Беларусы Аўстрыі: Калі б мы нічога не зрабілі, то не даравалі б сабе

Перадвыбарчыя падзеі і гвалт пасля 9 жніўня 2020 года запусцілі надзвычайныя працэсы не толькі ў Беларусі. Ва ўсім свеце пачалі арганізоўвацца новыя і актывізавацца старыя супольнасці. Мы пагутарылі з беларусамі Аўстрыі пра тое, як яны не даюць палёгкі аўстрыйскаму ўраду і трымаюць сваю радзіму на парадку працы тамтэйшых СМІ.

Удзельнікі нашай размовы маюць сваякоў і родных у Беларусі, таму, каб пазбегнуць ціску на іх і пераследу, мы не агучваем прозвішчы актывістаў.


Вольга: Я восем гадоў пражыла ў Аўстрыі і нікога не ведала

Для спадарыні Вольгі гісторыя яднання з супольнасцю пачалася яшчэ ў траўні, калі перадвыбарчыя падзеі на радзіме пачалі ўжо віраваць сур’ёзна.

«У траўні пачаліся тут нейкія першыя званочкі, а ў ліпені, роўна год таму, мы ўсе нарэшце сустрэліся. Я далучылася да супольнасці, знайшла нашых беларусаў у Аўстрыі. Восем гадоў пражыла тут і не ведала зусім нікога. Увогуле думала, што я тут – адна беларуска і больш нікога няма. Тады гэта былі такія жудасныя эмоцыі, што немагчыма перадаць словамі. Жыццё спынілася, парвалася – проста камок стрэсу і жаху. Калі я знайшла беларусаў, то адразу ўключылася ў працэс», – узгадвае спадарыня.


01-photo_2021-07-11-07.jpg

Акцыя ў Вене ў межах «Global day of Solidarity with Belarus». Фота прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»



Яна мяркуе, што для беларусаў Аўстрыі акцыі – гэта іхны канёк. За год яны зладзілі больш за 30 пікетаў, мітынгаў, перформансаў і выставаў. Мінулым летам і восенню яны збіраліся кожныя выходныя і вельмі старана рыхтаваліся да кожнага выхаду. Акрамя таго, супольнасць звярталася ў міжнародныя ўстановы:

«Мы пісалі лісты ці петыцыі ў ААН, АБСЕ, Amnesty International, усім уладам Аўстрыі, у Еўрапарламент, у прынцыпе, ва ўсе ўстановы, якія хоць неяк маглі паўплываць на падзеі ў Беларусі. Мы актыўна супрацоўнічалі з BySol, калі ішлі перамовы наконт Алімпіяды. Падпісваліся ўсе, акцыі праходзілі вельмі яскрава, эмацыйна і прываблівалі шмат увагі».

Вольга падкрэсліла, што былі розныя сітуацыі, але пераважна мінакі выказвалі спачуванне ці ўключаліся ў працэс. На акцыі салідарнасці з беларускімі жанчынамі адбылася шчымлівая гісторыя:

«Аднойчы да нас падышла жанчына, такая імпазантная, прыгожая. І казала, што ведае нас, ведае беларускіх жанчын, што гатовая падпісаць усё, што мы ёй дамо падпісаць, што яна нас любіць і яна за нас. Гэта было так сентыментальна. Маладыя дзяўчаты з Расеі рыдалі на нашых акцыях, казалі, што хацелі б, каб у іх так было, але гэта вельмі складана».


Аўстрыйская суполка зладзіла экзітпол на выбарах у пасольстве. Да гэтай падзеі таксама сур’ёзна рыхтаваліся.

«Усе прыходзілі да пасольства з бранзалетамі, у нашай «уніформе» чырвона-белай. Паказвалі назіральнікам свае галасы. Паводле чутак ведаем, што працаўнікі пасольства калаціліся ад страху, не ведалі, што з намі рабіць. Мы дзяжурылі пад пасольствам да 12-й гадзіны ночы і нам вывесілі вынікі, паводле якіх перамагла Ціханоўская. Лічбы ў пратаколе не сышліся з дадзенымі незалежных назіральнікаў, але ўсё адно гэта была неймаверная радасць», – узгадвае Вольга.

Яна распавяла, што беларуская суполка намагалася максімальна дапамагчы студэнтам, але праз тое, што ў Аўстрыі асноўная мова нямецкая і ў прынцыпе краіна дарагая, атрымалася перавезці лічаных людзей: «Мы гатовыя былі аддаць ім усе свае рэсурсы, толькі б дапамагчы, але людзі пераважна ехалі ў краіны з англійскай мовай, або туды, дзе давалі гранты і спрашчалі ўмовы на атрыманне адукацыі».

Удзельнікі суполкі ладзілі падарункі для дзетак уцекачоў у Польшчы і Літве.

«Гэта была такая падзея, як мы ўзгаднялі, набывалі, запакоўвалі рэчы і цацкі. Таксама мы дапамагалі рэлакантам, бралі пад патранаж горад Лодзь, там шмат нашых, і розныя ўстановы і людзі складаліся, каб фінансава падтрымаць рэлакантаў. Яшчэ мы дапамагаем валанцёрам, бо да іх звяртаюцца людзі ў цяжкім стане і ім самім таксама патрэбны клопат. І мы былі б радыя сустрэцца з рэлакантамі, зладзіць летнік для дзетак, каб яны маглі прыехаць і выдыхнуць», – падкрэсліла актывістка.

Яна папрасіла перадаць землякам у краіне, што суполка будзе працягваць змагацца:

«У нас рукі не апусцяцца і мы будзем рабіць усё магчымае. Мы з вамі да канца, да перамогі».

Міхась: Беларускай тусоўкі тут не было ніколі

Спадар Міхась у Аўстрыі жыве даўно. Ён адзначыў, што беларуская суполка там зусім маладая, а згуртавала людзей супольнае гора:

«Беларускай тусоўкі тут не было ніколі. Як творчы чалавек я ўвесь час задаваўся пытаннем, чаго беларусам не стае. А мінулым летам мне пазваніў сябра і сказаў, што калі мы зараз нічога не зробім, то потым сабе гэтага не даруем», – узгадвае Міхась.

Яны не ведалі тады, як арганізоўваць і ладзіць акцыі, але праз кароткі час ужо збіралі багата людзей.

«Нас было чатыры асобы: нехта займаўся юрыдычнай арганізацыяй імпрэзы, нехта – сацсеткамі, нехта – графікай і плакатамі, нехта выбудоўваў кантакты з прэсай і палітыкамі. 27 чэрвеня адбылася першая і самая шматлікая акцыя ў Аўстрыі за час існавання незалежнай Беларусі», – распавёў Міхась.

Потым быў экзітпол, які перарос у супольнасць «Беларусы замежжа», з’явіліся адмысловыя групы па супрацы з палітыкамі, СМІ і іншыя, бо да суполкі далучалася ўсё больш людзей з рознымі экспертнымі ведамі.

Міхась адзначыў, што стварэнне беларускай суполкі не заўжды ідзе лёгка і ў людзей адбываюцца непаразуменні: «Але працэс ідзе і мы дасягнулі бачных поспехаў, якія ўзмацняюцца штомесяц. І змаганне працягваецца».


04-photo_2021-07-11-07.jpg

Акцыі беларускай дыяспары ў Аўстрыі. Фота прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»



Яўген: «Ёсць і псіхалагічная падтрымка для беларусаў у Беларусі»

Спадар Яўген актыўна ўдзельнічае ў праектах медычнай рэабілітацыі ўцекачоў. Ён распавёў, што агульнымі высілкамі пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы могуць атрымаць дапамогу:

«Нашыя хлопцы – беларусы Аўстрыі – бралі актыўны ўдзел у стварэнні праекту «eЗдароўе». Праект пачаў буйна развівацца апошнім часам і была праведзеная вялікая праца з клінікамі тут у Аўстрыі, каб дапамога была спонсарскай і бясплатнай для пацярпелых. Адно што Аўстрыя – гэта не першая краіна, куды трапляюць уцекачы. У асноўным людзі застаюцца ў Польшчы і Чэхіі. Але некалькі чалавек ёсць тут, каму даецца дапамога», – распавёў актывіст.

Са словаў Яўгена, таксама ў межах гэтага праекту ёсць псіхалагічная дапамога для людзей у Беларусі і за яе межамі.

«Праз тое, што праект онлайнавы, тутэйшыя аўстрыйскія лекары дапамагаюць людзям у Чэхіі і іншых краінах, ці кансультуюць медыкаў з Польшчы і Літвы», – падкрэсліў спадар.

Ён адзначыў, што беларусы Аўстрыі дапамагаюць суайчыннікам не толькі ў межах вялікіх праектаў, а і з прыватнай ініцыятывы:

«Незалежна ад таго, як грамадская праца ідзе, шмат хто дапамагае ўцекачам наўпрост, кансультуе і падтрымлівае. Большасць людзей адчувае сваё дачыненне да цяперашняй сітуацыі, яны любяць сваю родную краіну, хвалююцца за сваіх знаёмых і сяброў».



Юлія: «Я паказвала БЧБ-пасцілу і людзі не верылі, што за гэта садзяць у турму»

Спадарыня Юлія распавяла, што пасля 9 жніўня мінулага году актывісты сталі шукаць выхады на палітыкаў:

«Даволі хутка атрымалася выйсці на тых, хто адказвае за правы чалавека. Мы цяпер у кантакце са спікерамі чатырох асноўных палітычных партыяў – яны на жывой сувязі і заўжды падтрымліваюць, калі ёсць нейкае пытанне. Калі ў Менску пасадзілі самалёт з Пратасевічам, беларусы яшчэ самі асэнсоўвалі, што адбылося, а аўстрыйскія палітыкі нам пісалі, што ўжо зарэгістравалі акцыю. Палітычныя дзеячы, віцэ-мэр, амбасадары, грамадскія дзеячы – яны стаялі ў чарзе да мікрафонаў, каб выказаць сваю пазіцыю. Я такога ніколі не бачыла», – распавяла актывістка.

Тамтэйшыя беларусы вельмі аператыўна рэагуюць на ўсе падзеі. Калі Аўстрыя збіралася заблакаваць чацвёрты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, Народная амбасада тут жа зладзіла незвычайны мітынг.

«Увечары з’явілася інфармацыя, што ў санкцыях Аўстрыя цісне на тормаз. А тут забаронена ладзіць незарэгістраваныя акцыі. Прынцып заяўны, то бок не могуць не даць дазволу, але трэба два дні на рэгістрацыю. Тады мы вырашылі ладзіць адзіночны пікет. За ноч малюем плакаты і ў 8:30 першыя дзве асобы стаялі каля Міністэрства замежных справаў», – узгадала Юлія.

У той дзень беларусы змянялі адно аднаго кожную гадзіну і працягвалі свой пікет 10 гадзінаў! Палітыкі прыязна рэагавалі на гэтую акцыю, падтрымлівалі ўдзельнікаў і казалі, што падзяляюць іхную заклапочанасць. А пятай гадзіне аўстрыйскі ўрад заявіў, што не будзе замінаць увядзенню санкцыяў.

Яшчэ выбітнай падзеяю для аўстрыйцаў стаў мітынг, на які Юлія прынесла мех белай пасцілы з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Яна паказвала і раздавала мінакам прысмакі, а потым тлумачыла, што ў Беларусі нават за такое можна атрымаць штраф ці арышт:

«Людзі проста не маглі паверыць, што за пасцілу можа быць пакаранне. Па пасцілу падыходзілі палітыкі, выкладалі з ёй фота. Яны глыбока прасякаліся гісторыяй, пра гэта і ў медыях пісалі пасля. Бо атрымалася на відавочнай рэчы паказаць аўстрыйцам, наколькі страшныя падзеі адбываюцца ў Беларусі».

Актывісты кожны месяць рыхтуюць дайджэст падзеяў у Беларусі паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» і дасылаюць інфармацыю палітыкам і прэсе, каб беларускае пытанне не заціхала.

«Акрамя таго, Народная амбасада працуе над аб’яднаннем беларусаў. У нас з’явіўся свой хор «Сольныя гукі». Падчас лакдаўну тут не забаранялі палітычных акцыяў і наведвання храмаў. І вось у найпрыгажэйшай каляднай Вене нам дазволілі паспяваць у касцёле, уключылі ялінкі, і мы заспявалі «Ціхую ноч» і «Магутны Божа». Гэта было чароўна. Яшчэ мы ўдзельнічалі ў танцавальным чэленджы і зрабілі мабільную выставу пратэставых малюнкаў», – пералічвае толькі частку дасягненняў супольнасці Юлія.

Да гэтага ў Вене прайшла выстава аб стачачным руху ў Беларусі, значнымі падзеямі стаў пачатак пракату фільму «Кураж» і сустрэча з літаратарамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай. Возьме суполка ўдзел і ў Тыдні культуры Беларусі: будзе прэзентацыя беларускіх арнаментаў, выяўленчага мастацтва ды іншых цікавінак.

«Мы паказваем і распавядаем усім, якія беларусы цікавыя людзі, колькі ў іх ёсць багацця. Мы робім падзеі, імпрэзы, паўдзельнічалі ў марафоне. Робім усё, каб Беларусь не знікала з парадку дня і каб пра яе працягвалі гаварыць», – адзначыла Юлія.


МГМ, „Белсат“