«Jakub Quiz». У Варшаве народзіны Коласа адзначаць інтэлектуальнай гульнёй

3-га лістапада будуць адзначацца 135 ўгодкі народзінаў Якуба Коласа. Па-свойму ўшанаваць вялікага пісьменніка вырашылі і беларусы Варшавы. У польскай сталіцы на падабенства вядомага разумовага спаборніцтва «Jack Quiz» арганізуюць інтэлектуальную гульню «Jakub Quiz».

Ідэя вынікла ў магістранта Варшаўскага ўніверсітэту Аляксандра Лапка, які рэгулярна арганізоўвае масавыя інтэлектуальныя спаборніцтвы. Аляксандр Лапко зазначае, што для яго гэта таксама справа асабістая, бо з Якубам Коласам звязана ягоная сямейная гісторыя.

Аляксандр Лапко: Якуб Колас з’яўляецца адным з сімвалаў Беларусі, беларускае творчасці, інтэлігенцыі. Разам з Янкам Купалам яны стваралі беларусаў як нацыю, і таму я вырашыў зрабіць для беларусаў Варшавы гульню, каб яны таксама адчувалі сябе часткай гэтае нацыі.

Для маёй сям’і Якуб Колас таксама з’яўляецца адмысловай фігурай, таму што мой прадзед вучыўся разам з Якубам Коласам у адной настаўніцкай семінарыі, потым разам працавалі ў суседніх школах у Ганцавіцкім раёне – Якуб Колас працаваў у Люсіна, мой прадзед працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў вёсцы Будча. Сваю трылогію «На ростанях» Якуб Колас пісаў якраз у тых мясцінах. «У палескай глушы» – там акурат апісваецца тое Палессе – Люсіна, Будча, Лактышы, тыя вёскі, дзе жылі мае продкі. Адна з нашых сямейных легендаў гаворыць пра тое, што настаўнік Лабановіч, галоўны персанаж «На Ростанях» быў спісаны не з Канстанціна Міцкевіча, а з Адама Гіля, майго прадзеда.

РР: Як будзе выглядаць гэтая гульня, што яна з сябе будзе ўяўляць? Нагадайце, таксама, «Jack Quiz» – што гэта за тып спаборніцтваў?

Аляксандр Лапко: «Jack Quiz» – гэта адзін з гатункаў паб-кўізу, але больш такі інтэлектуальны. Ён складаецца з шасці тураў, задаюцца пытанні на розныя тэмы. І напрыканцы, вядома, ёсць узнагароды для лепшых дружын.

РР: Гэтыя пытанні, звычайна яны датычаць розных сфер. Як я разумею, у «Jakub Quiz» гэта будзе беларуская літаратура, ці ўвогуле беларуская тэматыка?

Аляксандр Лапко: Мы хочам зрабіць «Jakub Quiz» прывабным не толькі для беларусаў, але і для нашых сяброў з Расеі, з Украіны, Польшчы, хто цікавіцца беларускай культурай.

РР: Але ўсё гэта будзе па-беларуску?

Аляксандр Лапко: Так, вядома. Усё будзе па-беларуску, таму, калі яны хочуць прыйсці пагуляць, ім трэба будзе разумець беларускую мову, ці карыстацца з дапамогі сваіх сяброў, каб яны перакладалі.

Пытанні будуць тычыцца ў першую чаргу, вядома, Беларусі, беларускае культуры ды літаратуры. Будзе адмысловы тур пра Якуба Коласа. Але пытанні будуць складзены так, што нават не ведаючы дакладных адказаў, можна будзе з гэтых пытанняў нешта выкруціць, як гэта робіцца ў «Што? Дзе? Калі?». Адказ можна будзе знайсці ў фармулёўцы самога пытання.

РР: Такая беларускамоўная інтэлектуальная гульня будзе праводзіцца ў Варшаве ўпершыню?

Аляксандр Лапко: Так. Я скажу, што ў Варшаве наогул беларускамоўных мерапрыемстваў праводзіцца не так шмат, як хацелася б. Таму мы хочам пакласці такі пачатак, каб беларускамоўны, агулам беларускі рух быў у Польшчы больш актыўны.

РР: Вы казалі пра ўзнагароды, прызы. Ці можаце нам выдаць таямніцу, што гэта будзе?

Аляксандр Лапко: Я скажу, што гэта будуць такія прызы з беларускім каларытам. Спадзяюся, яны будуць добрым сюрпрызам для беларусаў і госцяў нашае гульні з іншых краін, таму прыходзьце на нашу гульню і ўсё ўбачыце на ўласныя вочы.

Таксама, мы хочам зрабіць такі вельмі важны і своечасовы жэст ад імя беларусаў Варшавы – усе грошы, якія будуць сабраныя на гульні, мы хочам перавезці на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Як мы ведаем, цяпер збіраюцца грошы Глебам Лабадзенкам для таго, каб усталяваць на Радзіме Тадэвуша помнік, і мы хочам, каб тыя сыны Беларусі, якія жывуць далёка ад Айчыны, таксама зрабілі свой унёсак.

Гульня «Jakub Quiz» будзе праводзіцца ў нядзелю 5 лістапада, а 14:00 гадзіне, у варшаўскім «Jack’s Cinema Bar», што на вуліцы Bracka, 18. Каб стварыць яшчэ больш святочную атмасферу, арганізатары запрашаюць прыходзіць беларусаў цэлымі сем’ямі, з дзеткамі.

Адам Завальня, “Беларускае Радыё Рацыя”



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение