«Каб не трагедыя». Гісторыя жыцьця забітага ў Амэрыцы беларуса

31 траўня ў амэрыканскім горадзе Вірджынія-Біч падчас страляніны, учыненай муніцыпальным службоўцам, загінуў беларус, выхадзец з Магілёва 35-гадовы Аляксандар Гусеў. Разам зь ім былі застрэленыя яшчэ адзінаццаць чалавек і чацьвёра з раненьнямі дастаўленыя ў шпіталь.

Аляксандар іміграваў у ЗША на вучобу ў 2003 годзе. Атрымаў адукацыю інжынэра і апошнія дзевяць гадоў працаваў у муніцыпальных службах Вірджыніі-Біч.

У 16 гадоў упэўніўся, што ЗША — краіна ягонай мары

Свабода адшукала ў Магілёве стрыечную сястру Аляксандра — Вольгу. Яна жыве ў кватэры, якая дасталася яе сям’і пасьля ад’езду ў Амэрыку Аляксандра, ягонага брата Аляксея ды іх маці. Маці паехала да сыноў год таму. Бацька застаўся ў Беларусі.


02-6B9EBC3F-24FA-49DC-9197-643EDA263157_w1597_n_r0_st.jpg

Дом, у якім жыў да эміграцыі Аляксандар Гусеў


Кватэра Гусевых у звычайным панэльным пяціпавярховіку аднаго са спальных раёнаў магілёўскага Задняпроўя. Па словах Вольгі, сям’я Аляксандра не вылучалася заможнасьцю, і калі ён паехаў у Амэрыку, разьлічваць на дапамогу родных ня мог.

Перад тым, як іміграваць, ён па адукацыйнай праграме абмену ў 16 гадоў пабываў у ЗША і ўпэўніўся, што гэта краіна ягонай мары. У тыя часы Вольга запомніла брата, абкладзенага падручнікамі. Ён увесь час нешта вучыў, кажа яна.

Іміграваў у Амэрыку ў няпоўныя 20 гадоў, са 100 далярамі ў кішэні

Вучыўся Аляксандар у гімназіі, якую відаць з вокнаў ягонага пакою. Паводле Вольгі брат быў захоплены ангельскай мовай і па сканчэньні гімназіі выбраў каледж, у якім паглыблена вывучалася гэтая мова. Потым паступіў на гістарычны факультэт Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, але скончыў толькі два курсы.

Вольга кажа, што ў Амэрыку Аляксандар паехаў, калі яму не было 20 гадоў, са 100 далярамі ў кішэні. Першыя гады яму было дужа цяжка, кажа яна. Працаваў на мэблевай фабрыцы. Пазьней Аляксандар скончыў каледж і атрымаць ступень бакаляўра.

«Гэта ўсё гаворыць пра мэтанакіраванасьць ды розум брата. Нягледзячы на дасягненьні ён ня стаў эгаістычным. Заставаўся добразычлівым з гумарам чалавекам. Водгукі пра яго самыя станоўчыя. Цяпер ягоная старонка ў фэйсбук поўная спачуваньняў ад сяброў», — кажа Вольга.

Ня раз прыяжджаў на радзіму

Па словах суразмоўніцы, Аляксандар неаднойчы прыяжджаў на радзіму. Расказваў пра свой амэрыканскі побыт. Адзначаў узровень жыцьця ды адносіны між людзьмі. Параўноўваў іх зь беларускімі.

«Амэрыканскі лад жыцьця яму дужа падабаўся, — кажа, сястра. — Яму была да спадобы свабода ў перасоўваньні і вандраваньні. Ён быў задаволены сваім жыцьцёвым раскладам: раніцай устаў, схадзіў на працу, потым трэнажорная заля, затым пляжны баскетбол. Ён жыў, але не выжываў».


03-C7FEF214-001A-4F56-BB37-7AAE819FD7C8_w1597_n_r0_st.jpg

Гімназія, у якой вучыўся Аляксандар Гусеў


Вольга кажа, што ў Амэрыцы брат рабіў пасьпяховую кар’еру. Стаў мэнэджэрам муніцыпалітэту. Прасоўваўся па службе. У яго былі падначаленыя.

«Зьведаўшы напачатку цяжкасьці ён навучыўся браць ад жыцьця ўсё, што яно магла яму прапанаваць. Усё, што ён меў, было ягоным», — кажа Вольга і дадае:

«Калі Аляксандар стаў на ногі, то ў Амэрыку забраў брата зь сям’ёй і маці. У яго былі пляны на жыцьцё. Ён сустрэў дзяўчыну. Прапанаваў ёй выходзіць за яго. Толькі выйшаў з адпачынку. І тут такая трагедыя».

Аляксандра пахаваюць у Амэрыцы

Маці, брат Аляксей і ягоная сям’я цяпер у шоку, працягвае Вольга. Паводле яе, 1 чэрвеня быў дзень памяці брата. Ягоны дом быў поўны сяброў і калег. «Маці ні на сэкунду не пакідаюць адну. Шмат хто прапануе дапамогу».

Вольга сама два дні ня можа суняць сьлёз. Гаворачы пра брата стрымліваецца, каб не расплакацца. Кажа, што ня можа паверыць і зьмірыцца з тым, што Аляксандра ўжо няма.

«Мы не настолькі былі блізкімі з ім, як брат і сястра, але дзяцінства прыводзілі разам на лецішчы ў бабулі. Можна сказаць расьлі адно ў аднаго на вачах», — кажа ў канцы гутаркі Вольга.

Паводле яе, пахаваюць Аляксандра ў Амэрыцы. Вольга кажа, што, маці Аляксандра і ягоны брат Аляксей наўрад ці ўжо вернуцца ў Беларусь.

Што вядома пра трагедыю і нападніка

12 чалавек загінулі пасьля таго, як муніцыпальны служачы ўвайшоў у памяшканьне адміністрацыі гораду Вірджынія-Біч і распачаў там страляніну. Чатыры чалавекі былі дастаўленыя ў лякарню з раненьнямі.

Амэрыканскія СМІ паведамляюць, што нападнік быў забіты ў перастрэлцы з супрацоўнікамі паліцыі. У злачынстве падазраецца 40-гадовы Дэўін Крэдак, які быў узброены пісталетам і паўаўтаматычнай стрэльбай.

Падчас страляніны ў будынку было каля 400 чалавек. Паводле дадзеных паліцыі, цела аднаго забітага было знойдзена ў аўтамабілі побач з будынкам, астатнія — на трох паверхах муніцыпалітэту.

«Гэта самы жудасны дзень у гісторыі Вірджыніі-Біч», — заявіў мэр гораду Бобі Даер.


04-C2077FBE-B1BB-467F-A773-2470DA1C982F_w1597_n_r0_st.jpg

Мясца нядаўняй атакі стралка ў Пітсбургу


Паводле папярэдніх дадзеных, зброя, зь якой страляў наўмысьнік, было набытая легальна. У водгуках на масавае забойства палітыкі ад Дэмакратычнай партыі зноў запатрабавалі зрабіць больш жорсткім заканадаўства, спасылаючыся на шматлікія выпадкі стральбы ў публічных месцах.

АБ, “Радыё Свабода”