Міхась Андрасюк сустрэўся з беластоцкімі чытачамі

Расказы пра правінцыю ў літаратуры і супольнае чытанне фрагментаў кніг. Беларускі пісьменнік Міхась Андрасюк быў чагровым госцем беластоцкага клуба чытачоў Ex Libris.

Андрасюк у сваіх кнігах паказвае жыццё польскай правінцыі на польска-беларускім памежжы. Такая будзе таксама чарговая кніга, фрагменты якой пачулі ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы. Паводле Міхася Андрасюка, кніжка мае быць выдана напрыканцы гэтага года і будзе расказваць пра героя, лёс якога звязаны з Падляшшам і Беларуссю.

– Гэта кніжка, падзеі якой адбываюцца ў трохвугольніку Беласток-Менск-Белавежская пушча. Тры розныя светы, якія перасякаюцца ў лёсах аднаго чалавека. Класічнае нашае беларускае, дзе мы, беларусы Падляшша, спалучаем у сабе такія розныя светы.

Міхась Андрасюк з’яўляецца пісьменнікам, журналістам, актыўным дзеячам беларускай меншасці ў Польшчы. Дэбютаваў у тыднёвіку «Ніва» вершамі. Аўтар кніг прозы «Фірма», «Мясцовая гравітацыя», «Белы конь».

Лукаш Леанюк, “Беларускае Радыё Рацыя”