«Музы́ка цяпер мусіць быць бізнэсоўцам». Гутарка зь беларусам, які вучыцца ў адной з найпрэстыжнейшых кансэрваторыяў сьвету

Мянчук Марк Прыходзька грае на віялянчэлі з шасьці гадоў. Вучоба ў гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі, удзел у музычных конкурсах і розных праектах — і ў 14 гадоў талент хлапца заўважылі і запрасілі навучацца ў ЗША. Так пачалося ягонае жыцьцё, як ён кажа, «бязроднага касмапаліта».

У інтэрвію Свабодзе 21-гадовы музыка расказаў пра свае праекты ў Беларусі, заробкі музыкаў у ЗША і культурную розьніцу між беларусамі і амэрыканцамі.

«Мяне дзівіць тэрмін „эміграцыя“ ў XXI стагодзьдзі»

— Як вы трапілі ў ЗША?

— Атрымалася цудоўная камбінацыя. Відэарэжысэр Мікалай Шупiлаў, які здымае канцэрты ў філярмоніі, запісаў канцэрт да юбілею Аляксандра Стагорскага, у якім браў удзел і я. А адна з маіх сябровак у той момант была ў ЗША на майстар-клясах. Яе запыталі, ці ёсьць таленавіты віялянчэліст, якога яна магла б парэкамэндаваць для навучаньня. Яна паказала той запіс. Так пачаўся мой дыялёг з школаю Шатак-Сэнт-Мэры ў штаце Мінэсота. У выніку гэтага дыялёгу мне далі грант, які аплочваў мне жыцьцё і навучаньне там. А наўзамен я мусіў даць пэўную колькасьць канцэртаў для прамоцыі школы.

Паралельна я вучыўся ва ўнівэрсытэце Мінэсоты. У Амэрыцы няма сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, таму давялося спалучаць школу і дакансэрваторскую праграму ва ўнівэрсытэце.

Апошнія тры гады я сумяшчаю навучаньне ў кансэрваторыі Джульярд у Нью-Ёрку з канцэртамі, праектамі і жыцьцём, так бы мовіць, бязроднага касмапаліта. Мяне дзівіць тэрмін «эміграцыя» ў XXI стагодзьдзі. І час, і ўсе іншыя абставіны дыктуюць нам тое, што няма цяпер прывязкі да месца.

Гэтым летам я месяц правёў у Стамбуле, запісваючы дыск. Два месяцы мы правялі ў Беларусі, займаючыся праектамі і выстройваньнем сэзону, граючы канцэрты па ўсёй краіне. Вось цяпер я ў Нью-Ёрку і спрабую выстраіць свой расклад налета. Але праз два тыдні, магчыма, палячу кудысьці граць канцэрт.

— Ці было вам, 14-гадоваму хлопцу, страшна ехаць за акіян?

— Ехаць мне было ня страшна, страшна было, калі я ўжо прыехаў. Тое, што ў 14-гадовага хлопца ў галаве пры слове «Амэрыка», — гэта зусім ня тое, што ёсьць насамрэч. Яна іншая, яна цудоўная, але па-свойму. Гэта ня толькі цыгары, джаз-клюбы і м’юзыклы. Мне давялося прывыкаць да рэчаў, моцна адрозных ад таго, што я бачыў у сваім дзяцінстве ў Беларусі.

— А ў чым праяўляецца гэтая культурная розьніца?

— Усе людзі больш-менш з аднаго цеста. Але тут людзі пачуваюцца значна больш свабодна. Амэрыканцы вельмі цэняць вышэйшую адукацыю, гэта часта важная мэта ў жыцьці. Я не ведаю ніводнае 13-14-гадовае дзіця ў Беларусі, якое б ведалі, куды хоча паступіць. Тут людзі разумеюць, што адукацыя — гэта амаль што адзінае, што дае дарогу ў жыцьцё.​

«Джульярдзкая школа — Мэка для талентаў»

— Чым адметная ваша школа? Чаму вы абралі менавіта яе?

— Пасьля Мінэсоты я зразумеў, што хачу вучыцца далей. Я езьдзіў шмат па якіх кансэрваторыях, шмат дзе здаваў уступныя іспыты. І вось Julliard School прапанавала мне, бадай, найлепшыя ўмовы, якія толькі можа атрымаць музыка майго ўзросту.

Гэта легендарнае месца ў цэнтры Мангэтана, у адным квартале з Мэтраполітан-Опэрай. Там вучацца ня толькі музыкі, але і танцоры, сьпевакі, акторы і драматургі. Пачынаючы з 1950-х гадоў Julliard School называюць Мэкай для маладых і таленавітых людзей. Конкурс — 2 тысячы чалавек на 8-9 месцаў — стандартная сытуацыя для гэтай школы.

— І вы здолелі паступіць, нягледзячы на вялікі конкурс? На якіх умовах праходзіць вашае навучаньне?

— Я здолеў атрымаць тое, што завецца fellowship. Гэта грант, які падтрымлівае мяне ўва ўсіх праектах, каб ні пра што, акрамя праектаў і вучобы, я ня думаў.

Каб атрымаць fellowship, я проста зайграў уступны экзамэн. Праз пэўны час са мной зьвязаліся прадстаўнікі школы і сказалі: «Пад’едзь сюды, мы павінны з табой пагаварыць». Я сказаў: «Добра, буду праз 2 гадзіны». Мне адказваюць: «Ты не зразумеў, нам трэба зараз». Я сказаў: «Буду праз гадзіну, мне трэба паесьці». Калі я прыйшоў, то мне на стол паклалі кантракт з такімі ўмовамі, ад якіх адмовіцца было немагчыма. Заснавалі грант С’юзі і Брус Коўнэры, якія доўгімі гадамі дапамагаюць культуры ЗША. Я ганаруся з тым, што знаёмы з імі.

— Як выглядае ваш навучальны працэс?

— Хочаце шчыра? Я ня вельмі ведаю. У мяне было цудоўнае навучаньне ў Беларусі і Мінэсоце, таму многія прадметы я ўжо прайшоў. Цяпер маю па 2 пары на тыдзень. Кожны сэмэстар — гэта вельмі розныя людзі: розных кірункаў, з усяго сьвету.

Тут няма групаў, ёсьць толькі мой год, і я шмат каго ня ведаю. Сам выбіраю свой расклад. У гэтым сэмэстры ў мяне будзе сэрыя лекцыяў пра Бэрнстайна — кампазытара і дырыжэра — ад людзей, якія зь ім працавалі. Таксама буду вывучаць эўрапейскую музычную тэорыю XX–XXI стагодзьдзяў, яшчэ ўзяў курс пра Вагнэра. У нас заняткі па спэцыяльнасьці хутчэй нагадваюць урок. Кожны тыдзень праходзіць індывідуальны ўрок, таксама ёсьць студыйныя клясы. Падчас іх усе студэнты зьбіраюцца ў свайго пэдагога. Калі хтосьці рыхтуецца да выступу, то можа парэпэтаваць праграму там. Заўсёды ёсьць кава, сушы — сяброўская атмасфэра музычнай сям’і.

— Існуе думка, што музыкі вельмі шмат займаюцца — па некалькі гадзінаў на дзень. А як шмат часу вы праводзіце за інструмэнтам?

— Гэта кампрамэтацыйнае пытаньне! Папраўдзе па-рознаму. Вось кагадзе я быў у туры і таму займаўся па некалькі гадзін, каб засвоіць праграму. Але ўсё яшчэ магу дазволіць сабе нейкія моманты адпачынку — не дакранацца да інструмэнта. Мо гэта ня вельмі прафэсійна, але праўдзіва.

Колькасьць гадзін, якія ты граеш, не заўсёды суадносіцца зь якасьцю. Можаш займацца па 15 хвілін на дзень і зьбіраць поўныя залі. На якасьць гульні ўплывае шмат фактараў: рэпэртуар ды нават тое, як я пачуваюся, што паеў перад канцэртам — мяса ці салату.

— Наколькі добра аплочваецца праца клясычнага музыкі ў ЗША?

— Вельмі добра. Я б сказаў, што гэта найлепшая плата на сусьветным рынку. Праўда, музыка можа атрымаць і 2 даляры, а можа і 200 тысяч. Такая розьніца залежыць ад залі, колькасьці людзей, арганізатараў, самога музыкі.

У ЗША да клясычнай музыкі ўжываецца бізнэс-падыход. У XXI стагодзьдзі музыка мусіць быць бізнэсоўцам. Чым раней ён гэта зразумее, тым больш пасьпяховым стане. У маёй школе апошнім часам зьявіліся такія курсы, як «Музычны бізнэс», «Гукаінжынэрыя», «Мэнэджмэнт». На іх робіцца моцны націск. Ніхто не застрахаваны ад таго, што заўтра ня здолее граць, а рабіць нешта трэба будзе.

У ЗША музыкі ў асноўным зарабляюць канцэртамі, заняткамі. Могуць сыходзіць у спадарожныя сфэры: музычны мэнэджмэнт, тэатар.

Продаж музыкі на дысках ці праз стрымінгавыя сэрвісы грошай не прынясе. Сама больш атрымаецца вярнуць грошы, што пайшлі на запіс. Таксама з запісам могуць дапамагчы мэцэнаты.

Я асабіста зарабляю па-рознаму. Некалькі гадоў займаюся праектным мэнэджмэнтам. Некаторыя з іх зьвязаныя з мастацтвам: напрыклад, я прадзюсірую дакумэнтальны фільм і вялікага музычнага турэцка-амэрыканскага праекту. У лістападзе прывязем у Беларусь разам з Equilibrium Arts XJazz з Бэрліну. Ёсьць і больш скіраваныя ў бізнэс праекты. На жаль, падрабязьней сказаць не магу: па ўмовах кантракту не маю права гаварыць да «выхаду ў сьвет». Гэта прыносіць і даход, і задавальненьне. Калі ў цябе не ляжыць душа да справы, то навошта чымсьці займацца?

— Наколькі папулярная клясычная музыка ў ЗША?

— Вельмі папулярная. Нью-Ёрк літаральна дыхае клясычнай музыкай. Яна тут «з кожнага праса», гучыць у мэтро, у крамах.

— Хто ў асноўным падтрымлівае клясычную музыку ў ЗША?

— Вы не паверыце — усе! Калі вы разгорнеце праграмку Мэтраполітан-Опэры, то 10 апошніх старонак складаюцца з прозьвішчаў людзей, якія далі грошы. І там ёсьць некалькі катэгорыяў: ад тых, хто даў больш за 100 мільёнаў, да ахвярадаўцаў 100 даляраў.

«Міністэрству культуры ні да чога сучаснае мастацтва»

— У Беларусі вы ладзіце праект ARTEMP. Што гэта такое і навошта яно вам трэба?

— Гэта быў плод хворай фантазіі. Я наглядзеўся ў сьвеце на розныя рэчы і зразумеў, што ўсё ідзе да зьліцьця ўсіх формаў мастацтва ў адно. Таму мы вырашылі стварыць плятформу, дзе будзе месца для экспэрымэнтаў і пэрформансаў, у якіх будзе апавядацца гісторыя. Мы пасьпелі зладзіць некалькі пэрформансаў, сэрыю лекцыяў, некалькі канцэртаў у псыханэўралягічных інтэрнатах.

Рабілі мы і кампазытарскую акадэмію, якая давала маладым беларускім кампазытарам магчымасьць пазнаёміцца з сучаснай эўрапейскай музыкай. Яна складалася з індывідуальных заняткаў, рэпетыцый, лекцый па сэлф-мэнэджмэнце і нефармальнай камунікацыі. Гэта быў цудоўны досьвед. Я вельмі рады, што ўсё атрымалася.

Зараз ARTEMP, імаверна, перарасьце ў нешта большае і пакрые большую тэрыторыю. Больш канкрэтна сказаць пакуль што не магу.

— Як вы здолелі знайсьці спонсараў для гэтага праекту?

— Як чалавек, які зьехаў зь Беларусі ў 14 гадоў, я быў ня вельмі знаёмы з тым, як тут робяцца справы. Таму я перш-наперш зьвярнуўся да экспэртаў, якія маюць досьвед у арганізацыі такіх падзеяў.

Спонсараў і партнэраў знаходзіў і праз асабістыя сувязі. Было складана. Ёсьць тры формы працы ў Беларусі: рабіць як трэба, рабіць як ня трэба і рабіць нелегальна, але каб атрымалася. Я заўсёды за тое, каб рабіць «як трэба», але, на жаль, прыходзілася рабіць «як ня трэба». Было складана знайсьці заканадаўчую базу, разабрацца з законамі, якія супярэчаць адзін аднаму. Зьмірыцца, што вусныя дамовы могуць не выконваць. Напачатку я хацеў пайсьці ў Міністэрства культуры і распавесьці ім, які гэта цудоўны праект, але неўзабаве зразумеў, што Міністэрству сучаснае мастацтва...

А зараз я пляную каштаваць усё на смак. Праўда, сьпяваць і танцаваць ня здолею. А так — на ўсе застаўкі.

КТ, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение