На калінінградскай зямлі звінелі беларускія песні

15 верасня 2018 года ў раённым цэнтры Калінінградскай вобласці Расіі - г.Гвардзейску, прайшоў 19-ы фестываль беларускай культуры "Белыя росы", у якім прыняла ўдзел харавая капэла «Спадчына» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Выступленне дэлегацый з Латвіі і Літвы памяняла фармат культурнага форуму - ён стаў міжнародным.

15 верасня старадаўні Гвардзейск (гістарычна Тапіау) святкаваў свой 763-ы год нараджэння. Заснаванае прусамі паселішча ганарыцца сваёй багатай гісторыяй: тут захоўваўся архіў Тэўтонскага ордэна, спынялася «Вялікае пасольства» расійскага імператара Пятра I, кароль Фрыдрых Вільгельм I дараваў Тапіау статус горада, тут нарадзіліся вядомыя нямецкія мастакі Ловіс Корынт і Эрнст Маленхаўэр, паэт А.Твардоўскі дапісаў сваю паэму пра бравага салдата Цёркіна. Пра гэта турыстам расказваюць старадаўнія будынкі, замак, ратуша, кірха і сучасныя помнікі.

Цэнтральнай падзеяй свята горада з'яўляецца фестываль беларускай культуры "Белыя росы". Яго праводзіць муніцыпалітэт сумесна з грамадскай арганізацыяй «Калінінградскае зямляцтва беларусаў». У гэтым годзе 19-ы па ліку фестываль "Белыя росы" прымаў творчыя дэлегацыі з Латвіі, Літвы і Беларусі, што надало яму статус міжнароднага.

Харавая капэла «Спадчына» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і спявак Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса ў прыгожых беларускіх народных строях ўдзельнічалі ў святочным шэсці, а затым у гала-канцэрце. «Спадчына» выканала адну латышскую і тры беларускія песні, атрымаўшы магутную падтрымку гледачоў. Фестывальную праграму працягнулі беларускае падвор'е з дэгустацыяй нацыянальных страў, творчая вечарына з удзельнікамі фестывалю і надзвычайны феерверк.

Нядзельнай раніцай латвійска-літоўская дэлегацыя пакінула гасцінны Гвардзейск і накіравалася ў Калінінград. Немагчыма за пару гадзін агледзець усе выдатныя мясціны паўмільённага абласнога цэнтра, але маршрут пабудавалі так, каб абавязкова наведаць два аб'екты, звязаныя з беларускай тэмай. На тэрыторыі Калінінградскага ўніверсітэта імя І.Канта размешчаны манументальны бронзавы помнік Францыску Скарыне. «Удзячныя нашчадкі вялікаму славянскаму асветніку, беларускаму першадрукару Францыску Скарыне", - абвяшчае надпіс на пастаменце. Паспяховы бізнесмен беларускага паходжання прафінансаваў выраб помніка самаму знакамітаму земляку і падарыў яго Калінінграду. Другі аб'ект – сквер расійска-беларускага сяброўства, дзе гранітнымі плітамі выкладзеныя контуры карты Беларусі з кропкамі абласных гарадоў. Кожны ўдзельнік дэлегацыі стаў на тую частку карты, з якой вобласці ён родам. Атрымалася, большасць - выхадцаў з Віцебшчыны, што, зрэшты, нядзіўна, бо менавіта Віцебская вобласць мяжуе з Латвіяй і Літвой.

«Ансамблі Цэнтра беларускай культуры добра ведаюць у Даўгаўпілсе і Латвіі, яны рэгулярна выступаюць на фестывалях у Літве і Беларусі. Удзел у фестывалі ў Калінінградскай вобласці дазволіў пашырыць геаграфію нашых выступленняў у Балтыі, наладзіць сувязі з суайчыннікамі замежжа – беларусамі Расіі, прарэкламаваць імя Даўгаўпілса ў міжнародным культурнай прасторы», - адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.

Натхнёная фестывалем «Белыя росы», гістарычнай і культурнай спадчынай Гвардзейска і Калінінграда, ветлівасцю расійскіх беларусаў, «Спадчына» вярнулася дадому ў Даўгаўпілс – з новымі сувязямі, песнямі і планамі. Гэты год для творчага калектыву па праўдзе знамянальны - «Спадчына» адсвяткавала сваё 5-годдзе, выступала на фестывалі беларускай песні і танца «ФЭСТ» (Дагда, Латвія), «Вішнёвым фестывалі» (Глыбокае, Беларусь) і фестывалі беларускай культуры «Белыя росы» (Гвардзейск, Расія).

Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку ў арганізацыі паездкі на фэст муніцыпалітэту г.Гвардзейска, «Калінінградскаму зямляцтву беларусаў» і асабіста Алене Козыравай і Васілю Яльцу, Генеральнаму консульству РФ у Даўгаўпілсе, Візаваму цэнтру РФ у Даўгаўпілсе.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)