ЕГУ надаў ступень Ганаровага доктара выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі Вітаўту Кіпелю

14 студзеня Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) аднагалосна прыняў рашэнне аб наданні ступені Ганаровага доктара выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі Вітаўту Кіпелю «за самаадданасць справе беларускай асветы і культуры замежжа».

Д-р Вітаўт Кіпель — выпускнік беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, доктар мінералогіі Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта, доўгачасовы выканаўчы дырэктар Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. У 1975 годзе д-р Кіпель быў узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.

З 1982 году д-р Кіпель займае пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых ўстаноў замежжа — Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Дзякуючы непамернай адданасці справе беларускага руха ўва эміграцыі, д-р Кіпель быў заступнікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі, стваральнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, выкладаў у беларускай школе ў Брукліне, а таксама на працягу 1960–1980-х гадоў стала супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода».

Д-р Кіпель гэтаксама вядомы як лідар беларускага рэспубліканскага руху ЗША. У 1972–1982 гг. ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, а ў 1974 годзе быў абраны на старшыню Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. У 1978–1982 гадах д-р Кіпель быў старшынём Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі.

Сярод найбольш грунтоўных акадэмічных унёскаў д-ра Кіпеля з’яўляецца праца «Беларусы ў ЗША», выдадзеная па-беларуску ў 1993 годзе і па-англійску ў 1999 годзе. Дзякуючы гэтай кнізе, д-ра Кіпеля можна па-сапраўднаму лічыць бацькам навуковага беларускага эміграцыязнаўства. 600-странічная праца дагэтуль застаецца каштоўнай крыніцай ведаў аб гісторыі беларускай справы ў ЗША.

З моманту заснавання ЕГУ у 1992 годзе ступень Ганаровага доктара была нададзена такім выбітным дзеячам культуры, палітыкі і мастацтваў, як айцец Аляксандр Надсан, Алесь Разанаў, Кшыштаф Зануссі, праф. Сяргей Аверынцаў, д-р Джонатан Фэнтан, д-р Ханс-Герт Пёттэрынг, праф. Альгірдас Бразаўскас і іншыя.

"Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт"