Майстар-класы з Міхасём Андрасюком прайшлі ў Шчытах

Адкуль узяць думкі на апавяданні і калі прыходзіць творчае натхненне? Пра гэта ды іншыя рэчы, звязаныя з творчасцю «слова», расказваў маладым людзям з Бельска Падляшскага пісьменнік Міхась Андрасюк.

Аўтар кніжак “Белы конь”, “Вагон другой класы” ды “Крыжык”, заахвочваў вучняў беларускай гімназіі, уважліва назіраць наваколле і запісваць свае ўражанні. Потым гэтыя назіранні трэба праліць на паперу, дадае Міхась Андрасюк:

— Літаратура — гэта звязаць словы так, як яны ў нашай штодзённай мове не звязваюцца паміж сабой, але спалучыць іх таксама так, каб намаляваць абраз, настрой, думку, паказаць смутак ці радасць.

Майстар-класы па пісанні тэкстаў з Міхасям Андрасюком ладзіў Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцёлове. Заняткі, арганізаваныя ў межах праекта “Традыцыя – сучаснасць – будучыня” – цыкла сустрэчаў з пісьменнікамі, музыкамі, рэжысёрамі, фатографамі ды народнымі мастакамі ў цэнтры Шчыты.

Лукаш Леанюк, “Беларускае Радыё Рацыя”