Брэксіт сёння адна з самых цікавых і спрэчных тэмаў, што абмяркоўваюцца ў свеце. І вельмі заблытаная. Настолькі, што, здаецца, сам Шэрлак Холмс не адразу б патлумачыў усё беларусу, які б быў зусім не супраць у нейкай будучыні акурат далучыцца да Еўрасаюза. І нельга адназначна сказаць, якую б пазіцыю па гэтым пытанні падтрымлівалі б Місіс Хадсан ці Доктар Ўотсан. А можа, гэта змова, арганізаваная Марыярці?
Чаму брытанцы падтрымалі Брэксіт?
Праблема ў тым, што пытанне выхаду з Еўрасаюза падавалася вельмі спрошчана, палітыкі больш кідаліся лозунгамі, чым тлумачылі наступствы выхаду.
Эліты аказаліся моцна адарванымі ад патрэб простых людзей, якія лічылі, што паміж кіраўнічымі партыямі ўжо няма ніякай прынцыповай розніцы, абы быць пры ўладзе. Эліты ў сваю чаргу спадзяваліся, што народ у сваім выбары будзе традыцыйна абапірацца на іх меркаванне. І гэта не спрацавала. Кампанія рымэйнераў (тых, хто хацеў застацца ў ЕС) больш палохала, чым тлумачыла наступствы выхаду. А гэта толькі злавала і раздражняла людзей.
“Брытанія – марская краіна, навошта ёй прывязвацца да кантынента”.
Усё гучней гучалі галасы тых, хто казаў, нібыта пагадненне з ЕС абмяжоўвае гандаль з новымі эканомікамі, якія растуць.
А навошта тады наогул далучаліся да ЕС?
Брытанія вельмі позна ўвайшла ў ЕС (1973) і лічыла гэты саюз толькі гандлёвым пагадненнем. Ні пра якую каштоўнасную (правы і свабоды) ідэнтыфікацыю з Еўропай не было гаворкі.
Прагучыць дзіўна, але брытанцы дагэтуль аддаюць перавагу навінам з англамоўных краін, еўрапейскія ж падзеі далёка не на першым месцы для іх. Аднойчы давялося пачуць, як вядоўца музычнай праграмы сказаў: “Да нас на фестываль прыехалі госці з ЗША, Аўстраліі і нават з далёкай Літвы”. Гэтыя словы вельмі добра ілюструюць успрыманне Еўропы брытанцамі.
А што з эміграцыяй?
Пагадненне з ЕС дзейнічае так: хочаш гандляваць з Еўропай – выконвай і прынцып свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы. Брытанію літаральна запаланілі эмігранты з Усходняй Еўропы. Усё б нічога, у буйных гарадах эмігрантамі не здзівіш, але гэтым разам яны даехалі нават у маленькія брытанскія мястэчкі, дзе раней ніколі не бачылі тых жа палякаў, да прыкладу, якія прыехалі працаваць у сельскагаспадарчыя раёны Брытаніі. І, на думку мясцовых, забіраюць у іх працу.
Эміграцыйны крызіс у Еўропе таксама спрацаваў на Брэксіт.
Што змянілася пасля прыняцця рашэння пра Брэксіт
Калі казаць пра эліту, то прыхільнікі і праціўнікі Брэксіту ёсць і сярод лейбарыстаў, і сярод кансерватараў. Адзінага падыходу ці бачання ў партыях-лідарах няма. І там, і там ёсць прыхільнікі гандлёвай самастойнасці Брытаніі, і там, і там выступаюць супраць эміграцыі. З іншага боку, калі Тэрэза Мэй была ў Індыі і прапанавала больш шчыльнае супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы, адным з пытанняў, якія ўзняў індыйскі ўрад, было пытанне віз, а менавіта цяжкасцяў іх атрымання. З чаго вынікае, што брытанцы могуць паўстаць перад выбарам: “а што калі замест палякаў прыедуць індыйцы…”
Што да падзення курса фунта, то праблем вялікіх няма, гэта добра адбілася на павелічэнні колькасці турыстаў у краіну. Ну і курс – такая справа: высокі выгадны імпарцёрам, нізкі – экспарцёрам. Цяпер выйграюць апошнія. Карпарацыі і вялікія сусветныя банкі не сыходзяць з Лондана, а займаюцца юрыдычнай адаптацыяй. Лондан – па-ранейшаму сталіца свету, і таму тут заўжды будуць офісы буйных кампаній, бо ніводны горад, акрамя, бадай, Нью-Ёрка, не можа канкураваць з Лонданам. Мажліва, у доўгатэрміновай перспектыве і з’явіцца нейкая небяспека, як ужо было перад прыходам Маргарэт Тэтчэр, калі сталіца была ў заняпадзе.
А што будзе пасля Брэксіту?
Пакуль невядома, калі ён будзе. Ёсць варыянт жорсткага разрыву, калі ЕС і Брытанія не дамовяцца. Тады ўжо праз 2 месяцы, 29 сакавіка, спыняцца ўсе пагадненні. Тэрэза Мэй і яе прыхільнікі выступаюць супраць жорсткага Брэксіту, за мяккі варыянт. Магчыма, гэта азначае той жа жорсткі Брэксіт, толькі праз 2 гады, у канцы 2020-га. Урад спадзяецца за гэты час заключыць нейкія пагадненні з ЕС, што дасць магчымасць змякчыць разрыў. Але цяпер выглядае не тое, што ніхто не ведае, якія гэта будуць пагадненні, пра што будуць дамаўляцца ўрады, магчыма, гэта проста адцягванне часу Х.
А што Ірландыя?
Яшчэ адно пытанне, па якім бакі не могуць паразумецца, – мяжа ў Ірландыі. Калі адбудзецца выхад з ЕС, трэба будзе праводзіць мяжу з кантролем і ўсімі атрыбутамі, а гэта можа пасварыць ірландцаў, чаго не хочуць ні брытанцы, ні еўрапейцы.
Што будзе з простымі брытанцамі?
Увогуле трэба сказаць, што Брэксіт найперш ударыць па простых брытанцах, а не па эліце. Паўстануць пытанні з візамі, з пенсіямі (шмат брытанцаў жывуць на пенсіі ў Іспаніі), з пасведчаннямі кіроўцы, адпачынкамі. Ужо цяпер недзе паўмільёна брытанцаў падалі на ірландскае грамадзянства, каб мець магчымасць у выпадку Брэксіту пазбегнуць усіх гэтых праблем.
Цяпер у Брытаніі, як паўсюдна ў глабальным свеце, адбываецца дэіндустрыялізацыя, і гэта не толькі перанос вытворчасцяў у іншыя краіны, але і тое, што спажыўцы ў большасці купляюць тавар у інтэрнэце, а не ходзяць у крамы. У сувязі з гэтым вялікая колькасць крамаў у Брытаніі проста зачыняецца, а гэта працоўныя месцы для большасці малаадукаваных людзей, якія цяпер маюць вялікія цяжкасці з працай. Таму і перамаглі прыхільнікі Брэксіту: яны здолелі даць адказ на гэтую незадаволенасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Выглядае на тое, што брытанскія эліты сапраўды забылі, што простыя людзі думаць пра простыя рэчы, такія як праца і пенсія.
Хутчэй за ўсё, не пабачыўшы масштабнай злачыннай змовы, Шэрлак наагул праігнараваў бы такое досыць нецікавае для яго палітычнае пытанне. Але яго дакладна абмяркоўвалі б Місіс Хадсан і Доктар Ўотсан, якія б, магчыма, апынуліся па розныя бакі гэтай тэмы. А адзіны, хто б дакладна ведаў усе падводныя камяні і ўсіх зацікаўленых у гэтай справе быў бы Майкрафт Холмс, але ён наўрадці гэта з кімсьці б абмяркоўваў.
“Будзьма беларусамі!” паводле гутаркі з Паўлам Шаўцовым,
намеснікам старшыні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, юрыстам