Ігар Мельнікаў прэзентаваў у Варшаве новую кнігу

Гісторык прэзентаваў у Беларускім Доме ў Варшаве сваю новую ўнікальную кнігу „Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава”. Здымкі савецка-нацысцкага параду ў Берасці ў 1939, анексія краінаў Балтыі і Бесарабіі, Менск пад нямецкай акупацыяй.

Ігар Мельнікаў кажа, што некаторыя рэдкія фотаздымкі даводзілася набываць за вялікія грошы, часам па некалькі соцень еўра за фота:

– Гэта новая ўнікальная кніга-альбом „Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава”, якая была выдадзена ў снежні 2018 года. Калі мы кажам пра міжваенны час, то гэта два бакі Беларусі – савецкі і польскі бок. 70 тысяч жаўнераў-беларусаў першымі ў 1939 годзе пайшлі ваяваць супраць нацысцкай Нямеччыны. Таксама гэта жаўнеры Чырвонай арміі, якія 17-га верасня 1939 года прыйшлі „вызваляць” Заходнюю Беларусь”, і што з гэтага выйшла, мы бачым на гэтых здымках. Гэта 1941 год, калі адбылася трагедыя Чырвонай арміі і была акупаваная Беларусь. Вельмі важным, што я лічу сваёй сапраўднай перамогай – гэта безумоўна старонка прысвечаная гісторыі Арміі Андэрса, беларусам, якія змагаліся супраць нацыстаў на Заходнім фронце.

„Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава” выдадзена на дзвюх мовах – беларускай і ангельскай. Прэзентацыя выклікала станоўчыя водгукі ў прысутных.

Адам Завальня, “Беларускае Радыё Рацыя”