„Малы юбілей – XX Бязмежжа”

„Малы юбілей – XX Бязмежжа”. Пад такой назвай на Падляшшы прайшоў літаратурны семінар, арганізаваны праграмнай радай тыднёвіка „Ніва” і Беларускім саюзам у Польшчы.

Ужо дваццаць гадоў менавіта тут, у Белавежскай пушчы, пісьменнікі з абодвух бакоў мяжы размаўляюць пра беларускую літаратуру. Першы дзень семінара быў прысвечаны тым, каго сёння няма побач з намі, а таксама размовам пра 15-годдзе „Дзеяслова”, дзейнасць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і пра новыя выданні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Апошнія дыскусіі ўдзельнікі прысвяцілі тэме літаратуразнаўства.

Пра Рыгора Барадуліна і Юрку Гуменюка у сваім рэпартажы ўзгадаў Міхась Андрасюк:

– Юбілей – гэта нагода, каб узгадаць тых, хто сышоў ад нас на другі бок неба. Яшчэ раз пачуць іх галасы, паглядзець на іх твары на відэазапісах. Задумацца пра час, які мінае. Пабачыць сябе на відэа 20-гадовай даўніны, якія мы былі маладыя і прыгожыя, і параўнаць, якія мы сёння.

Анатоль Івашчанка адзначыў, што менавіта „Белавежская” літаратуразнаўчая школа вельмі моцная дзякуючы, перш за ўсё, Яну Чыквіну.

– Трэба прызнаць што наогул стан беларускага літаратуразнаўства даволі сумны. На дзяржаўным узроўні літаратуразнаўства пахаванае на нашых вачах. Гэта сумна. Змрок пачаў ахінаць усю гэтую сферу дзесьці з пачатку 2000-х гадоў. Трэба супраціўляцца і ў тым ліку таварыства «Белавежа», вядома, гэта робіць, што можа. Таму дзякуй Яну Чыквіну ў тым ліку і за тое, што пра «Дзеяслоў» ён не забываецца дасылаючы свае публікацыі.

ХХ літаратурны семінар „Бязмежжа” завяршыў конкурс „Дэбют”, зладжаны Тыднёвікам Беларусаў у Польшчы „Ніва”. Менавіта сёння даведаемся, хто з’яўляецца найбольш перспектыўным творцам на думку арганізатараў.

***

Дыскусіі, прэзентацыі і прамоцыі – гэта толькі невялікая частка таго, што праходзіла ў рамках ХХ літаратурнага семінару „Бязмежжа”.

Сваё пачэснае месца на мерапрыемстве заняла і постаць Сакрата Яновіча, дзейнасць якога працягвае фонд Villa Sokrates, які пастараўся, каб славутыя мініяцюры пісьменніка выйшлі на дыску. Творы для кружэлкі зачытаў Міхась Андрасюк.

– На што я звярнуў увагу, чытаючы мініяцюры. Ёсць там тэксты 30-гадовай даўніны і старэйшыя. Але яны застаюцца актуальнымі. Я зразумеў, што гэта пра мяне, пра ўсіх нас.

Сваё месца на літаратурным семінары знайшлі і маладыя сучасныя пісьменнікі. Таксама прайшлі аўтарскія сустрэчы з Віталём Рыжковым, Усеваладам Сцебуракам ды Змітром Бартосікам.

Першая частка дакладаў у суботу была прысвечаная альманаху „Дзеяслоў”, які за 15 гадоў існавання выдаў свой юбілейны 90 нумар. У ім друкавалася шмат падляшскіх пісьменнікаў.

Менавіта пра феномен літаратуры Падляшша распавёў Анатоль Івашчанка:

– Пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў створана Таварыства ўкраінскай літаратуры, якое заснавала, ачоліла Наталка Бабіна, і нават выдаецца альманах “Справа”, дзе друкуюцца аўтары, якія пішуць, у тым ліку і па-беларуску, але пры гэтым жывуць ва Украіне. Падобных альманахаў у Літве, Расеі няма. Сапраўды, такога феномену, як літаратура Падляшша, прынамсі я не магу і блізка знайсці на іншых памежных тэрыторыях.

У рамках літаратурнага семінару можна было пачуць новыя вершы Андрэя Сцепанюка, аўтара зборніка вершаў „Распісаны квадрат”.

Паводле “Беларускае Радыё Рацыя”