Беларусы Вялікабрытаніі ўрачыста адзначылі 101-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР

23 сакавіка 2019 г. ў залі Беларусага Дому ЗБВБ у Лёндане адбылася ўрачыстая акадэмія на адзначэньне 101-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Сход распачаў малітвай айцец Сяргей Стасевіч. Намесьнік Старшыні Згуртаваньня Павел Шаўцоў прачытаў сьвяточны зварот Старшыні Рады БНР спадарыні Івонкі Сурвіллы. У сваім выступе Старшыня ЗБВБ Мікалай Пачкаеў распавёў пра сітуацыю са сьвяткаваньнем дня незалежнасьці БНР у сучаснай Беларусі і пра рашэньне Рады БНР заснаваць юбілейны Мэдаль да 100-годзьдзя БНР.

Прысутным былі прадэманстраваныя выявы гістарычных пячатак Рады, адна зь якіх была ўжытая для завярэньня сэртыфікатаў мэдаля. Сход праслухаў прывітальны відэазварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да беларусаў у Вялікай Брытаніі і брытанскіх сяброў Беларусі з нагоды 101-х угодкаў Акту 25 Сакавіка і ўзнагароджаньня пяці асобаў у Вялікай Брытаніі мэдалем Рады БНР.

Пасля гэтага адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня мэдалёў чатыром прысутным на сходзе асобам зь ліку ўзнагароджаных: спадару Джыму Дынглі, прафесару Арнольду МакМілліну, спадарыні Лёлі Міхалюк і айцу Сяргею Стасевічу. Лёлі Міхалюк, колішняй Старшыні ЗБВБ, былі ўручаныя кветкі. Таксама кветкі былі ўручаныя спадарыні Алене Сеньцы, якая нядаўна адзначыла 70-гадовы юбілей.

Сход завяршыўся сьпевам гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і сьвяточным прыняцьцём. Пасьля сходу сябры ЗБВБ ад імя Ўправы ўручылі кветкі спадарыні Вользе Жынгель, якая не магла быць прысутная на сходзе, у гонар яе 90-годзьдзя.

Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі,
фота Караліны Мацкевіч