Дзмітрый Чайкоўскі – беларускі мастак у Мюнхене

hu_logo-small.jpg

Па волі лёсу шэраг айчынных творцаў – пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў – пасля Другой сусветнай вайны апынуўся далёка за межамі Бацькаўшчыны. Жыццё ў эміграцыі, цяжкая штодзённая праца мала спрыялі творчасці. Тым не менш нават у такіх складаных умовах людзі працягвалі нешта рабіць для беларускай культуры. Адным з іх быў мастак Дзмітрый Чайкоўскі.


01-53.jpg

Дзмітрый Чайкоўскі “Аўтапартрэт”, 1982 г.


За сваё доўгае жыццё ён служыў афіцэрам у беларускім войску, настаўнічаў у гімназіі імя Янкі Купалы, працаваў на радыё “Свабода”, быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва, пісаў іконы, партрэты і пейзажы. Яго працы “раскіданыя” на вялікай прасторы ад ЗША да Беларусі. Але пры ўсім гэтым звестак пра мастака надзвычай мала, ды і яны расцярушаныя па дакументах, лістах, мемуарах. Мяркуючы па ўсім, ён і сам быў не надта гаваркім і неахвотна дзяліўся дэталямі сваёй біяграфіі. “Жыцьцяпіс”, напісаны ў кастрычніку 1952 г., складаецца з… сямі радкоў машынапіснага тэксту! На падставе такіх скупых звестак цяжка аднаўляць біяграфію творцы, але паспрабаваць варта.

Дзмітрый Чайкоўскі нарадзіўся ў Клецку, у сям’і Мікалая і Марыі з дому Жміеўскіх. Адбылося гэта 26 лістапада 1912 г. (дата 20 кастрычніка, якая фігуруе ў шэрагу біяграм, дакументальна не пацверджаная). Бацькі, паводле сямейных паданняў, паходзілі са старадаўніх шляхецкіх фамілій. Мікалай быў праваслаўным, Марыя – каталічкай, якая пасля шлюбу змяніла веравызнанне. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: дочкі Алена, Кацярына, Аляксандра, сыны Антон, Дзмітрый, Барыс. Мікалай Чайкоўскі быў адным з найбольш заможных жыхароў старога Клецка. Добры кушнер, ён трымаў уласную майстэрню і мог цалкам забяспечываць вялікую сям’ю. А старэйшую дачку Алену адправіў вучыцца не куды-небудзь, а ў прыватны жаночы пансіён у Санкт-Пецярбургу. Але рэвалюцыя і наступныя падзеі істотна падарвалі дабрабыт. З успамінаў старажылаў вынікае, што ў міжваенны час Чайкоўскія ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Невялікі надзел не мог пракарміць пяць чалавек (старэйшыя дзеці жылі асобна).


02-14.jpg

Дзмітрый Чайкоўскі (сядзіць першы справа ў белай кашулі), сярод вучняў Клецкай беларускай гімназіі, 1929/1930 гг.


Ужо стаўшы вядомым мастаком Дз. Чайкоўскі згадваў: “Зацікаўленасьць і ахвота да рысаваньня, а пазьней і да маляваньня праяўляліся ў мяне з раньніх гадоў жыцьця”. Але першыя ўрокі жывапісу ён атрымаў у Клецкай беларускай гімназіі, куды Дзмітрый Чайко (менавіта так пададзенае прозвішча ў тагачасных дакументах) паступіў у 14 гадоў, здаўшы ўступныя экзамены і залічаны ў 2 клас. Дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак, які выкладаў маляванне, дапамог юнаку стаць на шлях прафесійнай творчасці. Акрамя таго ў адным з лістоў сустракаецца цікавая згадка: “Будучы вучням гімназіі наведваў рускага мастака-эмігранта, які даў мне элементарную веду і аснаўныя падставы разглядаць па мастацкі ўсё акружаючае, даваць ацэнку і крытыкаваць выяўленчае мастацтва” (З ліста Дз. Чайкоўскага да Вітаўта Тумаша, 1952 г.). На жаль, не ўдалося высветліць, пра якога рускага мастака ідзе гаворка.

У 1930-я гг. Дзмітрый стварыў шэраг карцін на мясцовым матэрыяле. Адна з іх – партрэт селяніна з-пад Клецка, “Дравасек”. “Я выбраў тыпа з пасярод гэтых дравасекаў за мадэль. Партрэт селяніна адлюстроўваў аднаго з многіх дзяцькоў, які стоячы на рагу вуліцы чакае на заработак з мінаю вясёлаю, бестурботнаю, гатовым на згоду да ўсялякае працы. Селянін быў апрануты ў кажух і зімовую шапку, у пальцах адной рукі трымаў папяросу, а пад пахай другой рукі была сякера на якой вісела белая торба з відочным у ёй акраюхом хлеба і напэўна з салам” (З ліста Дз. Чайкоўскага да Вітаўта Тумаша, 1952 г.) У 1937 г. для клецкай Свята-Пакроўскай царквы была напісаная ікона “Святы Панцялейман”. Гэта ці не адзіны твор мастака, які захаваўся на радзіме. Яго і сёння можна бачыць у храме. Дарэчы, зварот Дзмітрыя да іканапісу наўрад ці быў выпадковым. Чайкоўскія вылучаліся набожнасцю і адданасцю праваслаўю. Бацькі спявалі ў царкоўным хоры, а сястра Алена прыклала немалыя намаганні для пабудовы царквы ў мястэчку Заастравечча Нясвіжскага павета. Перад тым як пачаць пісаць ікону Дзмітрый атрымаў дабраславенне святара, пасціўся. Пачатак і заканчэнне работы былі адзначаныя малітвай.

У 1937–1939 гг. ураджэнец Клецка наведваў Акадэмію мастацтваў у Кракаве, але выбух Другой сусветнай вайны перашкодзіў скончыць навуку. Чайкоўскі быў прызваны ў Войска Польскае і браў удзел у вераснёўскай кампаніі 1939 г. Трапіў у нямецкі палон, але неўзабаве быў адпушчаны як беларус і вярнуўся на радзіму. На той момант Клецк ужо стаў савецкім горадам, і малады мастак з энтузіязмам успрыняў усталяванне новага ладу. Ён пачаў выкладаць маляванне і нямецкую мову ў сярэдняй школе, а таксама актыўна афармляў ці не ўсю наглядную агітацыю, ствараючы плакаты з выявамі Сталіна, Варашылава і іншых правадыроў (Успаміны Лявона Кернажыцкага (1925 г.н.), пляменніка Дз. Чайкоўскага, запісаныя ў 2012 г.). Але з часам расло расчараванне ў новай уладзе. Паўплывала на гэта і асабістая трагедыя сям’і. Старэйшы брат Дзмітрыя Антон, які яшчэ ў 1920-я гг. далучыўся да беларускага руху, быў асуджаны на турэмнае зняволенне. А пасля вызвалення перайшоў мяжу з СССР. Да 1937 г. ад яго прыходзілі лісты з Паўночнага Казахстана, а потым сувязь раптоўна перарвалася. Калі Заходняя Беларусь стала савецкай, Мікалай і Марыя пісалі ва ўсе інстанцыі, спрабуючы дазнацца пра лёс сына. Адказам было маўчанне, што наводзіла на розныя трывожныя думкі. Сёння ж дакладна вядома, што Антон у 1938 г. быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання па трох пунктах 58-га артыкула Крымінальнага кодэкса РСФСР.

З пачаткам нямецкай акупацыі Дзмітрый Чайкоўскі застаўся ў Клецку. Ён па-ранейшаму працаваў у школе, але неўзабаве апынуўся ў вайсковых шэрагах. У снежні 1942 г. у Мінску ў званні лейтэнанта прыняў камандаванне 1-й ротай Беларускага чыгуначнага батальёна, створанага для аховы шляхоў і станцый. Праўдападобна, што на гэтай пасадзе ён заставаўся да часу эвакуацыі з Беларусі. 17 верасня 1944 г. у Берліне Чайкоўскі атрымаў ступень старшага лейтэнанта і быў прызначаны ад’ютантам камандуючага Беларускай Краёвай Абароны Францішка Кушаля. А ўжо 27 лістапада па ўласнай просьбе быў звольнены. Нейкі час знаходзіўся пры Галоўным кіраўніцтве вайсковых спраў, сярод іншага ўваходзіў у склад Статутовай камісіі, якая займалася распрацоўкай беларускай вайсковай  тэрміналогіі. Нарэшце на пачатку 1945 г. быў накіраваны ў Баварыю, дзе ішло фарміраванне 1-й грэнадзёрскай брыгады “Беларусь”. Неўзабаве, у званні капітана, прыняў камандаванне батальёнам. 30 красавіка 1945 г. брыгада на чале з палкоўнікам Ф. Кушалем перайшла фронт і ў поўным складзе здалася амерыканцам.

Пасля капітуляцыі Нямеччыны Дз. Чайкоўскі, разам з тысячамі суайчынікаў, апынуўся ў лагерах Ды-Пі (англ. Displaced Persons – перамешчаных асобаў). Беларуская дзейнасць у такіх лагерах Заходняй Нямеччыны – у Міхельсдорфе, Ватэнштаце, Рэгенсбургу, Розэнгайме і інш. – надзвычай цікавая старонка гісторыі. Не маючы ніякай упэўненасці ў заўтрашнім дні, жывучы пад пагрозай выдачы савецкім органам, без належнай матэрыяльнай падтрымкі, без аўтарытэтнага прадстаўніцтва перад заходнімі саюзнікамі, нашы землякі арганізоўвалі скаўцкія дружыны і царкоўныя прыходы, ладзілі мастацкія выставы і тэатральныя пастаноўкі, выдавалі газеты і стваралі гімназіі. Дз. Чайкоўскі таксама далучыўся да нацыянальнага руху.

Напрыканцы 1945 г. у лагеры Рэгенсбург (амерыканская акупацыйная зона) была ўтвораная беларуская гімназія, заняткі ў якой пачаліся 22 снежня. У васьмі класах займаліся 60 вучняў, працавалі 19 настаўнікаў. Дырэктарам стаў ураджэнец Наваградчыны Аляксандр Орса, які меў вялікі досвед педагагічнай працы. Ён жа вёў геаграфію і прыродазнаўства. Сярод астатніх выкладчыкаў знаходзім імёны выдатных беларускіх дзеячаў: Янка Станкевіч (гісторыя Беларусі), Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Равенскі (спевы). Прозвішча Дзмітрыя Чайкоўскага, настаўніка “фізычнага ўзгадаваньня”, знаходзіцца амаль у канцы спіса. У пераліку выкладчыкаў 1949/1950 н.г. ён значыцца ўжо як настаўнік малявання. Дарэчы, сярод вучняў гімназіі былі людзі, без якіх немагчыма ўявіць паваенную гісторыю беларускай эміграцыі. Чаго вартыя адныя імёны Вітаўта Кіпеля і Янкі Запрудніка.

З улікам таго, што на фізкультуру, як і на маляванне, адводзілася адна гадзіна ў тыдзень у кожным класе, у Чайкоўскага хапала часу, каб займацца іншымі справамі. Вітаўт Кіпель прыгадваў, што апошні шмат у чым спрычыніўся да рамонту скаўцкай святліцы (яшчэ ў кастрычніку 1945 г. у Рэгенсбургу быў створаны Першы Звяз беларускіх скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага); працаваў над аздабленнем царквы святой Еўфрасінні Полацкай, якую збудавалі літаральна за месяц; спяваў у царкоўным хоры (Ліст В. Кіпеля да аўтара, снежань 2009 г.).


03-23.jpg

Паштоўка з партрэтам Францішка Багушэвіча, 1946/1947 гг.


У 1946/1947 гг. Дз. Чайкоўскі напісаў некалькі партрэтаў класікаў айчыннай літаратуры. Выявы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча былі растыражаваныя ў выглядзе паштовак скауцкім выдавецтвам “Крыніца” і шырока распаўсюдзіліся ў эмігранцкім асяроддзі. Цікава, што калі Ф. Багушэвіч у подпісе да паштоўкі быў названы “вялікім беларускім паэтам”, то ў дачыненні да М. Багдановіча ўжо выкарыстоўваецца эпітэт “геніяльны”. Аднак найбольшую вядомасць набыў створаны мастаком партрэт Янкі Купалы, які ўпершыню быў прадэманстраваны гледачам 28 чэрвеня 1947 г. Менавіта ў гэты дзень, на пятыя ўгодкі смерці Песняра, педагагічная рада прыняла пастанову паводле якой гімназіі было прысвоенае імя Янкі Купалы. У гонар падзеі арганізавалі вечарыну, падчас якой сцэна была ўпрыгожаная адмыслова намаляваным для гэтага вялікім партрэтам. З партрэта заказалі клішэ, з якога скаўцкае выдавецтва зрабіла дзве серыі адбіткаў: адну – для праграмак вечарыны, другую – для паштовак.

Гэты твор аўтар лічыў адной з найбольш удалых сваіх работ. За аснову ўзяты афіцыйны фотаздымак, зроблены ў 1939 г., пасля ўручэння Купалу ордэна Леніна. Але ў адрозненне ад “параднага” здымка, мастак стварыў не афіцыёзны, а глыбока чалавечы і трапны вобраз. Вобраз паэта, які шмат перажыў і шмат зведаў, але не здрадзіў сваім юначым ідэалам, вобраз немаладога чалавека з разумнымі вачыма, у глыбіні якіх застыў смутак. Партрэт Песняра не быў для мастака выпадковым альбо напісаным “з нагоды”. Чайкоўскі, безумоўна, добра ведаў творчасць Янкі Купалы. Яшчэ да вайны яму маглі трапіцца выдадзеныя ў Вільні кнігі “Шляхам жыцця”, “Адвечная песня”, “Паўлінка”. У Заходняй Беларусі неаднаразова выходзілі паштоўкі з выявай паэта. Яго партрэты вывешвалі падчас урачыстасцяў, размяшчалі ў памяшканнях грамадскіх арганізацый і навучальных устаноў. Чайкоўскі мог бачыць яго ў Клецкай гімназіі. Выкарыстанне вопыту папярэднікаў у спалучэнні з прыродным талентам дазволілі стварыць самабытны і высокамастацкі твор. На думку некаторых даследчыкаў, па псіхалагічным насычэнні партрэт доўгі час не меў сабе роўных. У 1952 г. твор быў шырока растыражаваны дзякуючы газеце “Бацькаўшчына”, якая змясціла яго ў адным з нумароў, і паштоўцы, выдадзенай “У 10-я ўгодкі трагічнае сьмерці”  Прарока беларускага адраджэння (месца і ініцыятары выдання невядомы).


04-34.jpg

Паштоўка ў памяць 10-годдзя смерці Янкі Купалы, 1952 г.


Па меры рассялення паваенных бежанцаў, якія ад’язджалі ў ЗША, Аўстралію, Канаду, лагеры Ды-Пі закрываліся. У 1950 г. перастала дзейнічаць гімназія імя Янкі Купалы. Многія былыя вучні і калегі апынуліся за акіянам. Чайкоўскі разам з жонкай, Аленай Кабыш, і малым сынам, які нарадзіўся ў 1947 г., застаўся ў Нямеччыне, туляючыся па розных лагерах уцекачоў. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, не адышоў ад беларускай дзейнасці. У 1952 г. запоўніў анкету на сяброўства ў новаствораным Беларускім інстытуце навукі і мастацтва. У лісце да яго дырэктара Вітаўта Тумаша пісаў: “…наяўнасьць маіх мастацкіх твораў тут на эміграцыі вельмі скромная, а гэта з прычыны  як Вам ведама таго штодзённага змаганьня за існаваньне…”. У гэтым жа лісце пералічваецца шэраг напісаных за апошнія гады карцін: “Жнеі”, “Ваўкі”, “Партрэт Янкі Купалы”, “Партрэт Кісяля” (“які можа схарактарызаваць маю тэхніку рысаваньня вуглём”), а таксама “рэлігійныя абразы каталіцкага і праваслаўнага канону… якіх можна сказаць будзе найбольш другіх”.

Толькі ў 1953 г. колішні афіцэр і настаўнік здолеў уладкавацца на сталую працу на радыё “Свабода” ў Мюнхене. Часам пішуць, што ён быў журналістам, але гэта не так. Дз. Чайкоўскі працаваў маніторам у беларускай рэдакцыі. Яго задачай было праслухоўванне радыётрансляцый з БССР і іх запіс. Потым раздрукаваная інфармацыя трапляла да рэдактараў, якія на падставе гэтага рыхтавалі перадачы, дзе аналізавалі і каментавалі савецкія паведамленні. Былы клецкі гімназіст стаў першым беларускім маніторам, і з яго прыходам кароткія 15-хвілінныя выпускі перадач адразу ж набылі актуальнасць: з’явілася магчымасць аператыўна рэагаваць на падзеі ў Савецкай Беларусі, пачалася своеасаблівая завочная палеміка Мюнхена з Мінскам. Галіна Руднік – шматгадовая супрацоўніца “Свабоды” – прыгадвала: “Праца ягоная была нялёгкая, таму што беларускія перадачы часам цяжка было разабраць і сп. Чайкоўскаму проста даводзілася друкаваць тое, што ён мог зразумець, а таму ў маніторных тэкстах было шмат прабелаў” (Г. Руднік. Птушкі пералётныя. Радыё “Свабода”, 2011 г., с. 109). Дарэчы, на “Свабодзе” пазней пачынаў працаваць і сын мастака Анатоль. Будучы студэнтам Мюнхенскай акадэміі мастацтваў, ён вёў на радыё музычную праграму, чытаў выпускі навін.

У 1960 г. працы Дз. Чайкоўскага з’явіліся за акіянам – у беларускіх асяродках ЗША. Абразы ягонага аўтарства ўвайшлі ў іканастас царквы Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Шэсць з іх былі створаныя спецыяльна для храма, яшчэ два – Хрыстос Збаўца і Божая Маці – раней былі перавезеныя з царквы лагера Розэнгайм (іх таксама пісаў Чайкоўскі). Створаная для бруклінскай царквы ікона Еўфрасінні Полацкай стала першай выявай святой, якая ўпрыгожыла беларускі праваслаўны храм на амерыканскім кантыненце. Прыблізна ў гэты ж час мастак напісаў ікону Святой Троіцы для царквы Святога Юрыя ў Чыкага. З небагатай эпісталярнай спадчыны вынікае, што іконапіс мастак лічыў адным з галоўных кірункаў сваёй дзейнасці: “Я цікавіўся іконапісью – паведамляў ён Я. Запрудніку ў 1994 г. – Таму чытаў літаратуру аб іконапісі, аб іканапісцах як Андрэй Рублёў і інш. Як вучыў мяне старык-манах, важным ёсьць тое, каб перад пісаньнем іконы абавязкова трэба пасьціць, маліцца й нічога дрэннага не рабіць і не думаць. Пісаныя мною іконы непадобныя да іконаў Рублёва. Я захоўваў анатомію”. На пачатку 1990-х сын мастака Анатоль наведаў Клецк, адшукаў абраз святога Панцялеймана ў царкве і завёз яго копію на славутую гару Афон у Грэцыі. Вестка аб гэтым стала сапраўдным бальзамам на душу старога Дзмітрыя.


05-43.jpg

Ікона “Святы Панцялейман”


Акрамя сакральнага мастацтва Чайкоўскі ў вольны “ад клопатаў, каб зарабіць на жыцьцё” час працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Яго творы выстаўляліся ў Еўропе і Амерыцы, захоўваліся як у прыватных калекцыях, так і ў грамадскіх установах. Вядома, што “Партрэт айца Чэслава Сіповіча” доўгі час упрыгожваў чытальную залу Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (сёння ён знаходзіцца ў рэлігійна-культурным цэнтры св. Кірылы Тураўскага ў Marian House, праз дарогу ад бібліятэкі). У творчасці мастак захоўваў адданасць рэалізму і не надта ўхваляў мастацкую манеру сына, які захапляўся сюррэалізмам. Дарэчы, адметна, што малодшы Чайкоўскі, Анатоль, выхоўваўся ў атмасферы, прасякнутай патрыятычна-беларускім духам, і дзякуючы бацьку добра авалодаў мовай.


06-63.jpg

Партрэт Чэслава Сіповіча, 1974 г.


У 1990-я гг. калі многія эмігранты імкнуліся наведаць радзіму, Дз. Чайкоўскі не скарыстаўся такой магчымасцю. Праўдападобна, ён трымаўся ўбаку ад актыўнага жыцця. Нават яго смерць у 2002 г. прайшла абсалютна незаўважанай. Пра яе дазналіся выпадкова. Хтосьці з даўніх знаёмцаў мастака тэлефанаваў яму дадому. Слухаўку падняў сын, які і паведаміў, што бацькі ўжо няма сярод жывых. Неўзабаве ў газеце “Наша Ніва” (№ 44 ад 29 лістапада) з’явіўся сціслы некралог: “У Мюнхэне памёр Зьміцер Чайкоўскі, дзяяч беларускага замежжа, а таксама вядомы мастак. Вечная памяць”. У 2005 г. зацемку пра Чайкоўскага змясціў Сяргей Ёрш у часопісе “Беларускі рэзыстанс”, а ў 2010 г. у газеце “Новы час” быў надрукаваны артыкул Сяргея Гваздзёва. І ўсё. Спадчына таленавітага мастака дагэтуль застаецца нявывучанай і неацэненай.

Андрэй Блінец, “Будзьма беларусамі!”