Макс Шчур пра Зянона Пазьняка: “Ён не прарок, не месія – ён... выкапень...”

Пісьменнік і перакладчык з Чэхіі Макс Шчур падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля прагляду нашумелага інтэрв’ю Зянона Пазняка, якое выйшла ўчора на Радыё "Свабода":


Не паленаваўся, паслухаў доўгае інтэрвію з Пазьняком. Магчыма, я некага зьдзіўлю, бо зьдзівіўся сам: я нашмат лепей разумею яго цяпер, магчыма, пад уплывам свайго «ом» і нашага беларускага фб. Не сакрэт, што я ніколі ня быў прыхільнікам Зянонавых поглядаў, але мушу аддаць яму даніну пашаны. Слухаючы ягоную інтанацыю і для кагосьці парадаксальны спосаб разваг, я пазнаю многіх ведамых мне калісьці беларусаў старэйшага пакаленьня і разумею, што Зянон – сапраўднае, не фальшаванае ўвасабленьне народнага духу. Вось толькі дзе той народ...

Зянон, як я бачу, з гадамі – усё менш палітычны і ўсё больш духоўны лідэр. Гэта яму пасуе больш за палітыку, ён фігура акурат такога маштабу. Гэта лідэр фактычна бяз «войска», бо нават тыя, хто лічыць сябе «ягонымі» людзьмі – як на мяне, не зусім ягоныя людзі. Патэнцыйна «ягоныя» – гэта ніякія не нацыяналісты, а ўсе людзі зь Беларусьсю ў сэрцы і з элемэнтарным сумленьнем, якія «ніколі ня будуць гнабіць рускамоўнага беларуса» (хто не чакаў ад ЗП гэтых словаў, той я), людзі некарысьлівыя, якія сапраўды жывуць дзеля народа і простага чалавека. Паўтаруся, вось толькі дзе той народ і дзе той чалавек... У сэрцы, у памяці – бадай, усё...

Менавіта ў гэтай духоўнасьці (няважна, хрысьціянскай там ці не) – галоўнае з майго гледзішча адрозьненьне Пазьняка ад псэўдаапазыцыі, якой ён дае абсалютна дакладнае вызначэньне, і ад псэўдаэліты зь яе прэтэнзіямі да даярак, як трапна выказаўся сам ЗП. Тое, што я ў ягоных словах заўжды ўспрымаў як радыкалізм, сёньня зусім не здаецца мне радыкалізмам. Наадварот, як буддыст я ня менш адкрыта пагарджаю ўсякімі лібэраламі й быдла-індывідуалістамі, якія думаюць, што яны соль зямлі, будучы насамрэч яе гноем і «гарматным мясам» капіталізму. З другога боку, як эмігрант я маю ніяк ня менш за ЗП ілюзій пра «бацькаўшчыну», ад якіх, што праўда, плянамерна вучуся пазбаўляцца.

Натуральна, як палітык Зянон Станіслававіч – не зусім з гэтых часоў. Ягоная галоўная праблема ў тым, што ён ня ведае Захаду: жыве ў сваёй бурбалцы, не разьбіраецца ў заходнім грамадзтве і бай дэфолт, паводле традыцыі «халоднай вайны» лічыць яго хаўрусьнікам у змаганьні з «барбарскім Усходам». Яго можна зразумець, дый іншых хаўрусьнікаў узяць няма дзе. Гэта праблема ці ня ўсіх эмігрантаў: дзеля разьвязаньня партыкулярных праблем нацыі яны часта ідуць/ішлі на хаўрус зь вельмі падазронымі дзеячамі й ідэалёгіямі, а хто ня йшоў – той проста выпадаў з палітыкі. Гэтае надзвычай павярхоўнае разуменьне Захаду ў камбінацыі з хрысьціянскім дагматызмам і дае пазьнякоўскую гамафобію, русафобію, фобію «крышнаізацыі»... Ну хто з нас у свой час не лічыў, што сэнсам існаваньня Захаду павінна быць змаганьне «за Беларусь»? А ўсё, што па-за гэтым, здаецца нам, шчырым беларусам, падазроным. Вядома, нашто б ехалі на той Захад, калі б не спадзяваліся знайсьці там хаўрусьнікаў у змаганьні? У выніку рэальных хаўрусьнікаў тут не знайшлі, а «на бацькаўшчыне» страцілі.

Але духоўнасьць Пазьняка – не ў дагматыцы. Яна ў ягонай сапраўднай, глыбокай веры ў народ і ў кожнага чалавека паасобку, у ягоную творчую энэргію, жыцьцёвы патэнцыял. Для яго гэта і ёсьць вера ў Беларусь. Яна і дае яму сілу жыць далей і жартаваць, што ўсе дасягненьні ў яго наперадзе. У гэтым сэнсе гэта нашмат больш прасьветлены і адэкватны чалавек за многіх сваіх лібэральных апанэнтаў. Пад такой верай я магу толькі абедзьвюма рукамі падпісацца. Нават з усьведамленьнем таго, што значным складнікам гэтай веры (напэўна, усякай веры) ёсьць самападман, wishful thinking.

Мець такіх апанэнтаў як Пазьняк – гэта ня толькі гонар, а яшчэ і ўдача. Асабліва гэта відаць сёньня, на фоне ўсеагульнага здрабненьня й ідыятызацыі беларускай інтэлігенцыі, якая пераймае «літару» пазьнякоўскіх радыкальных заклікаў, але не пераймае ягонага духу. Калі два кажуць тое ж – гэта не адное і тое ж, асабліва калі другі – бязмозглы дэкаратыўны папугай. Не, Пазьняк радыкальнейшы за сваіх апалягетаў, таму што ён і разумнейшы, і больш дасьведчаны за іх. Іхны погляд у інтэрвію быў прадстаўлены дзевачкай, якая яўна разумнейшая за моркву, тым ня менш вымушаная пытацца як бы ад імя морквы. Некаторых асабліва «правакацыйных» пытаньняў Пазьняк нават не разумее, але яны яго і не бянтэжаць: ён высакародна робіць зьніжку на агульны ўзровень сваёй аўдыторыі – камэнтатараў кшталту «совсем плох дед» і вотэтовотвсё. Горка прызнацца, але я яго, на жаль, разумею – і спачуваю, бо сам часта адчуваю сябе замежнікам у размовах зь людзьмі, якія навучыліся ляпаць па клявішах і развучыліся разумець сэнс сказанага.

Адным словам, такога чалавека як Зянон слухаць ня сумна, хоць бы і дзьве гадзіны. Можна зь ім не пагаджацца – нельга яго не паважаць. Старэйшы век яму пасуе, ягоная мудрасьць неяк больш аформілася, стала менш агрэсіўнай. Ён не прарок, не мэсія – ён... выкапень, у добрым сэнсе гэтага слова. Такіх беларусаў усё меней і хутка не застанецца зусім.

budzma.by