Беларусы застаюцца заблякаванымі ў Віетнаме, Інданэзіі, Індыі і Тайляндзе

Каля двух дзясяткаў пазаплянавых рэйсаў давялося зрабіць самалётам «Белавія», каб вярнуць дадому беларускіх турыстаў. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміў намесьнік гендырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.

Паводле Чаргінца, толькі з Эгіпту вывезьлі 7,5 тысячы беларусаў і грамадзянаў іншых краінаў. Пры гэты дагэтуль застаюцца складанасьці зь вяртаньнем неарганізаваных турыстаў зь Віетнаму, Інданэзіі, Індыі, Тайлянду.

«Арганізацыя рэйсаў вельмі складаная, — адзначыў Чаргінец. — Трэба рабіць мінімум адну пасадку на дазапраўку, а ў выпадку з Балі — па дзьве па дарозе ў той бок і назад. Гэта складана з тэхнічнага пункту гледжаньня для экіпажаў, цяжка для саміх пасажыраў, да таго ж каштуе вялікіх грошай».

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што з-за мяжы людзей вывозяць па мінімальнай цане квіткоў.

Раней Міністэрства спорту і турызму агучыла, што дапамога ў вяртаньні спатрэбілася прыблізна 8 тысячам беларусаў, якія куплялі пуцёўкі і сутыкнуліся з закрыцьцём межаў з прычыны каранавірусу. Дакладная колькасьць неарганізаваных турыстаў невядомая.

Ігар Чаргінец таксама расказаў, што пандэмія каранавірусу вельмі моцна ўмяшалася ў пляны «Белавія» — пасажырапаток абваліўся на 90%. Да апошняга часу і авіякампанія, і Нацыянальны аэрапорт дэманстравалі рост — больш за 30% у параўнаньні зь мінулым годам. Цяпер жа вымушаныя мяняць пляны куплі самалётаў, карэктаваць новыя маршруты.

«Да канца мы яшчэ не адчулі сапраўднага маштабу бедзтва», — падсумаваў намесьнік гендырэктара «Белавія».

svaboda.org