Чаму нас вучыць аварыя на ЧАЭС?

26 красавіка - гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Беларусь – адзiн з самых пацярпелых ад аварыі рэгіёнаў. На сённяшні дзень радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі складае 13,4% агульнай плошчы краіны (першапачаткова было 23%, але адсотак скараціўся дзякуючы працэсу распаду стронцыю і цэзію). На гэтых тэрыторыях пражывала 2,2 млн чалавек у 479 населеных пунктах, якія праз эвакуацыю насельніцтва перасталі існаваць.

Аварыя гукаецца беларусам не толькі скарачэннем карысных плошчаў і эканамічнымі стратамі, але таксама гібеллю людзей, у першую чаргу, ліквідатараў, масавым распаўсюджваннем анкалагічных і іншых захворванняў, павелічэннем выпадкаў няплоднасці. Няма сэнсу пералічваць усе наступствы – яны нам і так усе вядомыя. Маштаб трагедыі зразумелы сам па сабе.

Раней гэты дзень быў значны для многіх людзей. Штогод да гадавіны рыхтаваліся публікацыі і мерапрыемствы. Праходзіў „Чарнобыльскі шлях“, які не даваў забыцца пра трагедыю і дапамагаў актуалізаваць новыя праблемы і палітычныя выклікі.

Гэта ўжо другі год, калі „Чарнобыльскі шлях“ не праводзіцца. У мінулым годзе яго не было з-за адсутнасці грошай на аплату міліцыі (дзякуючы зменам у законе аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). У гэтым годзе – з-за эпідэміі каранавіруса. Але хіба гэта нагода не казаць пра трагедыю? Сёння ў СМІ неяк зусім мала рэпартажаў, і ўсе яны не на галоўнай паласе. Нават год таму інфармацыйная прастора была больш напоўненай аналітыкай, артыкуламі і нават простымі рэпостамі ў сацсетках.

Сёння размова аб аварыі актуальна як ніколі. Як і трыццаць чатыры гады таму, мы знаходзімся ў сітуацыі надзвычайнага становішча. І, на жаль, улада не вучыцца на сваіх памылках. Тады ўрад вырашыў усё хаваць, не думаючы аб наступствах і клапоцячыся толькі пра сваю рэпутацыю і ўтрыманне ўлады. Першае паведамленне аб чарнобыльскай катастрофе з’явілася ў савецкіх СМІ праз трое сутак – пра яе абвясцілі ўвечары 28 красавіка ў праграме „Время“. Але не распавялі пра небяспеку, а проста паведамілі пра факт аварыі як пра нешта будзённае. Кіраўніцтва краіны старанна замоўчвала і маштабы трагедыі, і колькасць загінулых, і поўную сваю негатоўнасць да катастрофы. Увесь гэты час людзі хадзілі на працу, вучыліся, гулялі, падарожнічалі, не падазраючы аб смяротнай пагрозе. 1 мая 1986 года тысячы людзей выйшлі на святочныя дэманстрацыі і шэсці.

Нічога не нагадвае? На суботнік 25 красавіка выйшлі 2,3 млн чалавек. І гэта ў разгар эпідэміі, калі колькасць хворых перавысіла 10 тыс. Пагроза новая – рэакцыя ўлады старая: замоўчаць, выгнаць усіх на працу, на парад, не прызнавацца ў сваёй бездапаможнасці і падтасоўваць факты. Зноў урад заняты не бяспекай насельніцтва, а „прыхарошваннем“ сябе за кошт здароўя і жыццяў грамадзян.

Напрошваецца яшчэ адна паралель: трагедыя на Чарнобыльскай АЭС стала пачаткам канца СССР. Хлусня савецкіх газет і тэлебачання спарадзіла чуткі і паніку, скалечыла дзясяткі тысяч людзей і выклікала рост недаверу да дзеючай улады. Генеральны сакратар Міхаіл Гарбачоў пісаў: „Можна сказаць так: маё жыццё падзялілася на дзве часткі – да чарнобыльскай аварыі і пасля яе“. Беларускім уладам варта задумацца над гэтым урокам гісторыі.

Хочацца верыць, што і цяперашняя катастрофа выклiкае перамены, якіх нам так не хапае, і мы возьмем курс на абранне свядомага прыстойнага ўрада, для якога важныя самі грамадзяне, а не іх кішэні.


01.jpg


Жыве Беларусь!

Андрей Пушкароў, старшыня аддзелу „БАЗА“ Паўднёвай Фларыды