Да 100-х угодкаў Латвіі беларусы Даўгаўпілса распачалі цікавы мастацка-краязнаўчы праект

Нядаўна ў нашым Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) стартаваў праект “Куфар беларускіх скарбаў”. Мы прысвячаем гэтую мастацка-краязнаўчую акцыю 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі, прадоўжыцца яна ўвесь год. Будзе шмат вечарын, сустрэч, канцэртаў — каб знаёміць жыхароў горада з матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчынай беларусаў. Мяркуем завяршыць праект яркім фестывальным канцэртам “Беларускага кірмашу” ды адкрыццём музейнай экспазіцыі.

Куфар — гэта месца знакавае і ўніверсальнае. Куфры здаўна выкарыстоўваюцца ў розных культурах. Раней такая драўляная скрыня была ў кожнай беларускай хаце, бадай, асноўным і шматфункцыянальным прадметам мэблі: у якасці стала, крэсла, ложка... Праўда, найперш гэта месца для захоўвання адзення, рэчаў хатняга ўжытку, каштоўнасцяў, часам і прадуктаў харчавання: збожжа, мукі, сала... Скрыні рабілі з сасновых ці яловых дошак, часцей на фігурных ножках-падстаўках, часам на драўляных або каваных кольцах. Куфры нярэдка ўпрыгожвалі мастацкай ацынкоўкай у выглядзе жалезных палос, часам распісвалі арнаментамі.

У беларускай народнай культуры, сцвярджаюць этнографы, куфар быў практычна культавым, магічным аб’ектам. Ён займае важнае месца таксама ў вясельных ды іншых абрадах, згадваецца ў песнях і паданнях. У куфрах захоўвалі нашы продкі ўсё найкаштоўнае і дарагое, што ў іх было. Таму, рыхтуючыся адсвяткаваць 100-годдзе Латвіі, Цэнтр беларускай культуры збірае свой “Куфар беларускіх скарбаў”. Праз увесь год будзем у яго складваць сакральныя аўтэнтычныя вырабы: вышываныя ручнікі, тканыя абрусы й покрывы, плеценыя паясы, пашытыя нацыянальныя касцюмы ды іншыя рэчы ручной працы з матэрыяльнай спадчыны беларусаў. Прычым кожнае мерапрыемства праекта будзе прысвечана аднаму нейкаму прадмету з бабулінага куфра. Першай жа тэмай праекта стаў матулін ручнік — аснова асноў беларускай культуры, сімвал чысціні, роду, роднай хаты.

Мы ведаем: раней ручнік суправаджаў чалавека з нараджэння да самай смерці. Нованароджанае немаўлятка прымалі ў гэтым свеце на льняны ручнік. І ручніком жа ўпрыгожвалі абразы. І маладым перад шлюбам перавязвалі рукі, а пад час вянчання ставілі на ручнік-падножнік, таксама перавязвалі свата. Былі яшчэ ручнікі-штодзённікі, якімі накрывалі стол ці выціралі рукі — такі яшчэ часам называецца ручнік-скарач, бо ён скоранькі на падмогу. На ручніках-набожніках і труну апускалі ў магілу. І ўсё жыццё чалавечае ўрэшце можна сабе ўявіць — як ручнік, пройдзены ад краю да краю.


01-latv.jpg


Адкрываючы вечарыну, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская падрабязна расказала пра ідэю праекта. Далей быў цікавы аповед пра віды куфраў, іх прызначэнне ды сакральнае значэнне. Размова зайшла ўвогуле пра матэрыяльную і нематэрыяльную (якую ў самыя вялікія куфры ніяк не ўмесціш!) спадчыну беларусаў. І вельмі да месца была такая дзея: у наш святочны куфар быў пакладзены сапраўдны беларускі ручнік, сатканы і вышыты ў Віцебскай вобласці. Яго падарыла ЦБК Валянціна Абушкевіч, адна са старэйшых сябровак суполкі “Уздым”. 

Удзельнікаў і гасцей вечарыны вітала намесніца кіраўніка Упраўлення культуры Даўгаўпілса Віта Вілеўка. Яна казала пра важнасць і актуальнасць беларускага праекта, прысвечанага 100-годдзю Латвіі. А консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская падкрэсліла, як важна зберагаць традыцыі свайго народа. І ў пацвярджэнне тых слоў паклала ў куфар падарунак ад Генконсульства: ручнік з вышытым буслам, сімвалам Беларусі. Дарэчы, выява гэтай птушкі ўваходзіць і ў лагатып нашага таварыства “Уздым”.

Імпрэза ў нашым Беларускім доме была, можна сказаць, ручніковаю. Многія, хто прыйшоў да нас, былі прыемна здзіўлены ўбачаным, крануты да глыбіні душы. Госці нашы нібы патрапілі ў беларускую хату на вячоркі, дзе адметны фон ствараюць тканыя і вышываныя матуліны й бабуліны ручнікі ручной працы. У нас было па-хатняму цёпла і ўтульна. Жанчыны і мужчыны ў нацыянальных касцюмах сядзелі на лавачках і за працай дзяліліся ўспамінамі пра сваё дзяцінства, спявалі песні на роднай беларускай мове — пра бацькоўскую хату, пра маці, пра ручнікі. А яшчэ ж і танцавалі, вершы чыталі. Гучала шмат лірычных песень у выкананні творчых гуртоў ЦБК: фальклорнага ансамбля “Купалінка”, харавой капэлы “Спадчына”, салістаў Анастасіі Лукашонак, Інэсы Казлоўскай, Надзеі Свірковіч, Зінаіды Сіліні. Разыгрываліся невялікія мініяцюры ўдзельнікамі тэатральнай студыі “Паўлінка”.

Стылізаваны танец “Ручнік” ансамбля “Лянок” расчуліў гледачоў да слёз — а танцавалі пад песню, словы якой напісаў Станіслаў Валодзька. Музычным завяршэннем свята стала песня ВІА “Пралескі” пра тое, што нідзе не бывае так добра, як дома. Прычым гучала песня на беларускай і латышскай мовах. Што ж, калі глядзець на жыццё па-філасофску, то можна зрабіць аптымістычную выснову: беларусы Латвіі шчаслівыя ўдвая. Чаму? Бо ў нас па два дамы: на этнічнай радзіме ў Беларусі, дзе засталіся нашы сямейныя карані, дзе спачываюць продкі — і ў Латвіі, дзе нашы супляменнікі жывуць не адно стагоддзе, дзе нарадзіліся нашы дзеці ды ўнукі, дзе працягваюцца-падрастаюць жывыя галінкі беларускіх радаводаў. Пра тое казала Жанна Раманоўская, завяршаючы незвычайную куфрава-ручніковую вечарыну. А пад час яе многія адкрылі для сябе новую старонку ў багатай гісторыі беларусаў Латвіі, пабачылі ўсё тое, што мае права называцца матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчынай беларусаў.

Куфар скарбаў беларускіх — адкрыты. І будзе тут да месца згадаць мудрае выслоўе: што аддаў — тое тваё. Таму наш Цэнтр беларускай культуры запрасіў жыхароў Латгаліі далучыцца да акцыі, перадаваць нам прадметы беларускага побыту — для стварэння музейнай экспазіцыі. Кожны, хто падорыць нейкі экспанат, будзе адзначаны падзячнай граматай, а імя дароўцы застанецца ў летапісе стваральнікаў Музея беларусаў Латгаліі. А чарговая імпрэза праекта “Куфар беларускіх скарбаў” будзе прысвечана беларускаму нацыянальнаму касцюму.

Жанна Раманоўская, Марыя Памецька, “Голас Радзімы”