Беласточчыну наведае Камісія па справах нацыянальных меншасцей польскага Сейма

Сёння на Беласточчыну прыязджае Камісія па справах нацыянальных меншасцей польскага Сейма. Прадстаўнікі польскага парламенту сустрэнуцца з дэлегацыямі з розных меншасных грамадскасцей, якія жывуць на Падляшшы.

На сустрэчу збіраецца таксама старшыня ўправы «Беларускага Радыё Рацыя», старшыня «Беларускага саюзу ў Польшчы» Яўген Вапа.

РР: Ці дэпутаты польскага Сейма пачуюць сёння ад беларусаў скаргу на гарадскіх радных за ўчарашняе рашэнне прысвоіць адной з вуліц маёра Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі»?

— Учарашняя пастанова не з’яўляецца ніякай навіной для тых, хто цікавіцца жыццём нацыянальных меншасцей і жыццём беларускай нацыянальнай меншасці ў кантэксце гістарычнай памяці. Справа называння героямі тых асобаў, якія маюць дачыненне непасрэдна да нацыянальных меншасцей, у выпадку Шэндзеляжа справа датычыць беларускай і літоўскай нацыянальных меншасцей. Пра тое гаварылася даўно і беларускае асяроддзе заўсёды выказвала свой пратэст адносна таго, што нельга увекавечваць асоб, якія нясуць за сабою тую ролю, якія у вачах людзей, грамадства: асацыююцца з нявінна забітымі асобамі, жанчынамі і дзецьмі… Беларускае асяроддзе гаворыць пра гэта ад самага пачатку: і рэдакцыя тыднёвіка «Ніва», і «Радыё Рацыя», і беларускія арганізацыі, Беларускае гістарычнае таварыства, Беларускі саюз і іншыя ўсюды разам выступалі…

РР: Гаворка адно, але афіцыйных заяваў не было…

— Афіцыйныя заявы, звязаныя з гістарычнай памяццю рабіла Беларускае гістарычнае таварыства, а таксама выступалі на пасяджэннях Сеймавай камісіі і ў Варшаве, і ў Беластоку. Быў голас ў справе гістарычнай памяці, які быў і выказаны, і запісаны.

РР: Я тут больш цікаўлюся тым, што пачуюць дэпутаты? У вырашэнні якіх спраў яны могуць дапамагчы? Мэта такога прыезду і тут можа крыху высакародна гаворыцца «прыслухацца да праблем, якімі жывуць меншасці, якіх яны не могуць вырашыць у сваім асяроддзі».

— Для мяне ясна, што заўсёды выступаецца з бягучымі справамі. Толькі адна заўвага: зусім іншая справа, калі мы маем дачыненне з незалежнай пастановай органа мясцовага самакіравання, а самакіраванне мае права на свае назвы….

РР: А права меншасці паскардзіцца, калі гэта кранае?

— У гэтым і справа. Орган мясцовага самакіравання прымае такое рашэнне. Гістарычная, адукацыйная палітыка дзяржавы цяпер такая, а не іншая. Маем гэты культ «выклятых жаўнераў». Для мяне ўсё гэта таксама сведчанне таго, што той дыскурс, які ідзе наконт менавіта «выклятых жаўнераў» і тое, што піша Пётр Зыховіч у сваёй кніжцы «Плямы на панцырах», што гэты голас вельмі важны, але не бярэцца пад увагу правымі асяроддзямі, што усё ж такі давайце глянем на тое больш спакойна і не будзем на сілу водзіць у пантэон герояў асоб супярэчлівых. Але гэты голас не чуецца і не заўважаецца. Перад тым, як учора прыняць пастанову, радныя Беластока мелі б пачытаць кнігу Зыховіча.

Мікола Ваўранюк, “Беларускае Радыё Рацыя”