Канцэрт-рэквіем «У адзінстве - наша сіла!»

У Самары прайшоў юбілейны XV абласны конкурс-фестываль дзіцяча-юнацкага мастацтва «Единство»

Гэты творчы форум штогод ладзіць абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» пры падтрымцы адміністрацыі гарадской акругі Самара і ДКУ Самарскай вобласці «Дом дружбы народов» напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка.


samara-1.jpg

Вядучыя канцэрта-рэквіема (злева направа) Вераніка Юр'еўна Кузняцова і Наталля Іванаўна Ганчарова.


У правядзенне юбілейнага XV абласнога конкурсу-фестывалю дзіцяча-юнацкага мастацтва «Единство» былі ўнесены некаторыя змены, звязаныя з трагічнымі падзеямі 25 сакавіка ў горадзе Кемерава і раптоўнай смерцю ў ноч з 26 на 27 сакавіка віцэ-прэзідэнта САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000» Мікалая Сцяпанавіча Чырко.

– На пазачарговым пасяджэнні Праўлення і запрошанага актыву нашай арганізацыі было прынята рашэнне па змене фармату фестывальных мерапрыемстваў. Замест правядзення Гала-канцэрта лаўрэатаў Фестывалю на сцэне Дома культуры «Победа» вырашылі правесці канцэрт-рэквіем «У адзінстве – наша сіла!» на сцэне Дома дружбы народаў. У канцэртную праграму былі таксама ўнесены змены – уключылі хвіліну маўчання ў памяць аб загінуўшых у Кемерава і раптоўна памерлага нашага паважанага і дарагога Мікалая Сцяпанавіча Чырко. Мы смуткуем і выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім, – не хаваючы свайго хвалявання, кажа Ірына Міхайлаўна Глуская, прэзідэнт САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000».


samara-2.jpg

Дыплом лаўрэата 1 ступені і салодкія прызы ўручаюцца харэаграфічнаму калектыву «Мозаика».


Хвіліна маўчання была аб'яўлена пасля песні «Верните память» у выкананні вакальнага дуэта Анастасіі Гуркінай і Арыны Камісаравай, салістак беларускага вакальнага ансамбля «Каданс». Словы гэтай песні: «Протянем руки к тем, глаза чьи слёз полны;/Чей дом осиротел от ужаса беды./Помянем их, прошу, помянем миром их…», – нікога не пакінулі абыякавымі. Атмасфера шчырага суперажывання і ўпэўненасці ў тым, што перажыць гора можна толькі ў агульнанародным яднанні, панавала на працягу ўсёй канцэртнай праграмы.

Гэтаму спрыялі і добрыя пажаданні кіраўнікоў нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў Самарскай вобласці, якія прысутнічалі на канцэрце-рэквіеме. У мерапрыемстве беларусаў Самарскай вобласці ўдзельнічалі: Тактарбай Кадыргаліявіч Дусэнбаеў, прэзідэнт Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія казахаў Расіі»; Заграб Рафікавіч Мірзаян, старшыня Самарскай рэгіянальнай армянскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Наір»; Станіслаў Дарафеявіч Кайбаеў, старшыня праўлення Самарскай абласной грамадскай арганізацыі «Асецінскі нацыянальна-культурны цэнтр «Аланія»; Куват Гурбангылычэў, старшыня Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Гуманітарная асацыяцыя туркменскага зямляцтва ў Паволжы»; Дзмітрый Вітальевіч Мюльбах, намеснік старшыні Грамадскай арганізацыі Рэгіянальны цэнтр нямецкай культуры «Hoffnung» («Надзея») і іншыя.

На адрас арганізатараў, удзельнікаў і гледачоў канцэрту-рэквіема прыйшло прывітанне і ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Віктаравіча Петрышэнка.

– Нягледзячы на асаблівы фармат цяперашняга творчага форуму, усе ўдзельнікі вельмі адказна рыхтаваліся да канцэртнай праграмы. Так, напрыклад, беларускі вакальны ансамбль «Сузор'е», мастацкі кіраўнік Алена Аляксандраўна Кірылашава, папоўніў свой рэпертуар песняй «Белорусы России» нашага цудоўнага сябра, спевака і кампазітара, заслужанага работніка культуры Расійскай Федэрацыі Сяргея Іванавіча Костачка. У мінулым годзе ён даслаў нам у падарунак фанаграму музыкі і тэкст песні. Акрамя гэтага на канцэрце быў «дэбют» і нашых новых сцэнічных касцюмаў і абутку. Узорны вакальны ансамбль «Очарование», малодшая група, творчага партнёра арганізацыі беларусаў – МБУ ДА «ЦВО «Творчество», таксама выйшаў на сцэну ў нашых новых беларускіх строях, – натхнёна распавядае Ірына Міхайлаўна Глуская аб праведзеным мерапрыемстве беларусаў Самарскай вобласці.


samara-3.jpg

На сцэне беларускі вакальны ансамбль «Сузор'е», мастацкі кіраўнік Алена Аляксандраўна Кірылашава (злева).


Па традыцыі праграму канцэрта-рэквіема адкрываў шматразовы лаўрэат міжнародных, усерасійскіх конкурсаў – фестываляў мастацтваў беларускі вакальны ансамбль «Каданс» САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000», мастацкі кіраўнік Іна Ігараўна Сухачэўская. У выкананні творчага калектыву прагучала песня «Россия – кровь моя и боль» і забіяцкія беларуская, і руская песні «Вёсачка» і «Варенька».

Цёпла сустракалі Лізавету Глубінец – МБУ ДА «Центр внешкольного образования «Творчество» г.а. Самара, педагог Іна Ігараўна Сухачэўская, якая вельмі душэўна выканала песню «Рэха жураўлiнае»; Алену Орэшыну і Дар'ю Міцькіных – вакальная студыя «Крокi» САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000», мастацкі кіраўнік Алена Аляксандраўна Кірылашава; Мацвея Малініна МБУ ДА «Центр внешкольного образования «Творчество» г.а. Самара, педагог Наталля Іванаўна Ганчарова і іншых яркіх лаўрэатаў фестывалю мастацтваў.

Макар Даброў МБАУ «Школа №176» г.а. Самара, педагог Алена Аляксееўна Балвашэнкава парадаваў гледачоў выдатным валоданнем беларускай мовай і прачытаў верш Янкі Купалы «Роднае слова».

– Магутнае слова, ты, роднае слова!/ Са мной ты на яве і ў сне;/Душу мне затрэсла пагудкаю новай,/ Ты песень наўчыла мяне, – скажыце, хіба можна застацца абыякавым пасля гэтых слоў? Вядома ж, не! І многія гледачы, і ў гэтым можна быць упэўненымі,успомнілі сваё дзяцінства, сваю малую радзіму і першую настаўніцу, якая навучыла чытаць...

Парадавалі жыхароў Самарскай вобласці і беларускія танцавальныя кампазіцыі. Сапраўднымі прыхільнікамі культуры і традыцый Беларусі стаў харэаграфічны калектыў «Мозаика», МБУ ДА «Центр внешкольного образования «Творчество» г.а. Самара, педагог Наталля Іванаўна Меліхава. Юныя таленты 5-6 гадоў выканалі беларускі танец «Расшугальцы – удальцы» і танец «Паровозик дружбы». Рэгулярна на мерапрыемствах самарскіх беларусаў выступае і харэаграфічны ансамбль «Серпантин», МБАУ «Школа №101», педагог Людміла Аляксееўна Елісеева. Да гэтага фэсту харэаграфічны ансамбль падрыхтаваў цудоўны рускі народны танец «Барыня» і сцэнічны танец «Россия – мы дети твои».


samara-4.jpg

Заснавальнік абласнога конкурсу-фестывалю дзіцяча-юнацкага мастацтва «Единство» Ірына Міхайлаўна Глуская з ганаровымі гостями- кіраўнікамі нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў Самарскай вобласці і беларускімі творчымі калектывамі – лаўрэатамі Фестывалю.


Звыш 20 лепшых нумароў лаўрэатаў фестывалю мастацтваў «Единство» былі прадстаўлены і выкананы на самым высокім узроўні ў праграме канцэрта-рэквіема. Так, сённяшні творчы форум меў асаблівы фармат, але менавіта ён у чарговы раз паказаў, што нашы народы адзіныя, а значыць Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі – гэта не проста дата ў календары.

Мікалай Бойка