Міхась Андрасюк: Мне цікавы асобны чалавек, яго ўнутраны свет

У сваіх кнігах пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы паказвае жыццё правінцыі на польска-беларускім памежжы. Міхась Андрасюк падзяліўся думкамі пра патрыятызм, пра тэму правінцыі ў літаратуры і распавёў пра сваю новую кнігу.

“Радыё Рацыя”: У гэтым годзе мы адзначаем 100-годдзе БНР, 100-годдзе аднаўлення незалежнасці Польшчы. Такія даты павінны выклікаць патрыятычныя пачуцці. Ці можна сказаць, што беларусы Падляшша мусяць быць беларускімі патрыётамі?

Міхась Андрасюк: Патрыятызм – з’ява вельмі складаная. Бываюць розныя выявы патрыятызму. Мне, скажам, бліжэй тое, што побач. Маё наваколле, мой панадворак, маё дрэва. Але з такіх маленькіх цаглінак складаецца штосьці вялікае, тое, што ў рэшце рэшт стварае дзяржаву, нацыю. Я ў сваёй творчасці пазбягаю пампезных патрыятычных тэм. Больш цікавы мне асобны чалавек, яго ўнутраны свет. Не заўсёды той, хто бесперапынна паўтарае пра свой патрыятызм, – патрыёт.

Беларусы Падляшша мусяць быць патрыётамі дзяржавы, у якой жывуць. Бо з Польшчай мы зжыліся, безумоўна. Мы сваімі каранямі сягаем аж да Першай Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. І гэты прыватны патрыятызм выражаецца ў тым, што мы захоўваем сваю мову, сваю культуру, нясем яе праз пакаленні. І гэта таксама патрыятызм, і не трэба складаць вершы пра любоў да сваёй роднай мовы. Дастаткова размаўляць на гэтай мове.

РР: У мінулым годзе Вы сказалі, што працуеце над новай кнігай. Як ідзе праца?

Міхась Андрасюк: Я ўжо паціху стаўлю апошнія кропкі ў гэтай кнізе. Застаецца рэдактура і можна аддаваць у друк.

РР: Пару слоў пра змест.

Міхась Андрасюк: Гэта кніжка, падзеі якой адбываюцца ў трохвугольніку Беласток-Менск-Белавежская пушча. Тры розныя светы, якія перасякаюцца ў лёсах аднаго чалавека. І кожнае з гэтых месцаў адрознае. Адначасова яны перасякаюцца. Класічнае нашае, беларускае, дзе мы, беларусы Падляшша, спалучаем у сабе такія розныя светы. Кніжка пра жывых і мёртвых. Кніжка пра каханне, пра нашую беларускую немач таксама. Пра шлях да свабоды, пра пошукі свабоды. 

Міхась Андрасюк дэбютаваў у тыднёвіку «Ніва» з вершамі. Ён аўтар кніг прозы «Фірма», «Мясцовая гравітацыя», «Белы конь».

Лукаш Леанюк, “Беларускае Радыё Рацыя”