На Беласточчыне – сьвята тэатру: фэстываль «Одэ»

Больш за 10 спэктакляў на беларускай мове ды на падляскім дыялекце беларускай мовы было паказана на 4-м тэатральным фэстывалі «Одэ».

Слова «одэ» на падляскай гаворцы абазначае «тут», «у гэтым месцы».

І таму, паводле арганізатараў фэстывалю, асноўная мэта форуму – паказаць, што тут, на Падляшшы, на Беласточчыне, ёсьць свой тэатар і спэктаклі на беларускай гаворцы.

На гэтым тыдні публіка зможа ўбачыць спэктакль «Рамэа й Джульета» (пераклад на беларускую мову Кандрата Крапівы), адаптаваны да ўмоваў беларускай вёскі ваколіцаў Гайнаўкі, «Шлях да Бэтлеема» Гарадзенскага лялечнага тэатру ды «Мне ня сорамна» Тэатру беларускай драматургіі.

У рамках фэстывалю «Одэ» адбудзецца таксама адзначэньне 30-гадовага юбілею мастацкай працы беларускага драматурга Сяргея Кавалёва.

Ад Беласточчыны выступаюць непрафэсійныя трупы, але яны шмат працуюць і паказваюць спэктаклі на высокім узроўні, гаворыць Яанна Троц з тэатра «Чрэво».

Яраслаў Іванюк, “Польскае радыё”
На фота аўтара: спэктакль «Дарожныя прыгоды Віты» тэатра «Казачкі бай!» у Доме праваслаўнай культуры ў Бельску Падляскім.