Беларусы Італіі папрасілі Папу Францішка памаліцца за Беларусь

Асацыяцыя беларусаў у Італіі напісала калектыўны ліст Папе Рымскаму Францішку. Ліст быў адпраўлены адрасату, а таксама апублікаваны італьянскім інтэрнэт-выданьнем PaeseRoma.

Актывістка асацыяцыі Кацярына Зюзюк выклала ў сваім Фэйсбуку зьмест пасланьня. Паводле яе чальцы асацыяцыі напісалі Папу, што цяпер беларускі народ як ніколі мае патрэбу ў падтрымцы і салідарнасьці. У лісьце закранаюцца тэмы каранавірусу і Чырвонага касьцёлу, згадваецца заклік каталіцкіх сьвятароў ня фальсыфікаваць вынікі выбараў.

Актывісты асацыяцыі паведамілі Папу, што будуць 26 ліпеня на малітве анёла Гасподняга ў Ватыкане.

«Разам з Папам мы будзем маліцца аб тым, каб дыктатарскі рэжым у Беларусі, які прыносіць беларускаму народу столькі пакутаў, хутчэй зьмяніўся на ўладу законна абранага прэзыдэнта» — напісалі беларусы Італіі рымскаму пантыфіку.

svaboda.org