Гішпанка Анхэля Эсьпіноса выпусьціла трэцюю кнігу на беларускай мове

Сёлетнім ляўрэатам беларускай літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова стала гішпанка Анхэля Эсьпіноса. У рашэньні журы, нечаканым для многіх, гаварылася, што прэмія ёй прысуджаецца за пачуцьцёвае і мэтафарычнае багацьце паэтычнай мовы і адважнае імкненьне асэнсаваць таемнасьць беларускага быцьця.

Адмыслова да гэтай падзеі выдавецтва «Кнігазбор» выпусьціла новую кнігу Анхэлі Эсьпіносы «Колер крылаў». І гэта ўжо трэцяя ейная беларуская папяровая кніга. Да яе былі зборнікі паэзіі «Раяль ля мора» (2015) і Pomme de ciel (2017). Яшчэ ў анлайн-бібліятэцы «Камунікат» выйшаў электронны зборнік «Памяць пра будучыню», а на радзіме ў ейным перакладзе — дзьвюхмоўная кніга Максіма Багдановіча «Згукі маёй бацькаўшчыны» (Ecos de mi tierra, 2017). У 2016-м яе прынялі ў ганаровыя сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Але з чаго ўсё пачалося? Што ці хто натхніў ураджэнку Малагі на складаньне вершаў па-беларуску? Дарэчы, вось самы першы ейны беларускамоўны верш.

Пасьля вайны

Так застаўся пакой пасьля вайны:
Чатыры апэльсіны ў пакеціку
(Ці, можа, толькі тры).
Твой пах у паветры.
Мой пах.
Наш з табой пах.
Палова бутэлькі віна,
Мора пасьцельнай бялізны,
Скрынка чагосьці салодкага
(Пустая, вядома),
Ружы,
Чырвоныя ружы на падваконьніку.
Маё сэрца.
Тваё сэрца.
Наша з табой сэрца.
На падваконьніку паміраюць.
І ўспаміны...
Так застаўся пакой пасьля вайны.
(Нашай з табой вайны).

Анхэля кажа, што пачала пісаць гэтыя вершы дзеля моўнай практыкі. Сама сябе яна называе паліглёткай-аматаркай, любіць вывучаць мовы, і вершы заўжды імкнецца пісаць на кожнай. Але беларуская яе зачаравала найболей, хоць да 15 гадоў Анхэля нават ня ведала пра яе існаваньне.

У 2008 годзе яна атрымала стыпэндыю для «маладых дыпляматаў» ад дзярждэпартамэнту ЗША. Паехала вучыцца. Анхэля была адзінай гішпанкай у той праграме. І там у яе зьявілася шмат сяброў са славянскіх краінаў, у тым ліку і зь Беларусі. Пераважна яны былі расейскамоўныя, але вельмі любілі культуру радзімы. Пазнаёмілі яе з музыкай, літаратурай, палітыкай Беларусі. Мова была пазьней.

Пасьля выбараў 2010 году яна напісала артыкул, які апублікавала газэта ейнага роднага гораду Малагі. Артыкул вельмі эмацыйны, бо на Плошчы-2010 было шмат ейных сяброў па амэрыканскай адукацыйнай праграме. Адна сяброўка прымусіла яе адправіць тэкст на міжнародны конкурс «Беларусь у фокусе», на якім Анхэля перамагла. Ляўрэатку запрасілі ў Варшаву, дзе яна пазнаёмілася зь беларускамоўнымі журналістамі і культурнымі дзеячамі. Там і зьявілася любоў да мовы — зь першага погляду.

«Спачатку я шмат літаратуры чытала, са слоўнікам. Разумела мала. Але было жаданьне чытаць беларускую літаратуру ў арыгінале, бо ведала, што ёсьць вельмі якасныя творы.

Потым пачала пісаць беларускамоўны блог, там выйшлі і першыя вершы. Іх заўважылі, з аднаго боку, Алесь Плотка, дзякуючы якому яны былі ўпершыню надрукаваныя, а зь іншага боку — Алесь Мазанік і Глеб Лабадзенка. Яны паказалі мае вершы Рыгору Барадуліну, маю песьню зь яго тэкстам (я напісала музыку на верш ‘‘Трэба дома бываць часьцей») і блог. І ён гэта, кажуць, упадабаў, сказаў, што мне варта працягваць сваю дзейнасьць (маю ягоную кніжку з подпісам з пачатку 2014 году, я яе дужа цаню). Дык адтуль часткова і матывацыя не здавацца, хоць часта думкі былі кінуць паэзію».

У Варшаўскім унівэрсытэце Анхэля скончыла магістарскую праграму па беларусыстыцы і абараніла працу «Мастацкі сьвет паэзіі Міхася Стральцова».

Цяпер яна вучыцца ў асьпірантуры Мадрыдзкага ўнівэрсытэту, піша дысэртацыю «Сымбалі фальклёрнага паходжаньня ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера» (сэвільскі паэт-рамантык 19 стагодзьдзя).

На цырымоніі ўганараваньня Анхэлі Эсьпіносы прэміяй Міхася Стральцова паэт Уладзімер Някляеў сказаў, што паэтка з Гішпаніі так дасканала гаворыць па-беларуску, што нават ніводнага націску ня блытае. А ў багатай мове Анхэліных вершаў сьвеціцца цеплыня ейнай прыгожай радзімы. Пачытайце «Колер крылаў», каб упэўніцца ў надзвычайным таленце 26-гадовай гішпанкі, якую прычаравала Беларусь.

ВА, “Радыё Свабода”