Латушка: Ці запрасілі пана Фазэля на начное паляванне на стужачкі і мірных беларусаў?

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка пракаментаваў візіт старшыні Міжнароднай хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазэля ў Мінск.


-tve34.jpg

Свой пост Латушка праілюстраваў сумесным фота Рэнэ Фазэля і Дзмітрыя Баскава.


«Сутнасць візіту Рэнэ Фазэля застаецца ганебна відавочнай, якімі б прыгожымі словамі пра «спорт па-за палітыкай» ні спрабавалі прыкрываць закулісную здзелку, — адзначыў Латушка. —

Адзінае, што застаецца невядомым: ці запрасілі спадара Фазэля на папулярную ў старшыні Федэрацыі хакея Беларусі забаўку — начное паляванне на стужачкі і мірных беларусаў?

Права сапсаваць сваю рэпутацыю на заходзе кар'еры застаецца за спадаром Фазэлем. Але папярэджваем: калі гэты візіт усё ж такі выльецца ў недачэмпіянат, то гуляць прыйдзецца супраць вельмі шматлікай каманды — каманды гордага беларускага народа. Нягледзячы на арышты і рэпрэсіі, на якія вы заплюшчваеце вочы, наша каманда будзе самай моцнай, бо мы на баку Дабра.

Рыхтуйцеся да паразы, пане Фазэль», — напісаў Латушка.

nn.by