Кніжныя навінкі з Менску прадавалі ў Варшаве

Варшаўскі кніжны кірмаш праходзіў 17-20 траўня на Нацыянальным стадыёне. Беларусь упершыню была прадстаўлена на двух стэндах — ад Міністэрства інфармацыі і ад Беларускага дому ў Варшаве. Два беларускія стэнды былі разьмешчаны ў розных месцах кірмашу.

Афіцыйнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь тут зьяўляецца ўжо другі год запар па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі і пасольства Беларусі ў Варшаве.


02-cc3a76d8-fd0c-4121-8ee6-84e4c24ad15c.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь. Зьлева направа: Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтру Беларусі ў Варшаве, Л. Быкава


Людміла Быкава, кансультант упраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Мы атрымалі ад польскага боку прапанову аб узаемным прадстаўленьні выставачных плошчаў на бясплатнай аснове: мы ім, а яны нам. Палякі прыяжджалі да нас у лютым на Менскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. І мы цяпер прыехалі, і нам прадставілі стэнд бясплатна.


03-e369d01f-33ec-4a48-ba41-439354fdcc1a.jpg

17 траўня 2018 г. Нацыянальны стадыён, дзе праходзіць Варшаўскі кніжны кірмаш


Беларускі дом у Варшаве ўпершыню выставіў свой стэнд на Варшаўскім кніжным кірмашы. Ён меншы за афіцыйны па плошчы, але па колькасьці выданьняў больш разнастайны.

Улад Кобец, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве: Мы запрасілі шэсьць выдавецтваў зь Беларусі: “Галіяфы”, “Тэхналёгія”, “Кнігазбор”, “Янушкевіч”, “Arche”, “Лімарыус”.


04-1a5b16c7-f220-4dee-ba48-235ac9a2b1b1.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве


Сродкі на стэнд Беларускага дому на Варшаўскім кніжным кірмашы далі фонд RITA, амэрыканскі Фонд Маршала і Пасольства Польшчы ў Беларусі.

Улад Кобец: Беларускі дом у Варшаве лічыць арганізацыю гэтага стэнду сваім грамадзянскім абавязкам. Спадзяёмся, што наш стэнд будзе рэгулярна зьяўляецца на Варшаўскім кніжным кірмашы. А праз год, магчыма, стане трохі большы. На жаль, пакуль нам нестае сродкаў, каб зрабіць стэнд такім вялікім, як, напрыклад, афіцыйны стэнд Рэспублікі Беларусь.


05-48cf0254-0c5d-417a-b3ec-dabc242ad719.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь. Выданьні польска-беларускіх пісьменьнікаў з сэрыі “Мая беларуская кніга”


Абодва беларускія стэнды аб’ядноўвае багатая палітра кніг на тэмы гісторыі і культуры як Беларусі, так і Польшчы.

Людміла Быкава: Мы прывезьлі бібілятэчку кніг польска-беларускіх аўтараў, якія выдаваліся ў Беларусі ў сэрыі “Мая беларуская кніга”: Салямэі Пільштыновай-Русецкай, Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Элізы Ажэшка, Вайніслава Казімера Сулімы Савіч-Заблоцкі, Юзафа Ігнацы Крашэўскага.


06-56077927-2e2a-492c-80bb-44a8ef082b91.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве


На стэндзе Беларускага дому можна было знайсьці кнігі па дыскусійных тэмах гісторыі, якія пакуль адважваюцца публікаваць у Менску толькі недзяржаўныя выдавецтвы.

Аляксандар Пашкевіч, прадстаўнік часопісу “Arche”: Мы выдаём шмат кніг пра Другую сусьветную вайну, зьмест якіх разыходзіцца з дамінуючай у беларускай дзяржаве ідэалёгіяй. Адна з нашых навінак — гэта пераклад на беларускую мову працы польскага гісторыка, які працаваў у Нямеччыне і выдаў там кніжку пра савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах.


07-7cd877d8-d73b-4914-91b6-ed98bb1cdec4.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь


На беларускіх стэндах былі прадстаўлены кнігі пра Ігната Дамэйку, Юзафа Пілсудскага, Міхала Клеафаса Агінскага, іншых вядомых дзеячаў нашай супольнай гісторыі.

Зьміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва “Галіяфы”: У нашым выдавецтве ў апошні час выйшлі кнігі польскіх аўтараў Томаша Самойліка “Бортнік Ігнат і скарб пушчы”, Славаміра Копэра “Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай”, Эльжбеты Інеўскай “Калёны славы”.


08-3595143e-8ff8-404e-820b-bd3369f94d54.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Інстытуту нацыянальнай памяці. Кніга Гжэгажа Ранкоўскага „Kresowe rezydencje. Województwo wileńskie”


Варшаўскі кніжны кірмаш прымеркаваны да 100-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Польшчы. Сёлета споўнілася таксама стагодзьдзе стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдавецтва “Янушкевіч” прывезла на кірмаш новую кнігу гарадзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча “БНР. Триумф побежденных”.

Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва “Янушкевіч”: Гэта сынтэтычная праца, у якой сабраны апошнія напрацоўкі па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Я раю прачытаць гэту кнігу кожнаму беларусу, нягледзячы нават на тое, што яна напісана на расейскай мове.


09-59933869-ac72-42fc-ae33-1350aebfa030.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь


Жыхарка Варшавы Анна Манкевіч прыйшла на беларускі стэнд, каб даведацца пра лёс сваёй сям’і, якая была вымушана ўцячы зь Беларусі ў Польшчу ад бальшавікоў роўна сто год таму. Частка сям'і была замардавана бальшавікамі, а ўласнасьць спалена.

Анна Манкевіч: Я цікаўлюся той часткай Беларусі, адкуль паходзяць карані маёй сям’і. Гэта тэрыторыя Магілёўшчыны, ваколіцы Воршы. Я ўвесь час шукаю зьвесткі пра гэты край. На жаль, там нічога ўжо не засталося. Але можа нейкія фрагмэнты інфармацыі знойдуцца.


10-46c358a4-f467-42c3-926d-69cb4b00100f.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Артур Клніаў


Кнігі на тэмы, зьвязаныя з гісторыяй Беларусі, былі выстаўлены і на стэндах польскіх выдавецтваў. Тут я сустрэў беларускага мастака і літаратара Артура Клінава. Ён прыехаў з Вроцлава, дзе знаходзіцца на навуковай стыпэндыі. На Варшаўскі кніжны кірмаш спадар Клімаў даўно марыў трапіць. Мастак лічыць, што палякам варта зь беларускай мовы перакладаць і выдаваць больш твораў.

Артур Клінаў: Хацеў бы ў гэты прыезд пазнаёміцца з выдаўцамі, паразмаўляць, паспрабаваць іх намовіць на супрацоўніцтва. У Беларусі цяпер адбываецца шмат цікавага ў літаратуры, ёсьць вельмі клясныя аўтары. Калі б у нас быў нейкі застой, то можна было б зразумець, што няма чаго друкаваць. Але ж друкаваць ёсьць што!

Адна з найцікавейшых навінак кірмашу — альбом партрэтаў Тышкевічаў зь іх былой рэзыдэнцыі у Лагойску. Палац Тышкевічаў не захаваўся. А 36 выяў галоўных прадстаўнікоў знакамітага роду з 1933 году захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. Толькі цяпер іх адрэстаўрыравалі спэцыялісты Акадэміі прыгожых мастацтваў.


11-6552738d-30e3-4ea2-b0ff-1aa0229ec856.jpg

Партрэты Тышкевічаў з альбома „Sarmacka stylizacja wizerunków Tyszkiewiczów w portretach z Łohojska” (Варшава, 2017)


Марыля Сьцібар Мархоцка, Акадэмія прыгожых мастацтваў у Варшаве: Гэта праца пад рэдакцыяй прафэсара Яанны Шпор „Сармацкая стылізацыя адлюстраваньняў Тышкевічаў у партрэтах з Лагойску”. Так, з Лагойску ў Беларусі! Гэта ўнікальны збор партрэтаў Тышкевічаў. Мяркую, што варта ўбачыць тое, што ацалела.

Варта было таксама зазірнуць на экспазыцыі іншых польскіх выдавецтваў. Напрыклад, на стэндзе часопісу „Więź” можна было набыць дзёньнікі ўраджэнца Менску, грамадзка-палітычнага дзеяча Польшчы Ежы Гедройця. Выдавецтва Сэйму Польшчы прапаноўвала набыць кнігі пра гісторыю беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцей Польшчы. Выдавецтва Інстытуту нацыянальнай памяці ўсяго за 39 злотых (9 эўра) прадавала тоўсты том Гжэгажа Ранкоўскага „Kresowe rezydencje”, у якім зьмешчана інфармацыя пра ўсе маёнткі арыстакратыі на тэрыторыі даваеннага Віленскага ваяводзтва Польшчы.


12-927a3e46-5d32-4649-831f-c36769c59d74.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Альбом „Іканапіс Беларусі” у букіністычным аддзеле


У букіністычным аддзеле таксама ёсьць беларускія кнігі. Напрыклад, альбом „Іканапіс Беларусі”, выдадзены на пачатку 1990-х гадоў або даведнік па Вільні 1930-х гадоў з фотаздымкамі ўраджэнца Беларусі Яна Булгака.


13-de0206b7-e13b-4ded-82dd-783b5022881c.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Андрэй Масквін са сваёй новай кнігай


Бадай самая сьвежая кніжная навінка, якую можна было набыць на Варшаўскім кніжным кірмашы — праца супрацоўніка катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтраль-Ўсходняй Эўропы факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Андрэя Масквіна, прысьвечаная беларускім чаоспісам „Пагоня”, „Сакавік” і „Наперад!”, якія выходзілі на эміграцыі пасьля 1945 году.


14-70a6156c-3118-4a57-b1f6-585e78c414b5.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь


Андрэй Масквін: Гэта матэрыялы, якія ня ўключаны ў падручнікі, у гісторыю літаратурнага працэсу. Але бязь іх мы ня будзем мець поўнага ўяўленьня пра тое, што адбывалася ў беларускай літаратуры.


17-ce6c75c5-cc01-4969-a47d-ee10d56e6bbb.jpg

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Сэйму Рэспублікі Польшча. Выданьні пра нацыянальныя меншасьці — беларусаў і літоўцаў


Кніга Андрэя Масквіна выйшла тыражом 100 экзэмпляраў. І ўжо можа лічыцца бібліяграфічнаю рэдкасьцю.

Паводле Віктара Корбута, “Польскае Радыё”