Ігар Лукашук і яго планы як раднага ў ваяводскім самаўрадзе

У бліжэйшы чацвер сваю кадэнцыю інаўгуруе соймік Падляшскага ваяводства. Сярод радных, якія пяць гадоў будуць працаваць на карысць ваяводскага самаўрада, – Ігар Лукашук, былы старшыня гарадской рады Бельска Падляшскага, актыўны дзеяч беларускай меншасці на Падляшшы, цяперашні дырэктар Гайнаўскага белліцэя.

Справы беларускай меншасці, развіццё інфраструктуры і турыстычнага патэнцыялу паўднёвай і ўсходняй частак ваяводства – гэта галоўныя задачы, якія ставіць перад сабою новы радны Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук.

РР: У якіх напрамках вы хочаце дзейнічаць? Што можаце ўнесці да працы сойміка?

Ігар Лукашук: Перш за ўсё трэба сказаць, што я з’яўляюся прадстаўніком выбарчай акругі. Але не толькі таму. Я перакананы, што кожны радны Падляшскага сойміка павінен працаваць і мець на ўвазе ўсё ваяводства.

Галоўныя напрамкі – гэта, вядома, намаганні разбудовы інфраструктуры ў Бельскім, Гайнаўскім, Сямятыцкім, а таксама ўсходніх частках Беластоцкага паветаў. Гэта таксама развіццё патэнцыялу нашых абшараў, перадусім культурніцкага патэнцыялу, бо трэба яшчэ раз падкрэсліць тое, што становіцца козырам сярод іншых рэгіёнаў, вылучае яго сярод іх. А ў нас трэба ясна і выразна сказаць, што гэта нацыянальныя меншасці, якімі багаты наш рэгіён. І найбольшая па абшары ў Падляшскім ваяводстве – гэта беларуская меншасць. Таму гэтым трэба ўмела карыстацца і гэты патэнцыял развіваць.

РР: Бельская, Гайнаўская, Сямятыцкая зямля – гэта тыя рэгіёны, на якіх вы будзеце дзейнічаць. Якія іх патрэбы?

Ігар Лукашук: Я думаю, мы павінны развіваць тое, у чым можам даганяць іншыя рэгіёны не толькі Падляшша, але і краіны. Галоўнае тут – трэба намагацца пабудаваць галоўную дарогу №19, якая вельмі патрэбная Сямятычам і Бельску. Але не толькі ім. Гэтая дарога будзе спрыяць развіццю як эканамічнаму, так і турыстычнаму.

Трэба памятаць, што турыстыка – гэта таксама вельмі важная, істотная галіна эканомікі, якая ў большай ступені яшчэ не выкарыстана ў нашым рэгіёне. Як я сказаў ужо, маем вялікі культурніцкі патэнцыял, прыродны патэнцыял (гэта лясы і пушчы, непаўторныя ў еўрапейскіх маштабах). І трэба адно з другім спалучаць, каб карыстацца гэтым дзеля развіцця рэгіёна і дабрабыту жыхароў. Трэба памятаць: развіццё рэгіёна не для самога развіцця, а каб палепшыць умовы жыцця жыхароў гэтай часткі ваяводства.

РР: Маршалкоўская ўправа, соймік ваяводства маюць шырокія кампетэнцыі да таго, каб супрацоўнічаць з рэгіёнамі паблізу, у тым ліку памежнымі рэгіёнамі. Да гэтай пары маршалкоўская ўправа супрацоўнічала, між іншым, з Гарадзенскай і Берасцейскай абласцямі, а таксама Літвой. Як вы лічыце, супраца ў такім кірунку будзе працягнута?

Ігар Лукашук: Зразумела, што кожная супраца карысная. Мяжа – гэта неад’емная частка нашай рэчаіснасці. Яна можа абмяжоўваць, але і даваць пэўныя шансы на развіццё. І трэба ўмела гэтым карыстацца. Пры тым трэба рабіць усё, каб гэтая мяжа не перашкаджала людзям у кантактах, бо ў большасці выпадкаў гэтая мяжа перарэзала і сямейныя адносіны.

Таксама лічу важным развіваць супрацу не толькі ў культурніцкай прасторы, але і эканамічнай. Трэба трактаваць гэта як козыр у нас пры поўнай свядомасці абмежаванняў, якое гэта стварае.

РР: Вы будзеце ў клубе апазіцыі ў гэтым сойміку. Наколькі эфектыўна можна дзейнічаць на карысць ваяводства, самаўрада ваяводства, будучы ў такой абмежаванасці, апазіцыі?

Ігар Лукашук: Ну, што ж. Напэўна гаварыць і паказваць іншы пункт гледжання. Натуральна, вырашае той, хто мае больш галасоў, але ён вырашае, маючы на ўвазе тое, што выказалі іншыя. Беручы пад увагу, што кадэнцыя трывае ажно 5 гадоў, я думаю, мы будзем у змозе выпрацаваць такі спосаб дзеянняў, працы, дзе будзе пашана і да голасу іншых.

Дэмакратыя – гэта не дыктат большасці, а адказная ўлада большасці. А адказная ўлада – гэта такая ўлада, якая ўлічвае патрэбы меншых груп. Толькі тады ўладу можна назваць дэмакратычнай. Таму я думаю, што кожная апазіцыя мае вельмі вялікі ўклад у будаванне рэчаіснасці, хоць можа не мець гэтага вырашальнага голасу.

РР: З увагі на тое, што «Права і справядлівасць» бярэ ўсю ўладу, ці ёсць увогуле пагроза змены стаўлення ўправы да нацыянальных меншасцяў?

Ігар Лукашук: Думаю, пра гэта трэба пытацца ў самога «ПіС», якое іх стаўленне да гэтага асяроддзя. Хоць тут трэба сказаць, што гэта неаднароднае асяроддзе, бо ёсць розныя людзі. Таму мяркую, што гэтае пытанне абсалютна не да мяне, хоць і вартае, каб яго камусьці паставіць.

РР: Інаўгурацыйная сесія сойміка ўжо ў гэты чацвер. Поспехаў і ўдачы вам на гэтыя 5 гадоў!

Ігар Лукашук: Вялікі дзякуй! Таксама я жадаю ўсім, каб гэты соймік умеў глядзець на жыхароў Падляшскага ваяводства з аднолькавай увагай, не дзелячы іх на лепшых і горшых, каталікоў і праваслаўных, палякаў і беларусаў, бо мы ўсе грамадзяне краіны і элементы грамадскай супольнасці Падляшскага ваяводства.

У кастрычніцкіх выбарах Лукашук атрымаў 7300 галасоў перадусім ад жыхароў Бельскага, Гайнаўскага і Сямятыцкага паветаў. 

Ігар Лукашук быў у мінулым тэрміне старшынём гарадской рады Бельска Падляшскага. Апошнія гады кіраваў таксама Цэнтрам адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове.

Лукаш Леанюк, “Беларускае Радыё Рацыя”