-8CE7-35864322D12A_w1597_n_r0_st.jpg

Уладзіслаў Лізан


Кандыдат ад кансэрватараў у яе акрузе — Уладзіслаў Лізан, прафэсійны палітык з польскімі каранямі. У студзені 2019-га яго намінавалі на кандыдата, і ён пачаў перадвыбарчую кампанію.


03-90CA0C2B-A0D9-4BD1-A9B7-095EE67348EB_w1597_n_r0_st.jpg


«Для пачатку кандыдат атрымлівае доступ да базы дадзеных

кансэрватараў па сваёй акрузе, наймае кіраўніка свайго штабу і пачынае абіваць парогі, паралельна прыцягваючы валянтэраў у сваю каманду, — расказвае Каця. — База дадзеных будуецца з тых, хто ўжо галасаваў за кансэрватараў, і з тых, хто гатовы за іх валянтэрыць, хто ня супраць атрымліваць ад іх рассылку».

Акруга, у якой працуе Каця, — гэта пераважна прыватны сэктар, таму дзьвярэй шмат, стукайся не хачу. Намінаваны кандыдат сам ходзіць па хатах і размаўляе зь людзьмі — аб праблемах, аб жыцьці, аб патэнцыйным валянтэрстве. І просіць дазволу паставіць свой рэклямны знак на пярэднім двары. У асноўным палітыкаў сустракаюць даволі міла.

«На зарплаце ў ягонай камандзе ўсяго толькі тры чалавекі, усе астатнія — валянтэры, незалежна ад таго, на якой пасадзе яны працуюць. Астатнія працуюць за ідэю, за будучыню краіны, за валянтэрскія гадзіны ў школе і радок у рэзюмэ. Ну, і за ежу ў дзень выбараў».


«Палітыка — справа інтымная»

Як толькі фармуецца офіс палітыка, пачынаецца сама кампанія. Ставяцца знакі, валянтэры ходзяць па адрасах, нагадваючы людзям, каб прыйшлі галасаваць 21-га. Асноўны дзень выбараў — у панядзелак, а датэрміновае галасаваньне — на выходных.


04-3684E79E-6E46-4B7E-BCC2-C06CECB2ACC1_w1597_n_r0_st.jpg

Эндру Шыр. Яго партыя здабыла 121 мандат з 338. У Лібэральнай партыі Трудо 157 месцаў у парлямэнце.


Каця кажа, што ў асноўным канадцы вельмі добразычлівыя і ахвотна адчыняюць палітыкам. Часта вешаюць на дзьверы шыльды з надпісам «не турбаваць», каб не пабудзіць дзяцей. У гэтым выпадку, напрыклад, Amazon пакідае пасылку на ганку, а палітык вяртаецца пазьней. На прахадныя прадпрыемстваў, кажа Каця, нікога ня пусьцяць, «палітыка — справа інтымная».

«Сустрэчы з выбарнікамі таксама ёсьць. Палітыкі наймаюць месца, арандуюць спэцыяльныя цэнтры, рэстараны, гарадзкія паркі. Яны могуць праводзіць сустрэчы там, дзе лічаць патрэбным. Усё за іх грошы і ўсё па іх жаданьні».

Афіцыйнага часу для агітацыі ў СМІ не прадугледжана. Elections Canada, аналяг беларускага ЦВК, толькі арганізуе афіцыйныя дэбаты для лідэраў партый на ангельскай і францускай мовах. У гэтым годзе былі яшчэ і неафіцыйныя дэбаты на францускай, але дзейны прэм’ер Трудо на іх не прыйшоў. Цікава, што абяцаньні палітыкаў з тых самых партый абсалютна ідэнтычныя ў розных частках краіны.

«У фэдэральных партыйных кандыдатаў сваёй праграмы няма і быць ня можа — усё ідзе згары, уключаючы рэклямную прадукцыю. Таму паабяцаць пасадзіць бульбу яны ня могуць, калі, вядома, іх лідэр не праявіў падобнай ініцыятывы. Дарогі, платы і бульба — гэта ня клопат парлямэнту».


«Каманда працуе па аплікацыі ў тэлефоне»

Дзень галасаваньня — дзень цішыні. Але кантактаваць і нагадваць пра галасаваньне выбарнікам з базы дадзеных — дазволена. Рэклямаваць сябе ў сацыяльных сетках — таксама не забаронена.

«На нашым участку ішла жорсткая барацьба, кожны выбарнік і валянтэр на вагу золата. Калі нехта, напрыклад, ня можа прагаласаваць, то ён тэлефануе ў партыю і просіць, каб па яго прыехалі і адвезьлі прагаласаваць. Фактычна гэта працуе як таксі, цябе прывязуць і адвязуць».


05-5114CF36-23A6-42F5-9CFB-6C7E2E0B434A_w1597_n_r0_st.jpg

Выбарчая сустрэча Кансэрватараў


Каманда валянтэраў працуе па мабільнай праграме. Адрасы, заданьні, каардынацыя, пратаколы, справаздачы — усё ў смартфоне.

«Раніцай я прыходжу на ўчастак, прад’яўляю дакумэнты назіральніка ад партыі. Кіраўнік камісіі выпісвае для мяне адмыслова бэйджык. З гэтым дакумэнтам я магу знаходзіцца на ўчастку ад пачатку да канца. Ёсьць спэцыяльны стол для назіральнікаў. У прынцыпе, гэта як у Беларусі. Ты ня можаш хадзіць па ўсім участку і зазіраць у ведамасьці».

Паколькі ў кожнай партыі ёсьць свой колер, у дзень выбараў ты ня можаш зьявіцца ў адзеньні гэтага колеру. Усе чальцы камісіі і ўсе назіральнікі павінны быць апранутыя ў нэўтральныя колеры, каб ніяк ня выдаць сваю палітычную прыналежнасьць. Інакш гэта будзе лічыцца як агітацыя.

Калі ты прыходзіш на ўчастак, то нават уголас непажадана казаць, зь якой ты партыі.

«Таму ты павінен сам прадумаць свой зьнешні выгляд, каб нішто не выдавала поглядаў. Напрыклад, калі я была кіраўніком камісіі, на мяне паскардзіўся назіральнік Лібэральнай партыі — палічыў, што мой пінжак мае сіняе адценьне. Прыйшлося высылаць фатаграфію ў рэгіянальны офіс, і яны не палічылі гэта парушэньнем. Але цяпер я перастрахавалася максымальна — чырвоную калыску дачкі ўхутала коўдрамі, каб ніхто не чапляўся».

Кожныя некалькі гадзін камісіі паказваюць назіральнікам пратаколы зь яўкай. Усё гэта заносіцца ў аплікацыю на смартфоне. Адпаведна, у офісе партыі заўсёды ёсьць сьвежая інфармацыя пра тое, колькі чалавек прагаласавала на дадзены момант.


«Старшыня камісіі зарабляе 22 даляры за гадзіну»

Каб расказаць, як лічаць галасы на канадзкіх выбарах, трэба вярнуцца на некалькі гадоў раней. Цікавіцца мясцовай выбарчай сыстэмай Каця пачала пасьля таго, як атрымала грамадзянства.

«Працэдура празрыстая — падаеш рэзюмэ і праходзіш гутарку. Па яе выніках атрымліваеш працу на ўчастку — ад front desk да старшыні камісіі. Праходзіш абавязковы трэнінг. Чым больш выбараў ты праводзіш, тым вышэйшая звычайна твая пасада. Зарплата пагадзінная, ад 15 да 22,37 канадзкага даляра за гадзіну. Мінімальныя патрабаваньні для ўсіх — быць грамадзянінам Канады, і табе на дзень галасаваньня павінна споўніцца 16 гадоў».


06-4E5043C5-6425-492D-94A5-76E54375E727_w1597_n_r0_st.jpg

Выбарчы ўчастак, дзе працавала Каця


Галасаваньне праходзіць даволі спэцыфічна, кажа Каця. Скрыні для галасаваньня ніякія не празрыстыя, а зробленыя з кардону. Стужка для апячатваньня скрыні ва ўсіх аднолькавая — перад адкрыцьцём участкаў на ёй расьпісваюцца сябры камісіі і назіральнікі. Ставіцца шырма. На гэтых выбарах за шырмай клалі аловак — вельмі многія абурыліся. Пры гэтым карыстацца ўласнай асадкай ніхто не забараняў.

«Кожнаму выбарніку загадзя прыходзіць запрашэньне на выбары. Калі табе гэтая картка прыйшла, гэта значыць, што тваё прозьвішча ў сьпісе для галасаваньня на тваім участку. Ты паказваеш свой дакумэнт, правы кіроўцы, ідзеш і галасуеш. Калі ў цябе гэтай карткі няма, але ты ў сьпісе выбарнікаў, то бюлетэнь выдаецца пасьля прад’яўленьня яшчэ аднаго дакумэнту».


«Тут усё трымаецца на даверы»

Але ёсьць і трэці варыянт. Калі выбарніка няма ў сьпісе камісіі, гэта ня значыць, што ён ня можа галасаваць. Часам дастаткова паказаць канадзкі пашпарт і ідэнтыфікацыйную карту грамадзяніна Канады разам з правамі кіроўцы.

«Але вішанька на торце — гэта калі ў цябе няма з сабой ніякага дакумэнту, які пацьвярджае грамадзянства. Тваю асобу тады можа пацьвердзіць іншы зарэгістраваны выбарнік. Ён павінен даць клятву, што ведае гэтага чалавека і што той, за каго ён ручаецца, мае канадзкае грамадзянства. Калі я працавала сябрам камісіі, для мяне гэта быў стрэс, бо ў памяці былі яшчэ сьвежыя беларускія выбары. Тут усё трымаецца на даверы».


07-0529EDC6-5708-482F-8CBD-6054616AC010_w1597_n_r0_st.jpg

Перад сустрэчай выбарчага штабу Ўладзіслава Лізаня


Каця распавядае пра экспэрымэнт, які правялі канадзкія блогеры падчас датэрміновага галасаваньня. Паколькі ў краіне свабода веравызнаньня, то ніхто ня можа цябе прымусіць адкрыць твар на выбарчым участку. Аднаго разу белы мужчына ўзяў сваю картку выбарніка, правы і пераапрануўся ў адзеньне мусульманскай жанчыны. На ўчастку ён без праблемаў атрымаў бюлетэнь і прагаласаваў.

«Фармальна ён не парушыў нічога. Ён прагаласаваў па сваіх правах, па сваёй картцы выбарніка, але пры гэтым ён выглядаў як мусульманская жанчына, з цалкам пакрытым тварам. Напэўна, замест яго мог прыйсьці хто заўгодна».

Участкі зачыняюцца ў 21:30. Але прагаласаваць маюць права ўсе тыя, хто стаў у чаргу да гэтага часу. Потым участкі зачыняюцца зусім, і пачынаецца падлік галасоў. Усё адбываецца пры назіральніках.

«Чальцы камісіі сядаюць з аднаго боку стала, а назіральнікі з другога. Скрыню адчыняюць пры назіральніках і вывальваюць усё зьмесьціва на стол. Кожны бюлетэнь паказваецца назіральнікам і заносіцца ў ведамасьць. Камісіі запісваюць кожны голас у свой дакумэнт, назіральнікі — у свой. Копія фінальнага пратаколу выдаецца кожнаму назіральніку».


08-A2F32B4E-1170-4CD0-9993-279D060B83E5_w1597_n_r0_st.jpg

Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў у акрузе, дзе працавала Каця


Калі няма надзвычайных здарэньняў, то ўжо дзесьці ў 22:30 штабы ведаюць вынік — ці праходзяць іх кандыдаты, ці не. У офісе вынікі падлічваюць вельмі хутка, бо назіральнікі імгненна дасылаюць лічбы праз аплікацыю. Пасьля ўсяго валянтэры, кандыдат і яго прыхільнікі сустракаюцца на імпрэзе, незалежна ад таго, перамог кандыдат ці не. Там гучаць выступы, робяцца фатаграфіі, пачастунак. Каця да ночы ладзіла імпрэзу ў штабе свайго кандыдата. Ён не прайшоў.

Дзьмітры Гурневіч, svaboda.org