Беларусы Канады адзначылі Дзень Незалежнасьці Беларусі

25 жніўня ў Беларускім Цэнтры ў Таронта канадыйскія беларусы адзначылі 28-я ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Падчас дыскусійнае размовы ўзгадалі этапы развіцьця нашай дзяржаўнасьці, як на працягу стагоддзяў нашыя продкі  адстойвалі права заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі. Краіна зведала ў сваёй гісторыі і Залаты век з пашырэньнем межаў ад Балтыйскага мора да Чорнага, і горыч разбурэньня сталіцы Вільні падчас вайны з ордамі Масковіі. Мільёны жыцьцяў нашых суродзічаў былі пакладзены за права ўвайсьці ў 21-е стагоддзе годным народам незалежнае эўрапейскае краіны.

Але прыклад лёсу брацкае Ўкраіны засьцерагае, што і сёньня жыцьцёва неабходна быць напагатове да абароны свайго краю ад пагрозы.


01-IMG-bfba51303eb6513a9a549e2b0ec2a3c0-V.jpg


Удзельнікі ўрачыстасьцяў з цікавасьцю азнаёміліся са шматлікімі выданьнямі па сьвяточнай тэматыцы, прагледзелі дакументальны фільм "Радыё Свабода" пра падзеі 1991 г. Размовы пра Беларусь і беларускія справы на Чужыне працягнуліся за сьвяточным сталом. Параўноўвалі праграму сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці канадыйскіх ўкраінцаў, якай займае цэлую брашуру, з маштабам нашых урачыстасьцяў. Чаму у іх дзесяткі тысячаў удзельнікаў па ўсяму Таронта, а ў нас – проста дзесяткі?


02-20190825_122302.jpg


Адказы на адныя пытаньні заканамерна выклікалі іншыя. Удзельнікаў чакалі цікавейшыя экскурсы ў гісторыю краінаў Усходняе Эўропы. Ніхто з прысутных не пашкадаваў, што ў такі прыгожы летні дзень ахвяраваў сваім часам і завітаў на Беларускае Сьвята, што ў Беларускую Хату ў Таронта.

Алесь Кот