Дарогамі болю і памяці

Унікальны хор “Судьбы” створаны ў Першамайскім раёне Мінска: у творчым калектыве аб’ядналіся амаль 30 былых малалетніх вязняў фашызму, блакаднікаў ды дзяцей вайны, што жылі на акупаваных ворагам тэрыторыях. У 2014-м кіраўніца хору Галіна Змушко была ў Іркуцку на канферэнцыі “Не фашызму!” — і мы пазнаёміліся. У артыкуле “Ідэалы варта бараніць!” (ГР, 30.10.2014) чытаем: “Цэлая старонка ў вераснёўскім, 136-м нумары газеты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага “Маланка” прысвечана сустрэчы іркуцкіх беларусаў з удзельніцамі антыфашысцкай канферэнцыі ў Іркуцку: гэта былі Галіна Змушко з Мінска і Марына Слаўгарадская з Улан-Удэ — яна ўраджэнка Віцебшчыны. Сустрэча праходзіла ў офісе ІТБК, доўжылася амаль тры гадзіны”. Так пачыналася наша моцнае сяброўства. Цяпер, наведваючы Бацькаўшчыну, мы сустракаемся з Галінай Ігнацеўнай, іншымі ўдзельнікамі хору, і нават “дах над галавою” маем ад іх, за што вельмі ўдзячныя. Вядома ж, чулі не раз пра іх культурна-патрыятычныя акцыі, марылі ў іх паўдзельнічаць — і вось трое сяброў ІТБК гэтым летам рушылі ў дарогу разам з хорам.

Культурна-патрыятычныя акцыі “Не — фашызму, дзяцінства — без вайны!” хор “Судьбы” ладзіць даўно. Выступаюць нашы старэйшыя сябры ў школах, ВНУ, а таксама на прадпрыемствах, у дамах пажылых людзей, былі нават у жаночай калоніі. Часта выязджаюць, ладзяць Урокі мужнасці й за межамі Бацькаўшчыны, пабывалі не раз у Польшчы, розных месцах Расіі, наведвалі мемарыяльныя месцы й выступалі ў Аўстрыі, Германіі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Францыі... Летась Дзень Перамогі страчалі ў казахстанскай Астане, а сёлета — у азербайджанскай сталіцы Баку. Сёлета ж напярэдадні Дня Перамогі хор пачаў цэлы цыкл мабільна-патрыятычных рэйдаў “Залатыя кольцы памяці”. Задума, казалі нам Галіна Змушко ды мастацкая кіраўніца калектыву Людміла Бурдыка, такая: паяднаць Беларусь з усімі яе краінамі-суседкамі “кольцамі памяці”. У маршрут уключаюцца як беларускія гарады, так і замежныя, ад мяжы недалёка. Дык вось, 12-16 сакавіка сёлета хор ужо распачаў рэйды, праехаў па беларуска-польскім маршруце: Брэст—Гайнаўка—Супрасль—Гродна. А мы далучыліся на другім, беларуска-расійскім этапе: гэта былі Магілёў, Бранск і Гомель. Наступным разам, наколькі мне вядома, будзе беларуска-расійскі этап-2: Віцебск, Смаленск і Шклоў. Іншыя маршруты рэйдаў — пакуль у распрацоўцы.

Ад сяброў жа мы даведаліся: антыфашысці рух — шырокі, міжнародны. У прыватнасці, з 1962 года ў другую нядзелю верасня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму: сёлета іх памяць ушаноўвалі 10 верасня. Чаму ў верасні? Бо германскія нацысты ўварваліся ў Польшчу 1 верасня 1939 года — так пачалася Другая сусветная вайна, а закончылася яна капітуляцыяй мілітарысцкай Японіі 2 верасня 1945-га. Дарэчы, ахвяры вайны каласальныя: у ёй загінула больш за 55 мільёнаў чалавек. Яшчэ нашы сябры адзначаюць Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў — гэта 11 красавіка. Якраз у той дзень, 11 красавіка 1945 года, вязні паднялі паўстанне ў фашысцкім канцлагеры Бухенвальд, і тады ж ён быў вызвалены. Дарэчы, вы ведаеце, што ў час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Германіі, яе саюзніц, на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях было створана каля 14 тысяч канцлагераў? Якая велізарная машына смерці! Праз яе прайшлі каля 18 мільёнаў чалавек, і больш за 11 мільёнаў там былі знішчаны. Прычым колькасць дзяцей да 14 гадоў, кажуць даследчыкі ваеннай гісторыі, складала 12-15 працэнтаў. І некаторыя з удзельнікаў хору “Судьбы”, у тым ліку й наша сяброўка Галіна Ігнацеўна Змушко — жывая сведка злачынстваў нацыстаў. У 1945-м Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу асудзіў сістэму нацысцкіх канцлагераў як злачынства супраць чалавечнасці.

Вайна, пакуты, смерці... Вялікае гора, неймаверныя страты перажыў беларускі народ у вайну. Па гэты час тым, хто бачыў ліхалецце, балюча пра тое ўспамінаць. А дзіцячая памяць, як вядома, вельмі моцная.

02-ca79d977221b4911b10e1aa4b76e6e08.jpg

Ушанаванне памяці загінулых ваеннапалонных у Гомелі

І нашы старэйшыя сябры імкнуцца данесці людзям сваю праўду пра бесчаславечную сутнасць нацызму, перадаюць яе дзецям, унукам, праўнукам — каб памяталі, каб ніхто й ніколі не адважыўся абельваць, а тым больш гераізаваць нацызм. Такую высакародную місію ўсклалі на сябе ўдзельнікі хору “Судьбы”, іх ідэйная натхняльніца і кіраўніца Галіна Ігнацеўна Змушко. Няўрымслівасць, добразычлівасць, аптымізм яе, былога малалетняга вязня фінскага канцлагера — гэта як сэрца, як моцны стрыжань калектыву, гэта і яскравы прыклад жыццястойкасці для іншых.

Ёсць, пераканаліся мы пад час паездкі, у хору й памочнікі: Антон Сцяпанавіч Цвірка і Кацярына Андрэеўна Луткоўская — муж і жонка. Вялікую дапамогу ў рэалізацыі патрыятычных праектаў маюць энтузіясты й з боку дырэктар прадпрыемства “Баркос” Барыса Іванавіча Шчарбініна. Для гэтых людзей хор “Судьбы” таксама стаў роднай сям’ёй. Цяпер вось культурна-патрыятычная акцыя “Не — фашызму, дзяцінства — без вайны!” творча прадаўжаецца — задуманы й рэалізуецца вялікі цыкл мабільна-патрыятычных рэйдаў “Залатыя кольцы памяці”. Мы з калектывам — каля 20 чалавек — праехалі па маршруце Мінск—Магілёў—Бранск—Гомель. Ехалі харысты на аўтобусе, імі ж арандаваным. Размяшчаліся, дзякуючы папярэдняй дамоўленасці з мясцовымі ўладамі, у інтэрнатах, гасцініцах. У кожным горадзе ўдзельнікі хору ўскладалі вянкі, кветкі да помнікаў ахвярам фашызму. Былі кароткія мітынгі, жывыя зносіны з неабыякавымі людзьмі — у розных аўдыторыях. На сустрэчы з дзецьмі вайны — а яны сівыя ўсе, мудрыя, з дзіўным дарам жыццялюбства — прыходзілі людзі розных узростаў, і што важна: было шмат моладзі. Праграму выступлення калектыву зрэжысавала Людміла Рыгораўна Бурдыка, выступленні ўдзельнікаў арганічна дапаўняюць яе вершы пра ваенны час, Беларусь. Пранікнёна і шчыра гучаць песні пад акардэон ва ўмелых руках Віктара Дарашкевіча.

А колькі жорсткай праўды ў кароткіх аповедах нашых старэйшых сяброў! Слёзы засцяць вочы, калі слухаеш успаміны Яўгеніі Мацвееўны Вырвінай, Ганны Пятроўны Доўнар, Галіны Васілеўны Трасковай, Зоі Вікенцеўны Давідзенкі, Яўгена Дзянісавіча Стасевіча, Анатоля Іванавіча Дзіковіча, Дзіны Аляксандраўны Качан, Аляксандра Мікалаевіча Няхайчыка, Ларысы Іванаўны Аляксандранкі... Словы іх не проста ў душу западаюць — паляць агнём, прымушаюць цаніць тое, што сёння маем — і памятаць, як трэба ўсімі сіламі мацаваць мір і згоду паміж людзьмі. Бо якраз з маленькіх супярэчнасцяў паміж людзьмі, краінамі могуць з часам вырастаць велізарныя, глабальныя канфлікты.

На сустрэчах была прадстаўлена і кніга ўспамінаў Мікалая Дзенісевіча “Фінскі капкан” — пра перажытыя ім з роднымі (а Галіна Ігнацеўна яго сястра) жахі фінскіх канцлагераў, малавядомыя падзеі вайны.

Незабыўныя дні правялі мы побач з гэтымі мужнымі людзьмі. Разам радаваліся сонцу, збіралі на прыпынках у лясах прыгожыя грыбы. Вялі душэўныя размовы. Разам дыхалі паветрам Бацькаўшчыны, знаёміліся з яе цікавымі людзьмі ды супляменнікамі ў Бранску. Спрабавалі глядзець на дзівосны і непаўторны свет вачыма людзей, якія ў ваенны час цудам выжылі, прайшлі па тонкай нітачцы паміж смерцю і жыццём. Цяпер яны, дзеці вайны, былыя малалетнія вязні фашызму, нясуць людзям сваю горкую праўду пра вайну. Дзякуй вам, мілыя і шчырыя людзі розных лёсаў, якіх паяднаў хор “Судьбы”!

Таццяан і Алена Сіпаковы, “Голас Радзімы”