Беларусы-гастарбайтары сталі дасылаць на радзіму менш грошай

Беларусы, якія працуюць за мяжой, сталі менш грошай пераводзіць на радзіму, піша tut.by са спасылкай на статыстыку Нацбанка. Сёлета ў першым квартале такія пераводы склалі 87,6 мільёна долараў. Гэта амаль на 6,7 мільёна долараў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

У сваёй статыстыцы Нацбанк ўлічвае грашовыя пераводы праз наступныя міжнародныя сістэмы: Western Union, Юністрым, Залатая карона, Contact, BLIZKO, Лідар, Money Gram, Калібры, Faster.

Сёлета ў першым квартале у сярэднім адзін перавод з-за мяжы склаў 320,33 долара. Летась ён быў 349,55 долара.

Пры гэтым нашыя суайчыннікі сталі больш грошай пераводзіць за мяжу:сёлета ў першым квартале яны адправілі 39 мільёнаў долараў, а год таму за гэты ж перыяд — 34 мільёны. Сярэдняя сума пераводу сёлета склала 333,72 долара (год таму — 299,86 долара).

Колькасць беларусаў, якія працуюць за мяжой, расце. У 2014 годзе за межамі краіны працавалі 62,2 тысячы чалавек, а ў 2017-м — 83 тысячы (з іх 83,9% — у Расіі). 

euroradio.fm паводле tut.by