Дзьмітры Навоша: «Рэнэ Фазэль нарываецца на вялікі міжнародны скандал»

Пасьля візыту ў Менск прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша ў эфіры «Настоящего времени» выказаўся пра тое, чаму для Лукашэнкі так важна правесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі і які лёс чакае іншыя міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі.


af3ced17-69d2-4f1e-9765-fed6d1fa3bc0_cx0_cy5_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль сустрэліся 11 студзеня


— У размове з кіраўніком фэдэрацыі Лукашэнка перакладвае адказнасьць на яго. Усё-ткі чаму для Лукашэнкі так важна правесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Беларусі?

— Прыклада з тых жа прычынаў, зь якіх той жа ўмоўны Гітлер так хацеў праводзіць буйныя міжнародныя турніры, такія як Алімпіяда, у пэрыяд свайго сьцьвярджэньня ў якасьці аднаго з эўрапейскіх лідэраў і чалавека, які адраджае сваю родную Нямеччыну.

Лукашэнка цяпер у абсалютнай, татальнай міжнароднай блякадзе. Яго не прызнала ніводная з краін-суседак Беларусі як прэзыдэнта, уключна нават з Украінай, ня толькі краіны Эўразьвязу, апроч Расеі. Ён не прызнаны ні ў Штатах, ні ў Эўропе, ні ў Эўразьвязе, ні ў Канадзе, ні ў Вялікай Брытаніі, амаль нідзе. Ён спрабуе хоць нейкае акно ў Эўропу прасячы. І ў гэтым сэнсе карумпаваная спартовая фэдэрацыя, дзе прэзыдэнт гэтай фэдэрацыі сядзіць на сваёй пасадзе 26 гадоў (якое супадзеньне з Аляксандрам Лукашэнкам!). Рэнэ Фазэль у 1994 годзе прыйшоў да ўлады ў сусьветным хакеі. Вось для яго такі шанец — прасячы акно ў Эўропу, гэтую блякаду зламаць і паказаць, што ён хоць некім прызнаецца.



— Некалькі краін ужо аб’явілі пра байкот чэмпіянату сьвету, калі ён пройдзе ў Менску. У прыватнасьці, кіраўнік фінскай фэдэрацыі сёньня сказаў, што зборныя Фінляндыі і Швэцыі могуць абʼявіць байкот. У такім выпадку, як вам здаецца, дзе пройдзе чэмпіянат сьвету і ў якім складзе?

— Фонд спартовай салідарнасьці, які ад моманту першых рэпрэсій у адрас беларускіх спартоўцаў быў створаны і нацэлены на адплату тым людзям, якія перасьледуюць беларускіх спартоўцаў і беларусаў у цэлым, ня меў ілюзій наконт таго, што Рэнэ Фазэль нейкі асабліва чуйны да такіх словаў, як «правы чалавека», «свабода», што яго неяк кранаюць 178 палітвязьняў у Беларусі ці 30 тысяч чалавек, якія прайшлі праз турмы.

Мы ілюзій ня маем, разумеем, што гэта такая сынэкура хакейная, якая даўно базуецца на карупцыі, што Фазэль любіць прыяжджаць у Менск да Лукашэнкі. Цяпер ён бавіць вечар, я думаю, даволі прыемны для сябе, у рэзыдэнцыі Лукашэнкі. І такіх вечароў у яго было шмат.

Мы будзем яго вымушаць; беларуская спартовая грамадзкасьць, зьвяртаючыся да ўсясьветнай, будзе вымушаць Фазэль адмяніць гэты турнір, нягледзячы на ягонае жаданьне правесьці яго ўсё роўна ў Менску на радасьць Лукашэнкі. Беларускі фонд спартовай салідарнасьці з кастрычніка як мінімум інфармуе ўсе хакейныя клюбы Эўропы, хакейныя фэдэрацыі Эўропы, эўрапейскіх палітыкаў на ангельскай мове ў вельмі падрабязных newsletterʼах пра ўсё, што ў Беларусі адбываецца.

Мы бачым ужо, што Данія практычна прама дэкляруе, што яны не паедуць на чэмпіянат сьвету ў Беларусь; сёньня Фінляндыя выступіла з аналягічнай заявай. Там вядзецца пра тое, што як мінімум усе паўночныя краіны — гэта чатыры скандынаўскія краіны — ня лічаць магчымым правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Менску ва ўмовах дыктатуры. Я мяркую, што пасьля таго да гэтага далучацца Нямеччына, Канада і Штаты, чэмпіянат сьвету будзе проста адменены сам па сабе.

— На 2021 год у Беларусі заплянаваныя яшчэ некалькі міжнародных спартовых мерапрыемстваў. Што зь імі будзе? Іх адменяць, перанясуць?

— Бальшыня зь іх будзе адменена проста з тых прычынаў, што такія танцы на касьцях — гэта тое, што недапушчальна. Спорт, вядома, па-за палітыкай, але ён не па-за маральлю, не па-за нейкімі чалавечымі базавымі прынцыпамі. І невыпадкова менавіта таму Міжнародны алімпійскі камітэт першым адрэагаваў на запыты беларускіх спартоўцаў, якія праапэлявалі да парушэньня сваіх правоў і ўвогуле правоў чалавека ў краіне, і пакараў Беларускі нацыянальны алімпійскі камітэт, уключна з кіраўніком фэдэрацыі хакею Беларусі па прозьвішчы Баскаў, які сёньня разам з Лукашэнкам таксама абдымаўся з Рэнэ Фазэлем. Гэты чалавек, як вядома, удзельнічаў у забойстве аднаго з пратэстоўцаў — Рамана Бандарэнкі, і дагэтуль ніякая крымінальная справа не адкрытая і не адбылася.

Мне здаецца, што Рэнэ Фазэль нарываецца ўвогуле на вялікі міжнародны скандал і на ўсё большую колькасьць пытаньняў да таго, як увогуле такая фэдэрацыя можа існаваць, як ён можа займаць пасаду лідэра ўсясьветнага хакею да сёньня, калі ён настолькі беспрынцыпны.

svaboda.org