Беларускія выдаўцы завіталі ў госці да Барыса Кіта – аднога з найвядомейшых беларусаў свету, якому ўвесну споўнілася 107 гадоў.
Барыс Кіт, выбітны навуковец і грамадскі дзеяч, вынаходнік ракетнага паліва, ганаровы прафесар многіх універсітэтаў і ганаровы сябра шматлкіх астранамічных аб’яднанняў, быў вельмі ўсцешаны і прасіў гасцёў затрымацца ў яго паболей – паскардзіўся на тое, што ў апошнія гады вельмі рэдка бачыцца з беларусамі.
Ад 1972 г. Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне, куды пераехаў з ЗША. На сёння ён з’яўляецца найстарэйшым жыхаром горада, і з гэтай нагоды яго незадоўга да прыходу гасцёў з Беларусі наведвалі мясцовыя журналісты, а яшчэ раней пашану выказаў бургамістр Франкфурта.
У свае 107 гадоў спадар Барыс Кіт захоўвае востры розум і добрую памяць, апрача чыстай беларускай вольна размаўляе яшчэ на некалькіх мовах.
Паводле матэрыялаў з фэйсбука Аляксандра Квіткевіча (“Беларуская Прастора”), Валера Булгакава (“ARCHE”) і Генадзя Вінярскага (“Кнігазбор”)