Дзень Волі ў Беластоку

Святочная служба ў царкве ўжо стала мясцовай традыцыяй у адзначэнні ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Малебен прайшоў у царкве святога Яна Тэолага:

– У нас няма больш такіх святаў, якія б нас ядналі.

– Беларусы заўсёды былі звязаны з хрысціянствам, праваслаўнай верай. У самой Беларусі цяжкае становішча з мовай, якая амаль знішчана за часы кіравання Лукашэнкі.

– Калі большасць беларусаў на Беласточчыне праваслаўныя, то нічога дзіўнага ў тым, што з раніцы 25-га сакавіка мы ідзем памаліцца ў царкву.


*

Мастак Лявон Тарасэвіч, гісторык Юры Туронак і войт гміны Орля Пятро Сэльвэсюк атрымалі гербы Пагоні ў час святкавання 100-годдзя БНР у Беластоку. Сімвалічная ўзнагарода традыцыйна прызнаная за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай справы ў Польшчы.



Узнагароду за хворага Юрыя Туронка атрымаў яго ўнук. Паводле другога лаўрэата Лявона Тарасэвіча, такія людзі, як Юры Туронак, выхавалі студэнцкае пакаленне беларускіх дзеячаў.

– 25 сакавіка і Пагоня ў той час былі ў падполлі. Дзякуючы таму, што было пакаленне, якое перанесла ідэю вольнай Беларусі і БНР, пасля перайшло на нашае студэнцкае пакаленне, на сённяшні дзень гэта надалей існуе.

У падляшскай філармоніі на ўрачыстасці, прымеркаванай да святкавання 100-годдзя БНР, сабралася каля 500 чалавек. З лекцыямі выступілі гісторыкі Алег Латышонак і Уладзімір Арлоў. Сабраным затанцаваў дзіцячы калектыў “Падляшскі вянок”.



На канец перад поўнай залай філармоніі выступіў Лявон Вольскі.


*


Выступ Уладзіміра Арлова:



Выступ Алега Латышонка:



Сярод запрошаных гасцей былі прадстаўнікі мясцовых уладаў.



Вялікія апладысменты залы прыняў прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі, які скончыў сваю прамову словамі: «Няхай жыве незалежная Беларусь!»



Выступіў і Роберт Тышкевіч.

Лукаш Леанюк, “Беларускае Радыё Рацыя”