Дырэктар каналу ў Беластоку: Беларуская перадача на польскай тэлевізіі не закрываецца

«У нас ніколі не было намеру скасаваць перадачу „Беларускі тыдзень“. Перадача выходзіла ў эфір і будзе далей выходзіць. Я ня ведаю, адкуль узяліся гэтыя fake news, але гэта абсалютная няпраўда», — сказаў Свабодзе 10 красавіка дырэктар беластоцкага цэнтру Польскай тэлевізіі Эўгеніюш Шпакоўскі.

Так дырэктар Шпакоўскі пракамэнтаваў Свабодзе паведамленьні, што ў эфіры беластоцкага цэнтру Польскай тэлевізіі могуць у найбліжэйшы час не зьявіцца штотыднёвыя беларускія перадачы «Беларускі тыдзень».

Пра такую магчымасьць паведаміў Радыё Рацыя на мінулых выходных журналіст Мікола Ваўранюк, які стварае перадачу «Беларускі тыдзень» і адначасова каардынуе вытворчасьць тэлеперадач іншых нацыянальных меншасьцяў у рэгіёне.

Цягам апошняга месяца, у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, праца журналістаў беластоцкага тэлецэнтру была абмежаваная і «Беларускі тыдзень» не выходзіў. Перадача, змантажаваная насьпех у іншым фармаце, зьявілася зноў 19 красавіка, але зрабіў яе не Мікола Ваўранюк, а іншыя журналісты.


79C5D4AE-B7D5-4D10-9068-0A96F0300DB2_w1597_n_r0_st.jpg

Беларускі журналіст Мікола Ваўранюк


Мы сёньня зьвязаліся зь Міколам Ваўранюком, які сказаў нам, што пакуль ён ня ведае, які будзе далейшы лёс перадачы «Беларускі тыдзень». Апошняе распараджэньне, якое ён атрымаў ад дырэкцыі беластоцкага цэнтру Польскай тэлевізіі, гаворыць пр тое, што вытворчасьць перадачы «Беларускі тыдзень» выносіцца навонкі. Інакш кажучы, перадачы цяпер павінны стварацца не ў тэлевізійнай студыі і не пры дапамозе абсталяваньня беларускага тэлевізійнага цэнтру, а прыватнай фірмай ці фірмамі.

Паводле Міколы Ваўранюка, такое распараджэньне практычна азначае спыненьне перадачы ў яе цяперашняй форме, паколькі няма тэхнічных сродкаў, каб мантажаваць такую перадачу на належным узроўні па-за студыяй беластоцкай тэлевізіі.

Але дырэктар Шпакоўскі сёньня запэўніў Свабоду, што «Беларускі тыдзень» будзе выходзіць і ён далей хоча супрацоўнічаць зь Міколам Ваўранюком:

«Мікола Ваўранюк можа вярнуцца рабіць перадачу ў любы момант. Толькі з увагі на пандэмію мы ўвялі некаторыя абмежаваньні. Магчыма, калега [Ваўранюк] зразумеў нас ня так. У кожным разе, не было ў гэтым нічога супраць спадара Ваўранюка ці самой перадачы».

Са свайго боку Мікола Ваўранюк сказаў Свабодзе, што ён хоча рабіць перадачу ў ранейшым фармаце, пры выкарыстаньні тэхнічнага патэнцыялу і магчымасьцяў тэлецэнтру ў Беластоку.

На сыгналы аб тым, што перадача «Беларускі тыдзень» можа прапасьці з эфіру, зрэагавалі беларускія дзеячы ў Беластоку і палітыкі апазыцыі, якія зьвярнуліся да міністра культуры Польшчы з просьбай аб вытлумачэньні сытуацыі вакол беларускай перадачы.

«Ёсьць людзі ў польскім асяродзьдзі, якія недалюбліваюць беларусаў, — сказаў Свабодзе прафэсар Алег Латышонак зь Беластоку. — Магчыма таксама, што нехта тут кепска прадумаў сытуацыю, паспрабаваўшы заашчадзіць грошы на беларускай перадачы. Але мы, як беларусы, ня можам пагадзіцца на такую сытуацыю, якая ўзьнікла ў сувязі з выхадам у эфір „Беларускага тыдня“».

Ян Максімюк, svaboda.org