Лукашэнка накіраваў спачуванне родным Алфёрава: «Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі»

Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім акадэміка РАН, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жарэса Алфёрава, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«З пачуццём глыбокага смутку Беларусь ўспрыняла вестку пра смерць Жарэса Іванавіча Алфёрава. Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі, выдатны вучоны нашай эпохі, нобелеўскі лаўрэат, вядомы грамадскі дзеяч», — гаворыцца ў спачуванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, увасабляючы сабой высокія ідэалы дабра і справядлівасці, Жарэс Алфёраў заслужыў высокае прызнанне землякоў і сусветнай грамадскасці. «У Беларусі яго любілі па-сапраўднаму, і ён з асаблівай любоўю заўсёды ставіўся да сваёй Радзімы. Мы назаўжды запомнім яго як сапраўднага патрыёта, чалавека з шырокай душой і вялікім сэрцам. Уласцівыя Жарэсу Іванавічу шырата поглядаў і інтарэсаў, незвычайная працавітасць і актыўная жыццёвая пазіцыя сталі дастойным прыкладам для суайчыннікаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«У гэты жалобны дзень выказваю шчырыя спачуванні з нагоды гэтай незаменнай страты родным і блізкім. Светлая памяць пра Жарэса Іванавіча назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах», — гаворыцца ў спачуванні.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў памёр у Санкт-Пецярбургу 1 сакавіка. Вучоны нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Пасля вайны жыў у Мінску, скончыў сярэднюю школу № 42, цяпер гэта гімназія, якая носіць яго імя.

Алфёрава пахаваюць у аўторак, 5 сакавіка, пад Санкт-Пецярбургам на могілках у дачным пасёлку Камарове, дзе ў прыватнасці пахаваная Ганна Ахматава.

“Наша Ніва”