Міхал Андрасюк – лаўрэат літпрэміі „Гліняны Вялес”

Аргкамітэт літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” у Дзень Волі абвясціў імя свайго чарговага лаўрэата. Ім стаў празаік з Падляшша Міхал Андрасюк за раман „Поўня”. Выдаўцом кнігі з’яўляецца Праграмная рада тыднёвіка „Ніва”.

Аргкамітэт „Вялеса” патлумачыў, як кніга, на тытуле якой стаіць 2018 год выдання, трапіла ў сёлетні шорт-ліст прэміі. „Раман „Поўня” насамрэч пабачыў свет увесну 2019 года, хоць на вокладцы стаіць 2018-ы. Таму кніга не магла трапіць у шорт-ліст Вялеса за 2019-ы, бо шорт складаецца ў студзені. Улічваючы гэтую акалічнасьць, аргкамітэт прыняў рашэнне уключыць кнігу ў шорт за 2019 год.”

Міхал Андрасюк нарадзіўся 2 снежня 1959 года ў Гайнаўцы на Падляшшы. Празаік. Піша па-беларуску і па-польску.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Войнаўка Дубіцкай гміны. Скончыў у 1978 годзе беларускі ліцэй у Гайнаўцы, працаваў настаўнікам і каменячосам, затым журналістам Беларускага Радыё Рацыя.

Дэбютаваў у «Ніве» (1979) вершамі. Аўтар зборніка апавяданняў «Фірма» (Беласток, 2000), дзе яскрава засведчыў разлад, народжаны дзевяностымі. У кнізе «Мясцовая гравітацыя» паказаў жыццё польскай правінцыі на польска-беларускім памежжы, яна пра маленькіх людзей са сваімі звычкамі, дзівакаватымі норавамі, смешнымі надзеямі. У 2006 годзе з’яўляецца аповесць «Белы конь», пабудаваная як зборнік апавяданняў, якія разам складаюцца ў гарманічную карціну свету — праз гісторыі продкаў, летапіс сям’і. Кніга атрымала літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беласток імя Веслава Казанецкага. Працягам стала кніга мастацкай прозы «Поўня», дзе сямейны летапіс перапісаны на ўзроўні метафарычным.

Лаўрэат 2-й прэміі імя Ежы Гедройца ў 2019 годзе за кнігу «Поўня».

Старшыня аргкамітэта літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” Алесь Аркуш паведаміў, што існуе дамоўленасць адносна ўручэння сёлета прэміі ў траўні на беразе возера Іпуць Глыбоцкага раёна на базе аб’яднання мясцовых аграсядзіб „Вялесаў шлях”. Але з-за пандэміі каронавіруса ўрачыстасць пераносіцца на больш позні тэрмін.



Шорт-ліст літпрэміі „Гліняны Вялес -2020”

Валянціна Аксак. «Кава ў арліным гняздзе». Менск, «Кнігазбор»

Міхал Андрасюк. «Поўня». Беласток, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»

Леанід Дранько-Майсюк. “…Усе бачылі нястачу віна…”. Менск, «Кнігазбор»

Ігар Кулікоў. «Храм ракі». Менск, «Янушкевіч»

Анхеля Эспіноса Руіс. «Колер крылаў». Менск, «Кнігазбор»

Уладзімір Сцяпан. «Хвалі». Менск, «Мастацкая літаратура»

Макс Шчур. «Кінараман». Менск, «Логвінаў».



Найстарэйшая незалежная беларуская літаратурная прэмія „Гліняны Вялес” была заснавана ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літратараў. Яна даецца за лепшую беларускамоўную мастацкую кнігу. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся: Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і інш.

Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

„Беларускае Радыё Рацыя“